Мікола Статкевіч

Нарадзіўся 12 жніўня 1956 году ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну ў сям’і настаўнікаў. Там скончыў сярэднюю школу, затым — Менскае вышэйшае інжынэрнае зенітна-ракетнае вучылішча па спэцыяльнасьці “вайсковы інжынэр па радыёэлектроніцы” (у 1978 г.).

У 1978-1982 гг. служыў у Мурманскай вобласьці старэйшым інжынэрам аўтаматызаванага каманднага пункту зенітнай ракетнай брыгады часткі СПА. У 1986 г. абараніў кандыдацкую дысэртацыю, у 1993 г. – доктарскую. Мае больш за 60 працаў у галіне АСК, эрганомікі, інжынэрнай і сацыяльнай псыхалёгіі. Атрымаў вайсковае званьне падпалкоўніка.

З 1985 па 1990 год выкладаў у роднай вайсковай вучэльні на кафэдры АСК. У 1990 г. стаў адным з аўтараў канцэпцыі беларускай арміі, рэалізаванай пасьля распаду СССР. У 1991 г. на знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.

20 жніўня 1991 г. адзіны з вайскоўцаў у Беларусі публічна выступіў супраць путчу ў Маскве. Тады ж абвясьціў аб стварэньні Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў (БЗВ) і да 1995 г. кіраваў ім.

У 1991 г. увайшоў у Цэнтральную раду і выканаўчы камітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

У 1992 г. выступіў з ініцыятывай прывядзеньня да прысягі Беларусі афіцэраў запасу на галоўнай плошчы Менску.

З 1995 г. — старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

З 1999 г. — старшыня Усходнеэўрапейскага сацыял-дэмакратычнага форуму. У 2000 г. балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, але абраны не быў. З 2003 году — лідэр “Эўрапейскай кааліцыі”.

Узнагароджаны мэдалём “За бездакорную службу”. Кандыдат тэхнічных навук, падпалкоўнік запасу. Выгадаваў двух дачок.

У 2009 годзе кангрэсам “Эўрапейскай кааліцыі” вылучаны кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2010 году.

Храналёгія перасьледу

У 2005 г. быў асуджаны да 3 гадоў абмежаваньня волі за арганізацыю ў кастрычніку 2004 г. у Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму.

19 сьнежня 2010 г. браў удзел у акцыі на плошчах Кастрычніцкай і Незалежнасьці. Пасьля жорсткага разгону мітынгу пры ад’езьдзе на таксоўцы быў заблакаваны спэцназам і затрыманы.

Зь 19 сьнежня 2010 г. па 12 студзеня 2011 г. трымаў галадоўку пратэсту ў СІЗА КДБ.

26 траўня 2011 г. у Ленінскім судзе г. Менску судзьдзя Людміла Грачова агучыла ягоны прысуд: 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму (пракурор — Кірыл Чубкавец).

Спачатку адбываў тэрмін пакараньня ў калёніі г. Шклову, дзе атрымаў траўму рукі, працуючы на лесапілцы, напачатку верасьня 2011 г. Адміністрацыя калёніі, аднак, замоўчвала гэты факт і адмаўляла сваякам у спатканьнях.  Міколе Статкевічу тады было адмоўлена ў тэлефанаваньнях дадому, таксама аказваўся іншы маральны ціск.

13 сьнежня 2011 г. стала вядома, што Мікола Статкевіч знаходзіцца ў штрафным ізалятары ў шклоўскай ПК № 17. Падставай зьмяшчэньня вязьня ў ШІЗА на 5 сутак стала публікацыя ў СМІ ягоных лістоў, неадцэнзураваных адміністрацыяй калёніі.

12 студзеня 2012 году на закрытым паседжаньні Шклоўскі раённы суд асудзіў Статкевіча да больш строгага рэжыму ўтрыманьня — 3 гады зьняволеньня ў крытай турме (судзьдзя — Віталь Волкаў). Прычынай было названае “злоснае парушэньне рэжыму”. Ужо праз 4 дні стала вядома аб знаходжаньні палітыка ў турме № 4 г. Магілёву, дзе нашмат больш жорсткія ўмовы ўтрыманьня. 17 студзеня 2012 г. ён быў пакараны 10 суткамі карцэру (за што — дагэтуль дакладна не вядома). Знаходзіўся ў камэры-адзіночцы магілёўскай турмы. У канцы чэрвеня 2012 г. зноў быў пераведзены ў штрафны ізалятар.

12 студзеня 2015 года этапаваны для далейшага адбыцця пакарання ў шклоўскую папраўчую калонію №17.

4 траўня суддзя Шклоўскага раённага суда Святлана Баранцава прызнала Статкевіча вінаватым у парушэнні правілаў унутранага распарадку калоніі, задаволіла хадайніцтва Шклоўскай калёніі № 17  і прыняла рашэнне накіраваць палітвязня да сканчэння тэрміну зняволення ў “крытую” турму №4 г. Магілёва.

 


Усе навіны зьвязаныя з асобай

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Францкевіч
  • Васіль Парфянкоў
  • Тацяна Елавая