Аляксей Шыдлоўскі

Моладзевы дэмакратычны актывіст. Нарадзіўся 27 сьнежня 1978 году ў г. Стоўбцы Менскай вобласьці. Быў сябрам “Маладога Фронту”, адным са стваральнікаў моладзевага руху “Зубр”. Пасьля школы паступіў у БДУ на факультэт журналістыкі, аднак скончыць яго не ўдалося з-за арышту.

Храналёгія перасьледу

Затрыманьне Аляксея адбылося 25 жніўня 1997 г. ў Стоўбцах. 24 лютага 1998 года 19-гадовы Аляксей Шыдлоўскі быў асуджаны на 1 год і 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Прысуд вынес Менскі абласны суд, які прызнаў Аляксея Шыдлоўскага, разам з іншым маладафронтаўцам, 16-гадовым менчуком Вадзімам Лабковічам, вінаватым у нанясеньні ў Стоўбцах палітычных графіці: на будынку райвыканкаму актывісты напісалі “Жыве Беларусь”, “Пазьняк — наш прэзыдэнт”, а таксама замянілі чырвона-зялёны сьцяг на бел-чырвона-белы і вывесілі ў горадзе каля дзясятка нацыянальных сьцягоў. Гэты ўчынак быў кваліфікаваны як хуліганства.

Да вынясеньня прысуду Аляксей правёў 6 месяцаў у зьняволеньні: спачатку ў Жодзінскім СІЗА, потым яго перавялі ў Менск на “Валадарку”.

Аляксей Шыдлоўскі быў амніставаны ўладамі за 2 дні да афіцыйнага сканчэньня ягонага турэмнага тэрміну — 23 лютага 1999 г. Зроблена гэта было адмыслова з дзьвюх прычынаў. Па-першае, сябры, родныя і паплечнікі па МФ зьбіраліся сустракаць Аляксея пад сьценамі менскай турмы на вул. Кальварыйскай 25 лютага. Па-другае, згодна зь беларускім закандаўствам, асоба, якая была амніставаная, у выпадку новага асуджэньня ня можа ізноў трапіць пад амністыю на працягу 10 гадоў.

Верагодна, менавіта апошняя акалічнасьць і адыграла галоўную ролю ў далейшым лёсе Аляксея. Напрыканцы 2007 г. (5 сьнежня) у адной з крамаў Менску зь ім адбыўся інцыдэнт, калі паміж ім і незнаёмымі людзьмі разгарэлася спрэчка наконт партрэту Лукашэнкі, які вісеў над касаю крамы. Невядомыя справакавалі бойку і выклікалі міліцыю, якая зьявілася імгненна. Было ўражаньне, што ўся гэтая “выпадковасьць” падстроена адмыслова. Аляксей шмат удзельнічаў у акцыях апазыцыі і неаднаразова патрапляў пад адміністратыўны арышт у ізалятары на вул. Акрэсьціна. Аднак пасьля сутычкі ў краме супраць Шыдлоўскага была ўзбуджаная новая крымінальная справа нібыта за хуліганства, і ён прыняў рашэньне пакінуць Беларусь. Зараз жыве і працуе ў Чэхіі, мае там сям’ю.