Уладзімер Кудзінаў

Дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, бізнэсовец. У парлямэнце супрацоўнічаў з грамадзкім аб’яднаньнем “Грамадзянскае дзеяньне”, быў адным з ініцыятараў імпічмэнту А. Лукашэнку ў лістападзе 1996 г. Сябра АГП.

Падчас рэфэрэндуму 1996 г. зафіксаваў і склаў пратаколы на мноства парушэньняў пры яго правядзеньні ў сваёй выбарчай акрузе, матэрыялы пра гэта накіраваў у Берасьцейскую і Генеральную пракуратуру РБ.

Нарадзіўся 11 чэрвеня 1959 г. у вёсцы Танежыцы Слуцкага раёну Менскай вобласьці. У 1981 г. скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Да прыходу ў бізнэс у 1992 г. працаваў у падатковай інспэкцыі Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці.

З 1992 г. кіраваў створанай ім гандлёва-прамысловым прыватным малым прадпрыемствам “Івацэвічы”, якое гадавала буйную рагатую жывёлу, перапрацоўвала і прадавала мясныя вырабы. Каля 300 працаўнікоў прадпрыемства Кудзінава атрымлівалі самыя высокія заробкі ў раёне.

Храналёгія перасьледу

У канцы 1995 г., пасьля рашэньня Кудзінава балатавацца ў дэпутаты ВС, пачаўся канфлікт з мясцовай адміністрацыяй. У фірму была накіраваная праверка з падатковай інспэкцыі ў колькасьці 120 чалавек. Дзейнасьць прадпрыемтва гэта надоўга паралізавала. У 1996 г. дадаліся іншыя праверкі, у тым ліку ад КДБ. У выніку, напрыканцы 1996 г. будынак фірмы перайшоў у дзяржаўную ўласнасьць, а ўсе яе крамы зачыненыя. Уладімер Кудзінаў паспрабаваў выратаваць сваю справу, пачаўшы экспарт мяса ў Расею.

4 лютага 1997 г. Уладзімер Кудзінаў быў арыштаваны па сфальсіфікаваным абвінавачваньні ў спробах дачы хабару службовай асобе. 4 жніўня 1997 г. суд Барысаўскаг раёну Менскай вобласьці прызнаў яго вінаватым ў неаднаразовай спробе хабару і на падставе арт. 15 ч. 2 і арт. 170 ч. 2 Крымінальнага кодэксу РБ прызначыў яму пакараньне: 7 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Кудзінаў віны не прызнаў і назваў дзеяньні міліцыі загадзя справакаванымі. Паводле беларускага заканадаўства, як дэпутат ён не мог быць зьняволены бяз згоды Вярхоўнага Савету, калі толькі яго не засьпелі непасрэдна пры ўчыненьні злачынства. Генэральная пракуратура РБ, якая ўзбудзіла справу супраць Кудзінава, такім чынам, парушыла Закон “Аб Вярхоўным Савеце”. Працэс па справе дэпутата, да таго ж, падпадае пад юрысдыкцыю не Барысаўскага раённага, а Вярхоўнага суду. 1 лютага 2001 г. суд Барысаўскага раёну перагледзеў справу Кудзінава ў сувязі з прыняцьцем новага Крымінальнага Кодэксу РБ, які за артыкул “дача хабару” (ч. 2 арт. 431) прадугледжвае больш мяккае  пакараньне. Кудзінаву зьнізілі тэрмін пакараньня да 5 гадоў. З улікам амністыі атрымалася, што былы дэпутат адседзеў нават больш.

5 лютага 2001 г. Уладзімер Кудзінаў быў вызвалены з Менскай калёніі УЖ-15/1, што па вул. Кальварыйскай. У той жа год разам зь сям’ёй зьехаў жыць у Крым (Украіна), дзе таксама займаецца бізнэсам, зьвязаным з вытворчасьцю прадуктаў харчаваньня.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксей Шыдлоўскі
  • Дзяніс Дзянісаў
  • Анатоль Лябедзька
  • Уладзімер Плешчанка
  • Сяргей Казакоў