Украінскія палітвязні. Уладзімір Балух: Я на сваёй зямлі, а вы – акупанты

Уладзімір Балух – карэнны крымчанін, грамадскі актывіст, фермер. У 2014 годзе, пасля анэксіі Крыма, адмовіўся ад расійскага грамадзянства.

Зімой 2013 года Балух вывесіў сцяг Украіны на сваім доме ў вёсцы Серабранка, пазней замацаваў на ёй шыльдачку “Вуліца Героеў Нябеснай Сотні”…

Напрыканцы 2016 года Уладзіміра Балуха затрымалі супрацоўнікі ФСБ Расіі. Яны сцвярджалі, што ў доме Балуха знайшлі патроны і трацілавыя шашкі. Падкантрольны Расіі суд у Крыме прыгаварыў яго да 5 гадоў зняволення.

У прысудзе было сказана, што Балух здзесніў злачынства ў сувязі з “непрыязнасцю да дзеючай сістэмы”. Праваабарончы цэнтр “Мемарыял” прызнаў Уладзіміра Балуха палітычным вязнем.

У знак пратэста Уладзімір галадаў больш за 200 дзён, а не так даўно стала вядома, што ў яго ў расійскай калоніі пагоршылася здароўе. Пра гэта адваката Вольга Дзінзе паведаміла Крымскай праваабарончай групе, інфармуе qha.com.ua.

Адвакат сцвярджала, што у Балуха баляць ныркі, а таксама ўзмацнілася ацёчнасць. Аднак незалежнага ўрача і псіхолага, пра допуск якіх раней заяўляў Уладзімір, да яго ў калонію да гэтага часу не дапускаюць. Таксама немагчыма было перадаць Уладзіміру Балуху усе неабходныя пасля галадання прадукты. Іх перадача вельмі абмяжоўвалася з-за таго, што ўкраінца перавялі ў памяшканне адкрытага тыпу (адзіночную камеру). Адміністрацыя калоніі паведаміла, што Балух пераведзены за “злоснае парушэнне ўстаноўленага парадка”.

“Мы працягваем хадайнічаць пра допуск спецыялістаў, а менавіта – урача і псіхолага. А таксама высвятляем абставіны, звязаныя з грамадзянствам Балуха”, – дадала Вольга Дзінзе.

Дарэчы, Уладзімір Балух адчувае падтрымку грамадскасці на волі. Не так даўно вышывальшчыцы з Цярнопальшчыны зрабілі яму кашулю-абярэг, і за эскіз узялі старадаўнюю баршчэўскую мужчынскую вышыўку.

Кашулю перадалі кіеўскім валанцёрам, якія пердалі яе ў калонію палітычнаму зняволенаму.

Уладзімір Балух – адзін з 23 грамадзян Украіны, якія ўваходзяць у спіс для магчымага абмена на расійскіх грамадзян, якія ўтрымліваюцца ва ўкраінскіх турмах.

Прадстаўнік Украіны на трохбаковых перамовах па ўрэгуляванні канфлікта на Данбасе Ірына Герашчанка раней заявіла, што спіс быў перададзены расійскім прадстаўнікам у кантактнай групе вясной мінулага года, аднак канкрэтнай рэакцыі ўкраінскі бок не атрымаў.

МЗС Украіны і ЗША настойваюць на вызваленні Уладзіміра Балуха расійскімі ўладамі, якім у свой час сёняшні палітвязень сказаў так: “Я на сваёй зямлі, а вы – акупанты”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Яўген Васьковіч
  • Тацяна Елавая
  • Аляксандар Шалайка
  • Уладзімер Лобан
  • Вячаслаў Сіўчык