Андрэй Рамашэўскі

Андрэй Рамашэўскі нарадзіўся ў Менску 18 ліпеня 1970 г. Пасьля школы вучыўся ў РТІ, потым на хімічным факультэце БДУ.

У 1993 г. стварыў “Партыю аматараў піва” — аб’яднаньне аднадумцаў, у асноўным зь менскага творчага асяродку, у якое ўваходзілі сярод іншых і некалькі вядомых музыкаў і паэтаў (існавала да 1997 г., калі было зачыненае ўладамі).

У першай палове 1990-х гадоў удзельнічаў у многіх пэрформансах. Яшчэ з часоў позьняга СССР браў удзел і ў мностве палітычных апазыцыйных акцыяў, і не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі: у Расеі, Літве і г.д. Займаўся распаўсюдам і стварэньнем антысавецкага самвыдату. Некаторы час працаваў у сакратарыяце рэдакцый газэтаў “Навіны БНФ” і “Свабода”.

Храналёгія перасьледу

Быў адным з затрыманых 24 траўня 1995 г. празь 10 дзён пасьля станоўчых вынікаў рэфэрэндуму па зьмене дзяржаўнай сымболікі і саюзу з Расеяй, калі студэнты БДУ зладзілі ў цэнтры Менску акцыю пратэсту пад вокнамі прэзыдэнцкай адміністрацыі. Напачатку яны хадзілі вакол будынку адміністрацыі з закладзенымі за галаву рукамі, сымбалізуючы паліцэйскую краіну, і трымалі долу чырвона-зялёны сьцяг, які пасьля быў вывешаны на грамадзкую прыбіральню ў бліжэйшым сквэры (на так званай “панікоўцы”), а напрыканцы акцыі быў падраны на шматкі. Амонаўцы разагналі акцыю дубінкамі і арыштавалі 20 чалавек.

Амаль праз год, 29 красавіка 1996 г., праз тры дні пасьля разагнанага ўладамі “Чарнобыльскага Шляху-96”, Андрэй быў арыштаваны за ўдзел у акцыі пратэсту 24 траўня 1995 г. Яго абвінавацілі ў тым, што менавіта ён разьдзёр на шматкі чырвона-зялёны сьцяг, што трактавалася як “зьдзек зь дзяржаўнай сымболікі”, хоць той сьцяг і быў старога, БССРаўскага, а не новага ўзору. Тры месяцы Рамашэўскі правёў у сьледчым ізалятары МУС па вул. Валадарскага ў Менску. 1 ліпеня 1996 г. абвясьціў на “Валадарцы” галадоўку пратэсту. 

19 ліпеня 1996 г. судом Ленінскага раёну Менску прызнаны вінаватым па арт. 201 ч. 2 (злоснае хуліганства) і асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з адтэрміноўкай на 1 год.  Прысуд вынес судзьдзя Курыловіч Н. В.  Андрэя Рамашэўскага вызвалілі ў зале суду.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Барыс Гарэцкі
  • Мікалай Дзядок
  • Аляксандар Казакоў
  • Андрэй Пратасеня
  • Эдуард Лобаў