Таццяна Равяка: Па “справе Жамчужнага” ёсць яшчэ магчымасць звярнуцца ў апошнюю інстанцыю…”

14110101Палітвязень Міхаіл Жамчужны атрымаў адказ на наглядную скаргу, якую ў пачатку жніўня накіраваў у Вярхоўны суд. У адказе адзначаецца, што прысуд Жамчужнаму вынесены ў адпаведнасці з заканадаўствам.

“Мы, безумоўна, спадзяваліся, што Вярхоўны суд прыме станоўчае для Міхаіла рашэнне, – кажа праваабаронца Таццяна Равяка. – На жаль, так не адбылося. Але ёсць яшчэ магчымасць звярнуцца са скаргай у апошнюю інстанцыю – да старшыня Вярхоўнага суда…”

Нагадаем, асноўным  лейтматывам нагляднай скаргі было тое, што ў Законе “Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці” не прадугледжана паняцце “працягваемага аператыўнага эксперымента”. Адным словам, у адносінах да Міхаіла Жамчужнага прымяняліся дзеянні, якія не прадугледжваліся беларускім заканадаўствам. І, такім чынам, праваахоўнымі органамі былі штучна створаны ўмовы, якія правакавалі чалавека на аналагічныя дзеянні з мэтай далейшага стварэння доказаў здзяйснення больш цяжкіх злачынстваў.

Праваабаронцы спадзяваліся, што Вярхоўным судом будзе дадзена адпаведная ацэнка, улічваючы незаконныя дзеянні сілавікоў, грамадскі рэзананс “справы Жамчужнага” і прызнанне яго палітвязнем.

Але ў выніку ў адказе на скаргу палітвязня намеснік старшыні Вярхоўнага суда Руслан Аніскевіч адзначыў, што прысуд Міхаілу Жамчужнаму вынесены ў адпаведнасці з заканадаўствам. Суд касацыйнай інстанцыі, маўляў, дасканала праверыў довады скаргі асуджанага і дапаўненні да яе і ў выніку згадзіўся з вынесеным прысудам.

“Яшчэ ёсць магчымасць падаць скаргу на імя старшыні Вярхоўнага суда, – распавяла сайту palitviazni.info праваабаронца Таццяна Равяка. – І наглядная скарга ў Вярхоўны суд спачатку падавалася адмыслова, каб прайсці ўсе інстанцыі. Была інфармацыйная падтрымка дзеля таго, каб Вярхоўны суд зразумеў, што грамадства ў курсе таго, як ацэньваецца гэтая справа, што грамадства  мае сваю пазіцыю. Мы, безумоўна, спадзяваліся, што суд прыме станоўчае для нас рашэнне, але, на жаль, так не адбылося”.

“Справа Жамчужнага, як і любая іншая палітычная справа, палягае ў палітычнай плоскасці, – дадае праваабаронца. – Гэдак жа яны і вырашаюцца. Зараз складваецца сітуацыя, накіраваная на паляпшэння стасункаў Захаду з беларускімі ўладамі. Але ў гэтых стасунках тэма палітвязняў не вельмі моцна гучыць. Яно не стаіць у павестцы дня на першых месцах. Прынамсі, у публічнай прасторы гэтага няма. Беларускія ўлады гэта бачаць, а таму і няма ў іх жадання праяўляць палітычную волю, каб вырашыць пытанне з палітвязнямі”.

Нагадаем, заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алег Гнедчык
  • Яўген Скочка
  • Зьміцер Ус
  • Аляксандар Фядута
  • Ільля Васілевіч