Мікалай Статкевіч пакінуў у СІЗА-1 “гаспадарку”

Палітвязень Мікалай Статкевіч па-ранейшаму знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Жодзіна ў адзіночнай камеры.

“Інфармацыю атрымлівае пакуль што толькі ад мяне, яму сказалі што тэлевізар зламаўся”, – распавёў сайту palitviazni.info адвакат палітыка Уладзімір Сазанчук.

Нагадаем, што ў сталічным СІЗА на Валадарскага Мікалай Статкевіч знаходзіўся з канца мая.

Палітык праходзіць па крымінальнай “справе блогераў” (справа Ціханоўскага) — “Падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак” (ч. 1 арт. 342 КК РБ).

19 жніўня Мікалая Статкевіча з СІЗА на Валадарскага перавялі ў Жодзіна, а таксама працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяца.

“Мікола на Валадарцы завёў гаспадарку ў камеры, – распавяла на сваёй старонцы ў Фэйсбук Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча. – А салату і іншую зеляніну, што я перадавала, пусціў на яе падкормку. Што за гаспадарка, запытаецеся? Маленькія смоўжыкі. І вось як яны цяпер там без Мікалая і без салаты? Прывыклі ж ужо да дыетычнага харчавання. Злыя людзі!”

Са слоў Уладзіміра Сазанчука, на ўмовы ўтрымання Мікалай Статкевіч асабліва не скардзіцца.

“Кажа, што ў Жодзіна камера больш сухая, таму нават кашаль прайшоў, – адзначае адвакат. – А вось у СІЗА на Валадарскага была падвышаная вільготнасць.

Інфармацыю Мікалай атрымлівае пакуль што толькі ад мяне, яму сказалі што тэлевізар альбо зламаўся, альбо не ловіць сігнал.

Як вядома, у камеры Статкевіч па-ранейшаму знаходзіцца адзін, каб выключыць усялякія правакацыі, якія могуць быць”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні