Аляксей Шыдлоўскі: “Беларусь з-за мяжы бачылася па-рознаму, але стаўленне да палітычных апанентаў у краіне не мяняецца”

Чалавек, які ўвёў моду пісаць каляровымі фарбамі “Жыве Беларусь!” Чалавек, якога за гэта пасадзілі ў турму, выгналі з універсітэта… Напрыканцы 90-х гэткая біяграфія яшчэ не была надта распаўсюджанай у Беларусі. Зразумела, што калі праз некалькі гадоў гэты чалавек вымушана пакінуў краіну, усе, нават ён сам, былі ўпэўненыя: ненадоўга… На пытанні сайту palitviazni.info адказвае былы палітвязень, маладафронтавец, зубровец, а потым палітычны эмігрант Аляксей Шыдлоўскі.
— Аляксей, Вы жывяце ў Празе. Якой бачыцца Беларусь і падзеі ў ёй з Еўропы? Ці змянялася гэтае бачанне за тыя гады, што давялося жыць па-за межамі Беларусі?

— Я зьехаў шэсьць гадоў таму. Час умоўна не вялікі. Але пры “абсалютнай” эміграцыі, калі няма магчымасьці наведваць радзіму, гэта тэрмін, пасьля якога ў памяці пачынаюць сьцірацца малюнкі гораду, у якім жыў, і застаецца толькі самае роднае. А яго мала. Таму маё бачаньне Беларусі і падзей там – зараз скрозь суб’ектыўнае. Я, што праўда, так і не змог цалкам перайначыцца і па-ранейшаму жыву ў беларускай інфармацыйнай прасторы. Зранку найперш адчыняю “Нашу Ніву”, і толькі пасьля — seznam.cz.
Беларусь з-за мяжы для мяне стала выглядаць па-іншаму, гэта праўда. Ідэалістычна-рамантычныя фантазіі зьмяніліся рэалістычным і таму вельмі песімістычным бачаньнем сітуацыі. Не думаю, што нешта зьменіцца да лепшага ў бліжэйшы час, але буду вельмі рады памыліцца.

— Як цяпер згадваюцца крымінальныя справы супраць Вас?
— Ну, гэта ў любым выпадку адны з самых яскравых старонак жыцьця! Цяжка разважаць, так ці па-іншаму склалася б жыцьцё, калі б гэтых спраў не было. Але тое, што яны пабудавалі маю лінію быцьця, адмаўляць нельга. Шмат добрых і шмат дрэнных знаёмстваў, ужытыя і нескарыстаныя шанцы, нават асабістае жыцьцё – усё гэта было так ці па-іншаму зьвязана з крымінальным перасьледам. Дрэннае забываецца хутка, і нават самыя непрыемныя рэчы зараз успамінаюцца з жартам. Хаця мая жонка, напрыклад, такіх жартаў не разумее, як і не разумее, як я магу зараз з усьмешкай да ўсяго гэтага ставіцца. Але гэта істотная частка жыцьця. Не ведаю, ці будзе ў маім жыцьці яшчэ нешта (акрамя нараджэньня сына) больш узрушальнае для ўспамінаў і псіхікі.

— Умовы ўтрымання ў беларускай турме і стаўленне да палітычных вязьняў — ці назіраецца нейкая эвалюцыя ва ўсім гэтым?
— Як раз нядаўна бачыліся з Сашам Атрошчанкавым і размаўлялі на гэтую тэму. Ён распавядаў гісторыі з году 2011-га, а мне падавалася, што ён распавядае пра год 1998-ы. Проста адзін у адзін. Так што, думаю, ў гэтым пытаньні ўсё па-ранейшаму.

— Можаце ўяўвіць сваё вяртанне на Радзіму?
— Так, магу. Але не бачу перадпасылак для гэтага ў бліжэйшы час. Закрыцьцё крымінальнай справы, сталае спыненьне перасьледу апанентаў рэжыму і г.д. Гэта ўсё іншыя ўцекачы сто разоў казалі да мяне, не хачу паўтарацца. Але ўяўляю сітуацыі, што магу вярнуцца і без усіх гэтых умоваў, і яны не такія і нерэальныя. Час пакажа. Пакуль што я тут і спрабую абжывацца.

— Ці чуваць ў Еўразвязе і ў Чэхіі, у прыватнасці, нешта пра нашых палітычных зьняволеных? Звычайны еўрапеец пра іх хоць нешта ведае?
— Зноў такі, погляд тут мой суб’ектыўны. Пэўныя дэмакратычныя колы ў Чэхіі, зь якімі даводзіцца сустракацца, паказваюць веданьне сітуацыі. Якое-ніякае. Але калі размаўляеш з людзьмі, аддаленымі ад міжнароджнай палітыкі, то пры слове “Беларусь” асацыяцый няма. Лукашэнка вельмі зрэдку. Пра нашых палітычных зьняволеных я ўжо не кажу. Ва ўсіх свае праблемы, у тым ліку і ў Чэхіі. І фокус увагі найперш скіроўваецца туды.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Дрозд