Былы ўкраінскі палітвязень Мікалай Карпюк, які быў вызвалены ў межах вялікага абмена ў верасні гэтага году, распавёў у эксклюзіўным інтэрв’ю сайту palitviazni.info пра тое, праз якія выпрабаванні давялося прайсці яму ў расійскіх турмах.
“Калі ў СІЗА ў следчых не атрымалася выбіць з мяне прызнанне, на пятыя суткі кіраўнік следчай групы адкрытым тэкстам заявіў мне, што імі распрацаваны план скрадання майго сына, якому на той час не было яшчэ і дзевяці гадоў”, – кажа Мікалай.
З ДАВЕДКІ
Мікалай Карпюк на момант затрымання быў адным з кіраўніком забароненага ў Расіі “Правага сектара”.
Па версіі расійскага следства, Карпюк быў сябрам арганізацыі УНА-УНСО і напрыканцы 1994-пачатку 1995 года ваяваў супраць расійскіх федэральных сілаў у складзе узброеных фарміраванняў самаабвешчанай рэспублікі Ічкерыя.
Мікалай Карпюк знаходзіўся пад вартай з 21 сакавіка 2014 году, а фактычна пазбаўлены волі з 17 сакавіка 2014 году. 26 мая 2016 года Вярхоўны суд Чачні прыгаварыў яго да 22 гадоў і 6 месяцаў зняволення.
Праваабарончы цэнтр “Мемарыял”, які прааналізаваў матэрыялы справы, прыйшоў да высновы, што абвінавачванні супраць Мікалая Карпюка былі сфальсіфікаваны і супярэчаць рэальнай карціне падзей часоў першай і другой чачэнскіх войнаў. “Мемарыял” прызнаў Карпюка палітвязнем.
– Палітыкай я пачаў займацца з 1989 году, – распавядае Мікалай Карпюк. – Быў у розных грамадскіх аб’яднаннях, у тым ліку, затым уваходзіў ў УНА-УНСО – праварадыкальную ўкраінскую партыю.
Пасля путча ў Маскве ў 1991 годзе партыя часткова стала ваеннай структурай, якая займалася абаронай нацыянальных інтарэсаў краіны. Пры гэтым у структуры было шмат афіцэраў з былой савецкай арміі.
– Наколькі вядома, вам таксама давялося паўдзельнічаць ва ўзброеных канфліктах…
– У 1992 годзе я быў у Прыднястроўі, удзельнічаў у грузіна-абхазскім канфлікце. Шчыра кажучы, ніякай асаблівай вайсковай падрыхтоўкі не меў, але ў УНА-УНСО была свая сістэма падрыхтоўкі, там і атрымаў свае першыя ваенныя веды.
– Ехалі ў Прыднястроўе не з-за грошай?
– Ні ў Прыднястроўі, ні ў Абхазіі нам грошай не плацілі. Добраахвотна накіраваць свае атрады ў гэтыя рэгіёны – гэта было рашэнне арганізацыі. У першую чаргу мы разумелі, што адстойваем нацыянальныя інтарэсы.
– А як вы патрапілі ў “Правы сектар”?
— “Правы сектар” пачаў фарміравацца падчас Майдана ў 2013-2014 гадах, ён пачынаўся з моладзевага пратэстнага руху. Калі Майдан закончыўся, “Правы сектар” набраў дастатковы аўтарытэт і падтрымку у нашым грамадстве, і ў хуткім часе пераўтварыўся ў палітычную партыю.
– Вы сталі адным з першых украінскіх палітвязняў, пад вартай у Расіі знаходзіліся з 21 сакавіка 2014 году. Як усё адбывалася?
– Пасля таго, як быў праведзены крымскі рэферэндум, я павінен быў ехаць у Маскву для перамоў з некаторымі афіцыйнымі асобамі з атачэння расійскага прэзідэнта аб магчымай адмене рэферэндума.
Мы ехалі ў Расію на машыне, і калі прыехалі на ўкраінска-расійскую мяжу, там мяне ўжо чакалі. Мяркую, такім чынам проста падставілі.
— На мяжы арыштавалі?
— Так, і адразу адвезлі ў Бранск, у абласное ўпраўленне ФСБ. Адтуль ужо накіравалі на мікрааўтобусе ў Есентукі, дзе кіраўнік следчай групы ў ноч з 20 на 21 сакавіка аб’явіў, што мяне падазраюць у тым, што напрыканцы 1994-пачатку 1995 года я ваяваў супраць расійскіх федэральных сілаў у складзе узброеных фарміраванняў самаабвешчанай рэспублікі Ічкерыя. Гэта ўсё было сфальсіфікавана, бо у ФСБ дакладна ведалі, што мяне ў Чачні не было.
Далей мне накінулі на галаву мех, абкруцілі галаву нечым і павезлі далей – ужо ў Уладзікаўказ. Хаця пра тое, дзе я апынуўся, даведаўся толькі 20 красавіка.
Там у ізалятары часовага ўтрымання я знаходзіўся адзін, першыя чатыры дні мяне выводзілі з мехам на галаве і катавалі. У тым ліку, і электрычным токам. Не давалі спаць, пяць сутак трымалі ў клетцы памерам метр на метр. Калі ў іх не атрымалася адразу выбіць з мяне прызнанне, на пятыя суткі кіраўнік следчай групы адкрытым тэкстам заявіў мне, што імі распрацаваны план скрадання майго сына, якому на той час не было яшчэ і дзевяці гадоў.
Мне падрабязна распісалі план захопу сына ў Кіеве, і я тады сказаў: “Не чапайце сям’ю, я падпішу тое, што вам патрэбна”.
У далейшым я быў практычна ў поўнай ізаляцыі, да мяне не дапускалі ні адвакатаў, ні консула.
– 26 мая 2016 года Вярхоўны суд Чачні вынес прысуд вам (22 гады і 6 месяцаў зняволення) і Станіславу Клыху (20 гадоў)…
– Клыха арыштавалі пазней, але абвінавачванні яму прад’яўляліся практычна тыя ж, што і мне. Станіслаў пазнаёміўся з дзяўчынай і ў жніўні 2014 году паехаў да яе ў расійскі горад Арол у госці. Там яго і арыштывалі.
Станіслаў Клых таксама быў у маладыя гады сябрам УНА-УНСО. Мае дзве вышэйшыя адукацыі, працаваў выкладчыкам у Нацыянальным траспартным універсітэце ў Кіеве. І магу вам кампетэнтна сказаць, што гэты чалавек не толькі не прымаў удзел у Чачэнскай вайне, а наогул быў далёкі ад ваеннай справы.
– Мікалай, ці быў у вас адвакат, пакуль ішло разбіральніцтва?
– Жонка знаходзіла адвакатаў, але мне прыносілі на подпіс заявы, што я быццам бы адмаўляюся ад іх паслуг.
Калі ж следства закончылася, і я ўпэўніўся, што маю сям’ю не чапалі, то сказаў, што на судзе я ўсё роўна буду казаць праўду, а не тое, што мне загадалі казаць. Хаця і разумеў, што расійскі суд не прыме да ўвагі мае паказанні.
– На вас даў паказанні Аляксандр Малафееў – былы сябра УНА-УНСО. Як так сталася?
– Па-першае, Малафееў – гэта чалавек, які да нашай арганізаці і палітыкі па сутнасці не меў ніякага дачынення. У яго было дзве судзімасці, ён ужываў нароктыкі.
Калі ўзніклі праблемы асабістага характару, з’ехаў з Керчы да сваёй маці, якая жыла ў Навасібірску. Там здзейсніў забойства, быў асуджаны на 23 гады.
Вядома, што ў 2019 годзе, калі ён ужо адбываў пакаранне, да яго ў калонію прыехалі супрацоўнікі ФСБ і пачалі катаваць. Малафееў даў згоду на супрацоўніцтва. Нават пагадзіўся, што ўдзельнічаў у Чачэнскай вайне ў лютым 2000 году, хаця ў той час знаходзіўся ў калоніі.
І вось гэты Аляксандр Малафееў быў галоўным сведкам, які даваў паказанні супраць мяне. Але ў Расіі закона не існуе. Як сказаў мне кіраўнік следчай групы, якая мяне катавала: “Ты патрапіў у Расійскую Федэрацыю. Тут няма правоў чалавека. Тут і чалавека як такога не існуе”. І гэты следчы не маніў.
– Для сябе вы адказалі на пытанні: чаму вас арыштавалі і судзілі?
– Гэта была распрацоўка спецслужбаў па ліквідацыі “Правага сектара”, як моцнай палітычнай сілы. Гэта было патрэбна і Расіі, і некаторым палітычным сілам ва Украіне.
– У Расіі вы адбывалі пакаранне ў знакамітым Уладзімірскім цэнтрале…
– Там я прасядзеў 2 гады і 7 месяцаў. І хачу сказаць, што ў турме былі дастаткова чыстыя камеры, турэмны персанал таксама гуманна ставіўся да вязняў, не было нейкіх асаблівых “наездаў”. За той час, што сядзеў там, не бачыў і не чуў, каб не толькі на мяне, але і на астатніх арыштантаў нехта павышаў голас. Хаця, натуральна, любая турма – гэта не санаторый.
Я быў знаёмы з начальнікам гэтай турмы, некалькі разоў з ім размаўляў. І, шчыра скажу, у мяне склалася пра яго дастаткова добрае ўражанне.
– З лістамі на волю і з волі былі праблемы?
– Цэнзура, безумоўна, была, бо, напрыклад, мне пісалі лісты на ўкраінскай мове, а я іх не атрымліваў. На капэртах так і пісалі, што ліст знаходзіцца ў асабістых рэчах, бо напісаны на ўкріанскай мове.
Але была іншая праблема. Пошта Расіі вельмі дрэнна працуе, бо лісты знікалі, перадача магла ісці і два, і тры месяцы.
– Але падтрымку адчувалі?
– Мне пісала вельмі шмат людзей. Я атрымліваў лісты не толькі з Украіны, але яшчэ з 17 краін свету. Пісалі з Еўропы, з Амерыкі, каля дзесяці чалавек – з Беларусі.
– Вы атрымалі прысуд – больш за 22 гады зняволення, калі вам быў 51 год. Мабыць, ужо не верылі, што можаце апынуцца на волі?
– Яшчэ ў 2014 годзе, калі мяне арыштавалі, пасля працяглых гутарак з расійскімі сілавікамі, я зразумеў, што, хутчэй за ўсё, тут я і застануся да канца жыцця. Таму, якое будзе рашэнне суда, мяне асабліва і не цікавіла.
І тады я стварыў свой уласны свет, у якім жыў. Мяне абсалютна не цікавіла, што адбываецца наўкол, я знаходзіўся ў сваім свеце і, шчыра вам скажу, апошнім часам працаваў над тым, каб ажыццявіць пераход у лепшы свет.
– Была магчымасць сачыць за тым, што адбываецца на палітычным полі ў той жа Расіі, Украіне?
– У мяне была сур’ёзная інфармацыйная ізаляцыя. Адзіная крыніца інфармацыі – газеты і часопісы, якія я выпісваў, а таксама тыя лісты, якія даходзілі. Пэўны час можна было глядзець і тэлебачанне, але апошні год тэлевізар у мяне ў камеры не працаваў.
Чым займаў сябе? Адказваў на лісты, займаўся медытацыяй, чытаў кнігі, бо бібліятэка была дастаткова якасная..
– Разглядалі варыянт, што вас, як як палітвязня, могуць вызваліць раней часу?
– Не, я ў гэта не верыў. У ноч з 15 на 16 жніўня гэтага году мне сказалі, каб збіраўся з рэчамі, і я запытаў: “На этап?” — “Не”.
Пазней высвятлілася, што нават супрацоўнікі Уладзімірскай турмы не ведалі, куды нас накіроўваюць. Калі прывезлі ў СІЗА “Лефортава” ў Маскву, адзін з начальнікаў ізалятара патлумачыў мне, што ў хуткім часе будзе абмен палоннымі.
Але я да апошняга не быў упэўнены, што гэты абмен адбудзецца. І ўпэўніўся ў гэтым толькі тады, калі ўжо патрапіў на борт украінскага самалёта. Толькі там я адчуў сябе вольным чалавекам.
– Як сустрэлі на Радзіме?
– У аэрапорце быў вельмі цёплы прыём. І калі выйшаў з самалёта на трап, то, шчыра вам скажу, проста ап’янеў. Далей усё – як у тумане. Памятаю, што падыйшоў да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, падзякаваў яму, а затым на нейкім аўтапілоце схаваўся пад фезюляжам самалёта, а прыйшоў у сябе толькі ля сценкі тэрмінала.
Усё тое, што адбывалася да гэтага са мной, было моцным псіхалагічным стрэсам, а таму прыйшоў у сябе не адразу. Аднак, як кажуць, усё добра, што добра закончылася.
– Чым вы зараз займаецеся?
– Найперш займаюся тым, што аднаўляю здароўе, бо не кожны арганізм вытрымае такія выпрабаванні. Але паступова ўваходжу ў сутнасць тых працэсаў, што адбываюцца ва Украіне і вызначыў для сябе пэўныя накірункі, якімі можна займацца. А пакуль, як ужо казаў, на першым месцы – здароўе.
palitviazni.info
Фота: palitviazni.info