Цімох Дранчук

Лідэр незарэгістраванага Беларускага камітэту ў абарону правоў зьняволеных “Над Бар’ерам”. Нарадзіўся 5 жніўня 1981 году ў г. Заслаўе Менскай вобласьці.

У 1996-1997 гадах вучыўся ў Беларускім гуманітарным ліцэі (Нацыянальным ліцэі імя Якуба Коласа). У 1998 годзе экстэрнам скончыў сярэднюю школу № 33, а ў 1999 годзе стаў студэнтам факультэту журналістыкі БДУ, адкуль быў выключаны ў 2001 годзе за актыўную палітычную дзейнасьць.

З 1996 да 2000 году Цімох Дранчук займаўся камунікатыўным забесьпячэньнем газэты “Белавежская пушча”, паралельна ў 1997—1998 гадах працаваў прэсавым сакратаром гарадзкога прафсаюзу прадпрымальнікаў “Садружнасьць” пад кіраўніцтвам Арнольда Пячэрскага, а таксама да 2000 году прымаў актыўны ўдзел у дзейнасьці “Маладога Фронту”. Быў рэдактарам незарэгістраванага бюлэтэню “Маладога Фронту” “Маладзёвы весьнік”.

У 1999 годзе прымаў актыўны ўдзел у арганізаваных дэмакратычнай апазыцыяй альтэрнатыўных выбарах прэзыдэнта Беларусі, быў прэсавым сакратаром Міхаіла Чыгіра.

У 2000-2001 гадах Дранчук зьяўляўся старшынём моладзевай арганізацыі “Маладзёжная салідарнасьць”, а з 2001 да 2004 году каардынаваў працу руху супраціву “Зубр” — быў адным з каардынатараў Руху па горадзе Менску.

З 2004 году Цімох Дранчук стаў актыўным удзельнікам новастворанага Руху Андрэя Клімава, быў адным з арганізатараў акцыі “Рэвалюцыя!” 25 сакавіка 2005 году. Супрацоўнічаў з грамадзянскай ініцыятывай “Партнэрства”.

У 2005 годзе Цімох паступіў у Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, ліквідаваны беларускімі ўладамі ў Менску і адкрыты ў Вільні, на факультэт міжнароднага права.

Храналёгія перасьледу

21 лютага 2006 году быў арыштаваны разам з калегамі па дзейнасьці ГІ “Партнэрства” Мікалаем Астрэйкам, Энірай Браніцкай і Аляксандрам Шалайкам і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар КДБ. Дранчуку, Астрэйку, Браніцкай і Шалайку было прад’яўленае абвінавачваньне па артыкуле 193 ч. 2 КК РБ.

Арганізацыяй “Міжнародная амністыя” абвешчаны вязьнем сумленьня. Падчас зьняволеньня ў яго нарадзіўся сын Платон, якога ён не мог убачыць амаль год.

4 жніўня 2006 г. асуджаны Цэнтральным судом Менску на 1 год пазбаўленьня волі. Судовы працэс быў закрытым. У залю прапусьцілі толькі ўдзельнікаў працэсу, бліжэйшых сваякоў і замежных амбасадараў.

26 сьнежня 2006 году быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова з калёніі № 1 г. Менску.

22 траўня 2007 году сумесна з былым палітзьняволеным Зьмітром Касьпяровічам і іншымі грамадзкімі актывістамі абвясьціў аб стварэньні БКАПЗ “Над Бар’ерам”.

28 верасьня 2008 году Цімох Дранчук сумесна з Артурам Фінькевічам і Зьмітром Касьпяровічам абвесьцілі аб стварэньні шырокага моладзевага руху “Маладая Беларусь” “з мэтай аб’яднаць усе дзейсныя моладзевыя структуры і арганізацыі Беларусі дзеля перамогі дэмакратычнага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах 2011 году”.


Усе навіны зьвязаныя з асобай

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Квяткевіч
  • Іван Гапонаў
  • Аляксандар Васільеў
  • Андрэй Абозаў