Павел Грыб: Прашэнне аб памілаванні я адмовіўся пісаць…

Украінец Павел Грыб, якога расійскія спецслужбы выкралі з Беларусі ў 2017 годзе, а затым хлопца асудзілі да шасці гадоў зняволення ў расійскай турме, таксама аказаўся ў спісе тых, хто патрапіў пад абмен вязнямі.

“Два гады і два тыдні я чакаў гэтага абмена”, – прызнаўся Павел, калі апынуўся на волі.

Нагадаем, што 20-гадовы ўкраінец Павел Грыб знік пасля перасячэння ўкраінска-беларускай мяжы 24 жніўня 2017 года.

Ён накіроўваўся ў Гомель на сустрэчу з Таццянай Яршовай (у інтэрв’ю журналістам яна прызналася, што сустрэча адбылася з ініцыятывы ФСБ).

МУС Беларусі тады паведаміла, што не затрымлівала Грыба, а 7 верасня высветлілася, што Павел Грыб знаходзіцца ў расійскім СІЗА ФСБ у Краснадары. Расійскія сілавікі сцвярджаюць, што затрымлівалі хлопца ў Смаленскай вобласці.

Пазней Паўночна-Каўказскі акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне прызнаў вінаватым Паўла Грыба быццам бы ў закліках да тэрарызму і схілення да тэракту, прысудзіўшы яго да 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму

 «Я ўвесь час ведаў, што абмен палоннымі адбудзецца. Не на 100 працэнтаў ведаў, але ніякіх прычын, каб гэтага не адбылося, не было. Два гады і два тыдні чакаў абмена. Я ўжо рыхтаваўся да этапа ў калонію, а замест гэтага патрапіў у Маскву, у СІЗА-2” – распавёў Грыб unian.net.

Хлопец адзначыў, што ў Маскву яго перавезлі яшчэ 16 жніўня і прасілі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся. Пасля гэтага яго адправілі ў адзіночную камеру, не далі мыла, не дазволі пераапрануцца.

«Было радыё, але я не мог зразумець, як яго ўключаць, — дадае Павел. – Ціснуў на кнопку,а трэба было дадаць гуку. Кнігу на наступны дзень далі, фантастыку, “Метро2033”. Затым былі яшчэ кнігі, не было чым заняцца, таму пачаў маляваць, каб падарыць малюнкі сябрам, калі вярнуся”.

Праз тры тыдні палітвязня паднялі ноччу і сказалі, каб збіраў рэчы. У гэты час ён пачуў, як людзі пераклікаюцца “Слава Украіне!”

У калідоры было шмат ахоўнікаў са сцягамі ФСБ, Павел Грыб падумаў, што зараз іх пачнуць збіваць.

«Нас было 35 чалавек, іх – больш за сорак. Чакалі, чакалі, чакалі… Павялі ў аўтобус, там ужо быў Алег Сянцоў. Я зайшоў, крыкнуў: “Слава Украіне!” Усе адказалі. Канвою было ўсё да лямпачкі. Ехалі ў аэрапорт ля Крамля, затым пасадзілі ў самалёт…”

Павел Грыб кажа, што зараз ён хоча проста адпачыць. А далей час пакажа…

palitviazni.info

Фота: fakty.ua

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Юры Казак
  • Уладзімер Кобец
  • Юрый Лявонаў
  • Андрэй Рамашэўскі