Дзяніс Дзянісаў

Дзяніс Дзянісаў — адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў намётавага мястэчка пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, які больш за трое сутак, да арышту ўсіх удзельнікаў, праходзіў на Кастрычніцкай плошчы Менску “Плошча Каліноўскага”. Праз 3 месяцы пасьля гэтай акцыі частка яе ўдзельнікаў аб’ядналася і ўтварыла ў Вільні рух супраціву “Бунт”, які потым самаліквідаваўся.

Храналёгія перасьледу

Крымінальная справа супраць моладзевых актывістаў Дзяніса Дзянісава і Тацяны Елавой была ўзбуджаная па ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Паводле начальніка аддзелу па наглядзе за сьледзтвам у органах унутраных справаў пракуратуры Віцебскай вобласьці, дарадцы юстыцыі В. А. Забаўскага, “Дзянісаў Д. В. сумесна зь іншымі асобамі ў колькасьці ня менш за 25 чалавек, якія мелі пры сабе больш за 1000 улётак, 17.06.2006 г. у вячэрні час быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі пры замаху на правядзеньне незаконнай акцыі “БУНТ” у Летнім амфітэатры ў г. Віцебску”.

19 чэрвеня 2006 году была ўзбуджаная крымінальная справа па гэтых падзеях, а ў кастрычніку вынесеная пастанова аб прызнаньні Дз. Дзянісава і Т. Елавой абвінавачваемымі.

У адносінах да Дзяніса Дзянісава была абраная мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту, ён быў абвешчаны ў вышук, паколькі хаваўся ад сьледзтва. У сувязі з неўстанаўленьнем месцазнаходжаньня абвінавачваемага 19 кастрычніка 2006 году вытворчасьць па крымінальнай справе была спыненая, аднак 16 лютага 2007 году ўзноўленая — моладзевы актывіст быў затрыманы ў цягніку, які ехаў у Гомель. Спачатку Дз. Дзянісава ўтрымлівалі ў Гомельскім сьледчым ізалятары, потым перавезьлі ў Віцебскі сьледчы ізалятар № 2, дзе ён правёў два месяцы.

З-пад варты Дзяніс Дзянісаў быў адпушчаны 11 красавіка 2007 г. пад грашовы заклад памерам 500 базавых велічыняў (больш за 15 з паловай мільёнаў рублёў), сабраны прадстаўнікамі беларускай грамадзкасьці.

30 траўня 2007 г. крымінальная справа супраць Дзяніса Дзянісава і Тацяны Елавой была спыненая з-за адсутнасьці складу крымінальнага злачынства.

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Вінцук Вячорка
  • Мікола Статкевіч