Таццяна Якубовіч: У акупаваным Данбасе, калі ты – украінскі журналіст, то адразу – шпіён

У эсклюзіўным інтэрв’ю сайту palitviazni.info галоўны рэдактар украінскага праекта “Данбас. Рэаліі” Таццяна Якубовіч і менеджар праекта Аляксандр Дземчанка распавялі пра справу іх арыштаванагаў Данецку і асуджанага калегі Станіслава Асеева, а таксама пра складаную і небяспечную працую журналістаў на акупаваных тэрыторыях.

У чэрвені 2017 у Данецку, на акупаванай тэрыторыі, быў арыштаваны ўкраінскі пісьменнік і журналіст Станіслаў Асееў (на фота). Выкрадальнікі – так званае Міністэрства грамадскай бяспекі ДНР – доўга адмаўлялі сваё дачыненне да гэтай справы і толькі праз паўтара месяца пацвердзілі, што журналіст утрымліваецца ў турме па абвінавачванні ў шпіянажы.

Калі пачаўся ваенны канфлікт, Станіслаў Асееў вырашыў застацца ў Данецку і апісваць падзеі, якія ён пабачыў на свае вочы. За час працы Асееў апублікаваў дзясяткі тэкстаў у друкаваных і інтэрнэт-выданнях, сярод якіх і праект украінскай рэдакцыі Радыё Свабода – “Данбас. Рэаліі”.

У кастрычніку гэтага году стала вядома, што судовыя органы гэтак званай ДНР асудзілі Станіслава Асеева на 15 гадоў пазбаўленьня волі…

Таццяна Якубовіч:

– Наш праект існуе з 2016 году і быў рэалізаваны ўслед за праектам Радыё Свабода – “Крым. Рэаліі”, як адказ на акупацыю часткі тэрыторыі Украіны. Наша мэтавая аўдыторыя знаходзіцца часткова на акупаванай тэрыторыі і часткова падкантрольнай. Працуем як у жывым радыёэфіры, так і ў Інтэрнэце.

– Станіслаў Асееў працаваў у вашай рэдакцыі?

Таццяна Якубовіч: – Ён працаваў для двух праектаў Радыё Свабода – для нашай рэдакцыі і для рубрыкі “Лісты з акупаванага Данбаса”. Пэўны час у нас была такая рубрыка, якая затым знікла, бо практычна не засталося журналістаў, якія б пісалі, знаходзячыся на акупаваных тэрыторыях. І паколькі мы рыхтуем матэрыялы для радыё і сайта ў роўнай ступені, то Станіслаў працаваў і як тэкставік, і як рэдактар.

Акрамя таго, Асееў рыхтаваў аналітычныя артыкулы і для некаторых буйных украінскіх выданняў.

– Застаўся жыць і працаваць у Данецку?

Таццяна Якубовіч: – Так, і гэта было дастаткова небяспечна. Усе гэтыя моманты папярэдне абмяркоўваліся, Станіслаў цудоўна ўсё асэнсоўваў.

У адрозненні ад Крыма працаваць на акупаваных тэрыторыях можна толькі пад прыкрыццем. У Крыме ёсць нейкая расійская ўлада, і там ёсць пэўныя правілы працы. Можна акрэдытавацца і працаваць, хаця таксама пераследуюць. А ў акупаваным Данбасе наогул нельга прызнавацца, што ты ўкраінскі журналіст, гэта ў прынцыпе забаронена. Адразу станеш шпіёнам. Таму тыя, хто там працуе, захоўваюць канспірацыю.

Аляксандр Дземчанка: – Украінскія журналісты ў тым жа Данецку адразу трапляюць у групу рызыкі. Цябе ў любы момант могуць абвінаваціць ў шпіянажы на карысць Украіны.

Таццяна Якубовіч: – Гэта не першы выпадак, калі ў Данбасе ў палон трапляюць украінскія журналісты. Алег Галазюк працаваў для іншага праекта для Радыё Свабода, але рабіў гэта больш адкрыта. У яго быў псеўданім, але Алег быў вельмі актыўным палітычным чалавекам, прысутнічаў у сацыяльных сетках, дзе пісаў розныя праукраінскія рэчы.

У выніку Галазюк двойчы трапляў у палон. Трапіў, яго вызвалілі, праз нейкі час ізноў забралі. І гэта адзін з доказаў таго, што адкрыта працаваць там немагчыма. У такіх умовах практычна няма ніякіх шанцаў доўга пратрымацца на волі.

– Станіслаў Асееў асвятляў сацыяльныя праблемы?

Таццяна Якубовіч: – Трэба сказаць, што Асееў – незвычайны аўтар, а не проста рэпарцёр. Ён – філосаф, таму паказваў не толькі з’явы, але і аналізаваў. Што адбываецца з людзьмі, чаму яны раскалоліся падчас вайны? Што адбываецца з сябрамі дзяцінства, з якімі вырас у адным доме ў Данецку? Чаму мы зараз па розныя бакі? Гэта ўсё цікавіла Станіслава.

– Чаму ён не з’ехаў з Данецка, калі працаваць было вельмі небяспечна?

Таццяна Якубовіч: – Журналісты працуюць і ў гарачых кропках, і ў іншых небяспечных месцах. Асееў казаў, што яму там цікава, але ў апошнія паўгода, наколькі вядома, задумваўся пра тое, каб з’ехаць. Па той простай прычыне, што любы чалавек, які доўга працуе пад акупацыяй, адчувае на сабе моцны псіхалагічны ціск. У першую чаргу таму, што знаходзіцца па сутнасці ў ізаляцыі ад іншых людзей.

У дадатак – там ты знаходзішся ў пастаянным нездаровым атачэнні. Акрамя таго, у апошнюю зіму Станіслаў моцна хварэў, і ўсё гэта наводзіла на думкі, што трэба з Данецка з’язджаць.

Аляксандр Дземчанка: – Станіслаў Асееў нават кнігу выдаў, якая называецца “У ізаляцыі. Нарысы пра Данбас”. Дарэчы, у Данецку ёсць падпольная турма “Ізаляцыя”, якую зрабілі на месцы былога завода. У гэтай турме ўтрымліваюць людзей, якія сядяць за палітыку, катуюць іх.

– Асееў працаваў пад псеўданімам, але як яму ўдавалася канспіравацца?

Аляксандр Дземчанка: – Ён пісаў для пад псеўданімам Васін, у Данецку яшчэ не была наладжана сістэма кантролю за публікацыямі і аўтарамі. Затым, калі рэпрэсіўны апарат узмацніўся, стварылася сістэма кантролю, якой, мяркую, кіравалі спецыялісты з расійскага ФСБ.

У 2014 годзе на Данбасе ў турму патрапіў украінскі палітолаг Дзітрый Пацехін, і, калі яго вызвалілі па абмену, распавядаў, што ў Данецку яго дапытвалі расіяне. Тое самае казала і журналістка Марыя Варфаламеева, якую таксама захапілі на акупаванай тэрыторыі. Расійскія спецслужбы стварылі там мясцовыя структуру, хаця ніхто ж не прызнаецца, што гэта так.

Тое самае і з армейскімі корпусамі ў Данецку. Першы корпус – фарміраванні так званай ДНР, другі – фарміраванні ЛНР. Але кіруюць ваеннымі расійскія вайскоўцы, якія курыруюць мясцовых. Было такое, што расійскіх ваенных у сваіх часцях альбо звальнялі, альбо яны бралі адпачынак і ехалі працаваць на акупаваныя тэрыторыі як быццам па сваёй волі. Калі іх бралі ў палон, то знаходзілі расійскія ваенныя білеты. Але Расія ад іх адмаўлялася – маўляў, служыў у нас такі, але ўжо звольніўся.

Таццяна Якубовіч: – Але быў выпадак, калі ў палон патрапілі рэальныя расійскія вайскоўцы з Пскоўска, і яны сказалі, што заблудзіліся.

– На акупаваных тэрыторыях дзейнічае нейкае заканадаўства?

Аляксандр Дземчанка: – Яны выкарыстоўваюць Крымінальны кодэкс 1960 года УССР, прынялі сваю Канстытуцыю. У іх прадугледжана смяротнае пакаранне, хаця ва Украіне гэтага няма.

– Калі вярнуцца да Станіслава Асеева… У яго не было адчування небяспекі, нічога пра гэта вам не распавядаў?

Таццяна Якубовіч: – Мы не ведаем, як даўно за ім сачылі спецслужбы. Альбо дакладна вядома, што пэўны час яго вылічыць не маглі, бо калі вызвалілі з палона вядомага рэлігіязнаўцу Ігара Казлоўскага, то ён распавёў, што ў яго на допытах спрабавалі даведацца пра Асеева і давалі слухаць аўдзіёзапіс. Яны не ведалі, каму належыць гэты голас.

Але Станіслаў Асееў быў чалавекам асцярожным і граматным у гэтым плане. Ён прымяняў самыя сучасныя метады канспірацыі ў сацыяльных сетках, але ФСБ усёў-такі яго знайшоў.

Стас знік 2 чэрвеня 2017 года. Занепакоілася яго мама, калі Асееў на некалькі дзён не адгукаўся. Больш інфармацыя не было. Але затым адбыўся абмен палоннымі, і адзін з вызваленых украінцаў распавёў, што быў у адной камеры са Стасам.

Высвятлітлася, што Станіслава затрымалі яшчэ 10 мая, а за той месяц, што ён сядзеў, спецслужбы прымушалі яго пісаць нам, што ўсё ў парадку. І нават адзін матэрыял той падрыхтаваў пад кантролем сілавікоў.

– Для чаго гэта было патрэбна?

Аляксандр Дземчанка: Магчыма, хацелі такім чынам даведацца пра астатніх украінскіх журналістаў, якія працуюць у Данецку і сабраць як мага больш інфармацыі пра кантакты Станіслава.

Таццяна Якубовіч: – Але спецслужбы, відаць, не ведалі, на каго патрапілі, бо выбіць са Стаса хоць што-небудзь – гэта вялікая праблема. Толькі праз год яго прымусілі пагутарыць з карэспандэнтам расійскага тэлебачання і зрабіць заяву, што ён быццам бы займаўся шпіянажам і працаваў на СБУ.

Гэта нельга ўспрымаць сур’ёзна, бо пад катаваннямі можна сказаць што заўгодна, але ў эфіры Станіслаў Асееў выглядаў у некалькі разоў больш прыстойна, чым прапагандыст, які задаваў пытанні. Выснова прапагандыстамі была зроблена ў рэпартажы такая: гэты чалавек працуе на ўкраінскіх карнікаў, якія забіваюць дзяцей Данбаса. Але ўсё гэта выглядала, як нейкая пародыя на журналістыку.

– У кастрычніку гэтага года стала вядома, што судовыя органы так званай ДНР асудзілі Асеева да 15 гадоў зняволення…

Таццяна Якубовіч: – Гэтае рашэнне юрыдычна нікчэмнае і абалютна не важна, ці ўтрымліваюць журналіста на падставе псеўдазаконаў, ці проста так. Для нас відавочна адно – узброеная групоўка ўзяла ў палон чалавека, і гэтая справа палітычная. І зараз варта дабівацца, каб Стас патрапіў у спіс тых палонных, каго будуць у будучым абменьваць.

Аляксандр Дземчанка: – Трэба разумець, што апошні абмен палоннымі быў паміж Украінай і Расіяй. Украінскіх палітвязняў судзілі па законах Расійскай Федэрацыі. А на акупаваных тэрыторыях людзі знаходзяцца ў палоне груповак, якія кантралююць тэрыторыю. Іх заканадаўства нікім не прызнаны. Прасцей кажучы, там што хочуць, тое і робяць. І тут ужо сітуацыя па абмене больш складаная.

Да нашых вязняў у Данецку нельга патрапіць назіральнікам, мы не можам зрабіць афіцыйны запыт, каб даведацца пра фізічны стан чалавека. І самі ў Данецк не можам паехаць, бо нас могуць арыштаваць, як “сябраў экстрэмісцкай арганізацыі, якая працуе супраць ДНР”. Але будзем спадзявацца, што ў бліжэйшы час наш калега будзе на свабодзе. Вельмі ў гэта верым…

palitviazni.info

Фота: svoboda.org, palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Цімох Дранчук
  • Ільля Васілевіч
  • Алег Сурган
  • Сяргей Гумінскі