Мікола Маркевіч

Мікола Маркевіч — журналіст з Гародні, сябра БАЖ. Нарадзіўся 29 чэрвеня 1962 г. у вёсцы Чэрнічы Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. Скончыў філялягічны факультэт Калінінградзкага ўнівэрсытэту. Працаваў у гарадзенскіх газэтах “Высота”, “Гродзенская праўда”.

Дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. У 1991 г. стварыў культурна-асьветніцкі фонд “Бацькаўшчына”, праз год зарэгістраваў пры фондзе газэту “Пагоня” і стаў яе галоўным рэдактарам. Браў удзел у галадоўцы дэпутатаў Вярхоўнага Савету ў 1995 г.

Храналёгія перасьледу

2 верасьня 2002 г. быў арыштаваны і абвінавачаны ў паклёпе на прэзыдэнта краіны.

У 2002 г. Мікола Маркевіч асуджаны судом Ленінскага раёну Горадні да двух з паловай гадоў абмежаваньня волі. Падставай паслужыла нататка ў “Пагоні” падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2001 г. Паўгода адбываў пакараньне ў Асіповічах Магілёўскай вобласьці, пасьля чаго быў пераведзены на папраўчыя работы па месцы жыхарства, у Горадню.

5 сакавіка 2003 г. вызвалены.

У 2003 г. ініцыяваў аднаўленьне газэты “День” і быў яе рэдактарам да траўня 2004 г., калі рашэньнем Гаспадарчага суду выхад газэты быў забаронены. У 2005 г. разам з аднадумцамі аднавіў Радыё Рацыя і стаў яго праграмным дырэктарам. Цяпер Мікола Маркевіч — рэдактар інтэрнэт-газэты pahonia.org і дарадца праўленьня Радыё Рацыя ў справах праграмы й разьвіцьця.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Мажэйка
  • Міхаіл Марыніч
  • Уладзімер Кудзінаў
  • Максім Дашук
  • Ільля Васілевіч