Украінскія палітвязні. Раман Сушчанка. Журналіст, якога зрабілі “палкоўнікам”

Раман Сушчанка быў арыштаваны 30 верасня 2016 году ў Маскве, куды прыехаў, каб пабачыцца з блізкімі.

4 чэрвеня 2018 году Маскоўскі гарадскі суд асудзіў Сушчанка да 12 гадоў зняволення з адбыццём пакарання ў калоніі строгага рэжыму.

Раман Сушчанка — украінскі журналіст, карэспандэнт “Укрінфарм” у Францыі. ФСБ палічыла, што гэта – палкоўнік украінскай ваеннай разведкі, хаця ў Міністэрстве абароны Украіны катэгарычна адмаўляюць, што той працаваў пад журналісцкім прыкрыццем.

Спецслужбы Расіі, тым часам, абвясцілі, што Раман Сушчанка збіраў сакрэтныя звесткі пра дзейнасць Узброеных сілаў і Нацыянальнай гвардыі, у тым ліку спрабаваў высвятліць, ці магчыма новае наступленне на Марыупаль з боку так званай ДНР.

“Калі мужа затрымалі, яму далі нейкага адваката, – распавяла fakty.ua жонка журналіста Анжэла Сушчанка. – Той параіў: “Дайце ва ўсім прызнальныя паказанні, і вас праз год выпусцяць”. Муж на такое ніколі б не пайшоў. Рома быў вельмі прынцыповы чалавек. Раман спытаў адваката: “У чым я павінен прызнацца? У тым, што за тры дні павінен быў даведацца пра ўсе сакрэты расійскай арміі? Яго справа пад грыфам “сакрэтна” трымаецца толькі на паказаннях аднаго сведкі, і відавочна, што яе шылі белымі ніткамі”.

Са слоў Анжэлы Сушчанка, прысуд для блізкіх быў сапраўдным шокам.

“Адвакат на судзе прывёў шмат доказаў і фактаў, каб змягчыць прысуд: бацька Рамана памёр, маці хворая, у сям’і расце непаўнагадовае дзіця. Пракуроры прасілі 14 гадоў зняволення, але “добры” расійскі суд даў 12 гадоў. Яны лічаць, што ўлічылі ўсе абставіны. Рома вельмі перажываў, што не ўбачыць бацьку, з якім быў вельмі блізкі. Бацька яго памёр, а муж пісаў: “Тата, ты толькі дачакайся мяне”. Пра смерць бацькі яму паведаміў консул”.

Напачатку гэтага года, 8 лютага, Раман Сушчанка адзначыў у калоніі сваё 50-годдзе, і да гэтай даты яго наведаў грамадскі абаронца Марк Фейгін. Ён перадаў журналісту віншаванні ад калег, сяброў і блізкіх, а ў адказ атрымаў добрую навіну аб паляпшэнні бытавых умоваў у калоніі.

Па словах Фейгіна, Сушчанка зараз знаходзіцца ў бяспечным месцы і нават можа тэлефанаваць.

“Раману перадалі пэндзлі і фарбы для малявання, так што зараз ён зможа займацца любімай справай, – дадаў адвакат. – Сушчанка выпісвае прэсу, якая ёсць у калоніі – “Новую газету” і “Камерсант”.

Выставы работ Сушчанкі былі запланаваны ў Варшаве і Парыжы, а ў Кіеве на сустрэчы “Дзень нараджэння Рамана Сушчанкі” прысутным паказалі апошнюю работу палітвязня – карціну “Сафіеўскі сабор”. Дарэчы, дачка Рамана Юлія перадал гэтую карціну мітрапаліту Епіфанію і распавяла, што яна зроблена з дапамогай пастэлі і асадкі.

Хутка споўніцца ўжо тры гады з таго часу, як украінскі журналіст знаходзіцца ў расійскім палоне. Калі Раману Сушчанку не зменяць тэрмін пакарання, то палітвязень выйдзе на волю толькі ў 2028 годзе. На момант вызвалення яму будзе 60 гадоў.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Анатоль Букас
  • Арцём Дубскі
  • Мечыслаў Яськевіч
  • Уладзімер Хамічэнка