Алег Сянцоў: Каб гэты слоічак хутчэй напоўніўся біркамі іншых палітвязняў

Нядаўні палітвязень, вызвалены з расійскага палона ўкраінскі рэжысёр Алег Сянцоў, які вярнуўся дадому ў межах “вялікага абмена” палоннымі і закладнікамі, наведаў у лякарні “Феафанія” іншых былых палітвязняў.

“Усё ў парадку, хлопцы папраўляюцца”, – напісаў Сянцоў на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

Крыху раней Алег Сянцоў у сацыяльных сетках апублікаваў фотаздымак, які быў зроблены ў турме напярэдадні новага 2016 году.

Па словах Сянцова, у тых турмах, дзе яму даводзілася адбываць надуманае пакаранне, вельмі рэдка атрымлівалася патэлефанаваць родным па тэлефоне альбо зрабіць фота, якое пацвярджала б, што жывы. Асуджаным не дазвалялі мабільныя тэлефоны і карыстанне Інтэрнэтам.

Таксама былы палітвязень паказальна спаліў “самую ненавісную рэч на зямлі” – турэмную робу, якую насіў у расійскай турме.

«Гэтая роба асуджанага – самая ненавісная рэч на зямлі, якую я не люблю. Федэральная служба выканання пакаранняў, гары ты ў пекле!” – усклікнуў Сянцоў і падпаліў адзенне, якое ўспыхнула імгненна пад словы відавочцаў “Слава Украіне!” і “Добра гарыць!”

А не так даўно на штогоднім форуме Ялцінскай еўрапейскай стратэгіі, які праходзіў у Кіеве, рэжысёр падарыў прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму пласцікавы слоічак для гарбаты са сваёй турэмнай біркай і пажадаў кіраўніку краіны, каб гэты слоічак можна было як мага хутчэй напоўніць біркамі іншых палітвязняў, якія знаходзяцца ў расійскіх турмах.

«Я буду казаць пра звычайны слоічак, – адзначыў Алег Сянцоў. – Там, дзе я быў пяць гадоў, у турме, кожная дробязь вельмі важная. Там нічога не выкідваюць, усяму знаходзяць прымяненне.

А самая важная рэч – гарбата. Яе можна захоўваць у скрыначцы, а я захоўваў у слоічку. У мяне былі два сшыткі – жоўты і сіні. Я не заказваў, але так атрымалася, што мне іх перадалі. Гэта было ў самым пачатку – у першы месяц пасля затрымання. Я выразаў з гэтых сшыткаў дзве палоскі – сінюю і жоўтую. І наклеіў на гэты слоічак. Напісаў два словы: “Слава” і “Україне”. І паставіў на самае бачнае месца.

Усе пяць год, што я “падарожнічаў” па расійскіх турмах, слоічак быў са мной. Я ставіў яго ў самыя бачныя месцы, і гэта вельмі раздражняла расійскіх турэмшчыкаў. Слоічак пастаянна забіралі, зрывалі сцяжок, спрабавалі патаптацца па ім… Было шмат такой дробнай валтузні. Але гэта была мая маленькая барацьба. Хаця я і не быў на вайне…”

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні