Аляксей Шыдлоўскі: Планаў вярнуцца ў Беларусь пакуль няма…

шыдлоўскіУ 1997-м крымінальная справа маладзёжных актывістаў Аляксея Шыдлоўскга і Вадзіма Лабковіча стала адной з першых, якая мела шчыра палітычны падтэкст. Хлопцаў асудзілі за тое, што на будынку райвыканкама ў Стоўбцах з’явіліся графіці “Жыве Беларусь” і “Пазняк- наш прэзідэнт”. Акрамя таго, чырвона-зялёны сцяг над адміністрацыйным будынкам быў заменены на бел-чырвона-белы.

Не прызнаючы палітычны падтэкст справы, Аляксея Шыдлоўскага судзілі за хуліганства. Прысудам яму быў прызначаны тэрмін у 1 год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненнага рэжыму, якія ён адсядзеў амаль “ад званка да званка”, хаця намінальна быў вызвалены за два дні да заканчэння тэрміну.

Пазней Аляксей Шыдлоўскі стаяў ля вытокаў стварэння руху негвалтоўнага супраціву “Зубр” і пад пагрозай чарговага крымінальнага пераследу быў вымушаны пакінуць Беларусь.

Зараз разам з сям’ёй ён жыве у Чэхіі, адкуль і распавёў сайту palitviazni.info пра жыццё за мяжой, пра беларускае мінулае і свае планы на будучыню.

– Аляксей, вы стала жывеце ў Чэхіі цягам сямі гадоў. Як склаўся ваш лёс за межамі Беларусі?

– Найбольш складана было ў першы час – адразу пасля вымушанай эміграцыі. Прыйшлося пачынаць усё з чыстага ліста, не ведаючы ні мовы, ні людзей. Сродкаў, якія былі з сабой, хапіла толькі на некалькі месяцаў жыцця ў Чэхіі – разам з жонкай мы іх патрацілі на аплату жылля. А мне першы час давялося займацца самай разнастайнай працай. Такой, на якую мясцовыя жыхары згаджаюцца ад безвыходнасці. Больш працаваў рукамі – грузіў і цягаў на розных фабрыках і камбінатах. Па шчырасці, для таго, каб застацца і замацавацца ў Чэхіі, іншага выйсця не было.

– Зараз вашыя пабытовыя ўмовы палепшыліся?

– Безумоўна. Разам з жонкай мы ўдзельнічаем у спецыяльнай васьмігадовай праграме, якая разлічана на эмігрантаў. Гэта дае нам магчымасць удасканвальваць сваю чэшскую мову на спецыяльных курсах. Да таго ж, дзякуючы гэтай праграме, аплочваецца частка ад сумы за арэндную кватэру, якую мы здымаем амаль у самым цэнтры чэшскай сталіцы.

– Вернемся да падзей васьмігадовай даўніны: варыянтаў застацца ў Беларусі не было?

– На той момант быў толькі адзін “жалезны” варыянт для таго, каб застацца на радзіме – ізноў трапіць пад “крыміналку”. Адсядзеў бы, выйшаў і застаўся. Але адсідка ў мае планы ніяк не ўваходзіла. Тады супраць мяне ўчынілі дробную правакацыю – я ўвязаўся ў перапалку ў адной з мінскіх кнігарняў, і падчас гэтага парваў партрэт Аляксандра Лукашэнкі. Міліцыя на “месцы злачынства” апынулася праз некалькі секунд, я быў здзіўлены такой аператыўнасці, таму да сёння перакананы, што той выпадак быў справакаваны. А далей размова была кароткай: або новая “крыміналка” за абразу Лукашэнкі, або тэрміновы выезд з краіны. Пры гэтым, самі людзі ў пагонах мне яго і прапанавалі. Не з’ехаў бы, ізноў бы пасадзілі. Я больш чым упэўнены ў гэтым. Таму хутка сабраў рэчы, забраў жонку і паехаў. Напачатку ў Маскву, потым у Кіеў, а далей – у Чэхію. Прыйшлося на сабе адчуць усе “радасці” лагера для патэнцыйных эмігрантаў, пакуль статус уцекача ўдалося атрымаць.

– Экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, які апошнім часам таксама жыў у Чэхіі, не так даўно вярнуўся ў Беларусь. Вы пра вяртанне не думаеце?

– Пакуль такіх планаў няма. У Чэхіі я хоць і не адчуваю сябе да канца “мясцовым”, але і ў Беларусь вяртацца не хачу. Безумоўна, сумую па родных, па сябрах, па мінскіх вуліцах, але вярнуцца не магу. У Чэхіі ў мяне нарадзіўся сын, які не гаворыць па руску – ён ведае чэшскую, англійскую і беларускую мову. Клопат аб ягоным лесё (у тым ліку, мяне) і трымае ў Чэхіі. Хачу, каб у сына была сапраўдная еўрапейская будучыня. На вялікі жаль, знаходжанне ў сёняшняй Беларусі такіх гарантый даць не можа. Хаця, безумоўна, не выключаю, што рана ці позна на Радзіму ўсё-такі вярнуся. Але на сёняшні дзень гаварыць пра гэта заўчасна.

– Вы былі адным з першых, хто фактычна стаў у Беларусі палітвязнем. Аб тым, што зрабілі тады, у 1997-м, не шкадуце?

– Я ніводнага дня пра гэта не шкадаваў. Скажу больш, я не думаў, што мая справа пойдзе так далёка. Справа ў тым, што ў маленькіх беларускіх гарадах, вёсках і мястэчках і да нас распісывалі сцены палітычнымі графіці. Прысуды па тых справах былі не такія жорсткія – альбо штраф, альбо “суткі”. А на нашай справе нехта, напэўна, захацеў зрабіць кар’еру ці быў нейкі загад “зверху”. Зараз гэта не так істотна. Істотна тое, што шэсць месяцаў да суда я адсядзеў спачатку ў ізалятары на Валадарскага, а потым у Жодзінскім СІЗА і не ведаў, чым, у рэшцэ рэшт, усё скончыцца. Дакладней, ведаў, што, хутчэй за ўсё, пасадзяць. А вось, на колькі? Пра гэта мог толькі здагадвацца. Была “крамольная” думка напісаць пакаяльны ліст на імя кіраўніка краіны, думаў, што так хутчэй апынуся дома. А потым вырашыў – ніякіх пакаянняў ад мяне не будзе. Затое цяпер жыву са спакойным сумленнем і ўсведамленнем таго, што не пераступіў праз сябе.

А следчы, які вёў маю справу, наколькі мне вядома, і на самай справе зрабіў кар’еру. Пайшоў на павышэнне, трапіў у Мінск… А потым я даведаўся, што ён скончыў жыццё самагубствам.

– Пасля першага рэальнага тэрміну, вы, замест таго, каб кінуць актыўную грамадскую дзейнасць, вырашаеце стварыць рух негвалтоўнага супраціву “Зубр”. Няўжо не было разумення, што ўлады не дадуць вам спакойна дыхаць і працаваць?

– “Зубр” ствараўся, як арганізацыя, на мэце якой была еўрапейская будучыня Беларусі. Мы раскідвалі ўлёткі, ладзілі акцыі, малявалі графіці. Кагосьці злавала тое, што мы робім. Маўляў, усё гэта дзяцінства, несур’ёзна… Аднак усе нашыя акцыі былі прадуманыя і спланаваныя. Лічыце, гэта былі часцінкі галоўнага. А галоўным для нас тады было змяніць уладу на дэмакратычную. На выбарах 2001 году мы былі гатовыя падтрымаць вулічныя пратэсты, аднак тагачасныя апаненты Лукашэнкі на чале з Уладзімірам Ганчарыкам не былі гатовыя падтрымаць такі пратэст у поўнай меры. Можна сказаць, што шэраговыя актывісты апынуліся ў гэтым плане больш рашучымі.

Вынік выбараў-2001 стаў ударам для “зубраўцаў”. А канчатковае рашэнне пра спыненне дзейнасці гэтай арганізацыі было прынята пасля таго, як беларускія ўлады прынялі сумнавядомы закон аб дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Рэальна паглядзеўшы на рэчы, мы зразумелі, што афіцыйна зарэгістраваць “Зубр” у Беларусі не атрымаецца, а таму вырашылі не падстаўляць уласных актывістаў пад удар і самараспусціліся.

– Тым не менш, вас працягвалі з зайздроснай перыядычнасцю адпраўляць за краты…

– Я спрабаваў распачаць “нармальнае жыццё” і тады, калі займаўся грамадскай дзейнасцю. З-за яе, дарэчы, быў адлічаны з журфака БДУ, пасля перавёўся ў адзін са сталічных прыватных інстытутаў на тую ж спецыяльнасць. Праўда, яго я таксама не скончыў. Працаваў у незалежных выданнях, ладзіў нейкія палітычныя акцыі ўжо па-за “Зубром”, за што і адпраўляўся “на суткі”. Нервы ў кожнага чалавека не жалезныя, і да “пасадак” гэтых прызвычаіцца нельга. Пераломным для мяне стаў якраз 2007-ы год, калі я літаральна “прапісаўся” у спецпрыёмніку на Акрэсціна. Мяне туды адпраўлялі нават за тое, што я быццам бы лаяўся матам ва ўласнай кватэры, а пільны участковы, які праходзіў міма маіх дзвярэй, усё гэта чуў. Я адчуў, што спакойна жыць у гэтай краіне мне не дадуць.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні