Уладзімер Кобец

Нарадзіўся 7 лістапада 1971 г. у Слоніме. Пасьля школы ў 1989 г. скончыў БДУ па спэцыяльнасьці “географ-эколяг”. Дзеючы сябра Беларускага геаграфічнага таварыства. Мае два дыпломы дыстанцыйных курсаў швэдзкага ўнівэрсытэту Упсала – “Народанасельніцтва Балтыі” і “Навакольнае асяродзьдзе рэгіёну Балтыйскага мора”. Быў накіраваны на працу ў Менскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. У 1999 годзе пераведзены ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.

У 2000 г. з адзнакай скончыў Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь па спэцыяльнасьці “мэнэджэр-эканаміст”. У тым жа годзе пакінуў дзяржаўную службу і стаў адным з заснавальнікаў і каардынатараў руху “Зубр”. Узнагароджаны мэдалём МЗС Славаччыны “За пэрсанальны ўнёсак у разьвіцьцё дэмакратыі і грамадзянскай супольнасьці”. Удзельнік першага Форуму грамадзянскай супольнасьці “Усходняга партнэрства” ў Брусэлі ў 2009 г.

Падчас выбараў 2010 г. — кіраўнік ініцыятыўнай групы кандыдата ў Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Андрэя Саньнікава.

Храналёгія перасьледу

Затрыманы апэратыўнікамі КДБ праз два дні пасьля Плошчы — у 15.30 21 сьнежня 2010 г. Прад’яўлена абвінавачаньне па 1 і 2 частках артыкулу “Масавыя беспарадкі”. Утрымліваўся ў СІЗА КДБ. У ноч на 27 студзеня 2011 г. адпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе. Суду над ім так і не адбылося. 29 жніўня Уладзімер атрымаў па пошце пастанову пра закрыцьцё супраць яго крымінальнай справы, а таксама дазвол зноў выяжджаць за межы краіны.

У верасьні 2011 г. напісаў у СМІ ліст, з якога вынікала, што Уладзімер пакінуў Беларусь. Прычынамі гэтага, паводле ягоных словаў, сталі ціск і катаваньні падчас знаходжаньня ў СІЗА, а пазьней — пагрозы яго сям’і пасьля вызваленьня пад падпіску. Кобец заявіў пра спробы яго вярбоўкі. Зараз знаходзіцца ў адной з краінаў Эўропы.


Усе навіны зьвязаныя з асобай

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні