Андрэй Пачобут

Нарадзіўся 16 красавіка 1973 году ў мястэчку Вялікая Бераставіца на Берасьцейшчыне. Журналіст, публіцыст і блогер, актывіст “Саюзу Палякаў на Беларусі” (СПБ). Працаваў у гарадзенскіх газетах “Пагоня”, “Дзень”, “Мясцовы час”, польскамоўнай  “Glos z-nad Niemna”, быў карэспандэнтам менскай незалежнай газеты “Народная Воля”. Займаў пасаду галоўнага рэдактара “Magazynu Polskiego na uchodźstwie” — часопісу СПБ. Зьяўляецца актыўным сябрам СПБ, да якога належыць з пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Заўжды выказваўся аб неабходнасьці утрыманьня незалежнасьці арганізацыі ў межах беларускага заканадаўства. Зараз займае пасаду кіраўніка Галоўнага Савету СПБ, які не прызнаецца беларускімі ўладамі.

За грамадзка-палітычную і журналісцкую дзейнасьць Андрэя Пачобута неаднаразова затрымлівалі, каралі штрафам, а таксама адміністрацыйным арыштам.

З 2006 г. зьяўляецца карэспандэнтам буйнога польскага выданьня “Gazeta Wyborcza” ў Беларусі.

Належыць да апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі, якога неаднаразова крытыкаваў у сваіх артыкулах.

Зьяўляецца экспэртам у справах, зьвязаных з гісторыяй спэцслужбаў СССР і польскага антысавецкага ўзброенага супраціву на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Храналогія перасьледу

Асьвятляў падзеі ў Менску 19 сьнежня 2010 г., за гэта быў асуджаны судзьдзёй Кастрычніцкага суду Менску Натальляй Пратасавіцкай на 15 сутак арышту. Гэта быў ужо другі прысуд журналісту па адной і той жа справе – нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай дэманстрацыі. Першы раз Пачобута аштрафавалі на 1 млн. 750 тыс. рублёў, але пракуратура апратэставала пастанову суда як занадта мяккую.

18 сакавіка 2011 г. Гарадзенская абласная пракуратура ўзбудзіла справу супраць Андрэя Пачобута за абразу Прэзыдэнта Беларусі (частка 1 артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу РБ). 6 красавіка 2011 г. Андрэй Пачобут быў затрыманы, калі ён накіроўваўся ў Менск для ўдзелу у тэлемасьце з прадстаўнікамі Эўрапарлямэнту. Першапачаткова быў затрыманы на 72 гадзіны, аднак пазьней быў ўзяты пад варту на два месяцы. На працягу ўсяго тэрміну журналіст утрымліваўся ў сьледчым ізалятары Гарадзенскай турмы. Супраць яго была ўзбуджаная яшчэ адна крымінальная справа — за паклёп на Аляксандра Лукашэнку (частка 1 артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу РБ).

Сьледзтва па справе супраць журналіста “Gazeta Wyborcza” Андрэя Пачобута праводзіла Гарадзенская абласная пракуратура. Усе ягоныя хадайніцтвы, якія ён падаў пасьля азнаямленьня з матэрыяламі справы, былі адхіленыя. Ён прасіў спыніць крымінальную справу праз адсутнасьць складу злачынства, запрасіць у суд “пацярпелага” Аляксандра Лукашэнку і Лідзію Ярмошыну — як сьведак. Журналіст таксама прасіў далучыць да справы адмову ў акрэдытацыі, якую ён атрымаў летась зь Міністэрства замежных справаў Беларусі, і тэксты інтэрвію Лукашэнкі ўкраінскім (за 2008 г.) і расейскім (за 2010 г.) СМІ са словамі пра “фальсыфікацыю выбараў”.

Працэс пачаўся 14 чэрвеня ў судзе Ленінскіга раёну Гародні, праходзіў зь перапынкамі і неаднаразова перарываўся. Суд праходзіў ў закрытым рэжыме.

5 ліпеня 2011 г. А. Пачобут быў асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады. Суд апраўдаў журналіста па артыкуле “Абраза Прэзыдэнта РБ”, але прызнаў вінаватым у паклёпе.

21 чэрвеня 2012 г. быў арыштаваны дома ў Гародні, супраць яго заведзеная крымінальная справа па артыкуле “Паклёп на Прэзыдэнта”. Падставай сталі нататкі Андрэя ў блёгу і ягоныя артыкулы на сайтах “Хартыя-97” і “Беларускі партызан”.

30 чэрвеня Андрэй Пачобут быў вызвалены пад падпіску аб нявыезьдзе.

15 сакавіка 2013 г. другая крымінальная справа супраць журналіста была закрытая за адсутнасьцю складу злачынства.

23 верасьня 2013 г. ён быў вызвалены ад адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай па першай справе. Вызваленьне адбылося пасьля таго, як скончыўся тэрмін двухгадовай адтэрміноўкі.