Мікалай Статкевіч змяніў ужо чацвёртую камеру

Палітвязень Мікалай Статкевіч па-ранейшаму знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Жодзіна ў адзіночнай камеры.

“На ўмовы Мікалай не скардзіцца, хаця незалежную прэсу перастаў атрымліваць”, – распавёў сайту palitviazni.info адвакат палітыка Уладзімір Сазанчук.

Палітык Мікалай Статкевіч праходзіць па крымінальнай “справе блогераў” (справа Ціханоўскага) — “Падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак” (ч. 1 арт. 342 КК РБ).

19 жніўня Мікалая Статкевіча са сталічнага СІЗА на Валадарскага перавялі ў Жодзіна, а таксама працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяца.

“Мікалай па-ранейшаму сядзіць у СІЗА Жодзіна, змяніў ужо чацвёртую камеру, – кажа Уладзімір Сазанчук. – Але яго гэта не асабліва напружвае, таму прэтэнзій ні да каго не мае. Тым больш, што задавальняецца просьба Мікалая, каб ён знаходзіўся ў адзіночнай камеры”.

Са слоў адваката, незалежная прэса да Мікалая Статкевіча ўжо перастала даходзіць.

“Тэлевізар у адной камеры не працаваў, а зараз ёсць, таму афіцыйную інфармацыю атрымлівае, – адзначае Уладзімір Сазанчук. – Я таксама раздрукоўваю нейкія матэрыялы з сайтаў і падчас нашай сустрэчы даю Статкевічу пачытаць.

Раней ён быў падпісаны на шэраг незалежных газет, але зараз яны не друкуюцца ў Беларусі і не прыходзяць па падпісцы. Магу, натуральна, прывезці газеты за пэўны перыяд, але іх забаронена браць з сабой у камеру. Хаця па падпісцы прэсу атрымліваць можна”.

palitviazni.info

 

Іншыя палітычныя вязьні