Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок нарадзіўся 23 жніўня 1988 году ў г. Брагіне на Гомельшчыне. Пасьля школы скончыў юрыдычны каледж БДУ. Працаваў у калектарскай фірме. На момант арышту быў студэнтам 2-га курсу завочнага аддзяленьня праграмы “Паліталёгія і эўрапейскія дасьледаваньні” Эўрапейскага гуманітарнага ўніверсытэту. Пасьля затрыманьня ў верасьні 2010 году Мікалая трымалі ў ізалятары па 3 дні, а пасьля “перазатрымлівалі” па новых справах: аб хуліганстве, нават крадзяжы — але абвінавачаньне не прад’яўлялі да кастрычніка.

Храналёгія перасьледу

Мікалай Дзядок быў затрыманы 3 верасьня 2010 году ў якасьці падазраванага па справе аб “нападзе на амбасаду Расейскай Фэдэрацыі” у ноч на 31 жніўня ў Менску. Праваахоўныя органы Беларусі арыштавалі маладога чалавека на трое сутак і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Не сабраўшы дастатковай колькасьці доказаў, якія б пацьвярджалі дачыненьне Мікалая да вышэйназванай справы, праваахоўныя органы працягнулі тэрмін яго ўтрыманьня ў ізалятары часовага ўтрыманьня, але гэтым разам па абсалютна іншай справе (“аб нападзе на Дом прафсаюзаў”).

Аднак калі абвінавачаньне ў яго дачыненьні ізноў не набыло належнай падставы, Мікалай ужо трэцім разам быў затрыманы як падазроны па справе “аб нападзе на аддзяленьне “Беларусбанку”.

Пасьля таго, як усе магчымасьці да прад’яўленьня ўцямных нагодаў да затрыманьняў былі вычарпаныя, Мікалаю сталі прыпісваць іншыя супрацьпраўныя дзеяньні, у прыватнасьці, крадзяжы і хуліганства.

24 верасьня 2010 г., фактычна адбыўшы больш за 20 сутак пад арыштам, Мікалай Дзядок быў абвінавачаны ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі каля Генштабу Беларусі, і 1 кастрычніка яму было прад’яўленае абвінавачаньне па артыкуле 339 ч. 2 — “хуліганства”.

27 траўня 2011 г. у Заводзкім судзе гораду Менску судзьдзя Жанна Хвайніцкая вынесла Мікалаю прысуд — 4,5 гады пазбаўленьня волі (г.зв “справа анархістаў”). Да гэтага моманту Мікалай Дзядок ужо больш за 8 месяцаў знаходзіўся пад арыштам.

Зараз адбывае пакараньне ў Магілёўскай турме №4.

У канцы траўня 2012 г. паводле рашэньня начальніка Шклоўскай калёніі № 7 Мікалай Дзядок быў пераведзены ў памяшканьне камэрнага тыпу, так званы “БУР” (“адзіночку”), на паўгода. Да гэтага яго неаднаразова прымушалі пісаць прашэньні аб памілаваньні. Мікалай таксама пазбаўлены доўгатэрміновага спатканьня з маці і жонкай, якое раней было дазволенае ў чэрвені. За час знаходжаньня ў Бабруйскай і Шклоўскай калёніях Мікалай атрымаў больш за 10 спагнаньняў за розныя надуманыя парушэньні, кшталту “няправільна адрэагаваў на заўвагу”, і ня змог трапіць пад амністыю.

4 сьнежня 2012 г. стала вядома, што адмысловая камісыя калёніі прыняла рашэньне аб пераводзе Мікалая Дзядка ў крытую турму. Прычынай абвешчаныя шматлікія спагнаньні за парушэньне дысцыпліны, якіх палітвязьню прад’яўлена ажно 22.

У лістападзе 2014 года, за 3 месяцы да сканчэньня тэрміну, на Мікалая Дзядка завялі новую крымінальную справу за “парушэньне рэжыму адбыцьця пакараньня”. 26 лютага 2015 года суд працягнуў яго зняволенне на 1 год і 3 дні.

12 мая стала вядома, што Мікалая Дзядка перавялі ў папраўчую калонію №9 г. Горкі.

 


Усе навіны зьвязаныя з асобай

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні