Мікіта Сасім

Калі на адной з акцыяў амапаўцы адабралі ў Мікіты Сасіма нацыянальны беларускі сьцяг, ён падвесіў на вуду зьнятую з сябе джынсавую кашулю, якая стала новым сымбалем супраціву.

Мікіта Сасім нарадзіўся ў г. Баранавічы Берасьцейскай вобласьці. Пасьля школы вучыўся ў каледжы лёгкай прамысловасьці, дзе некаторы час зьяўляўся старшынём суполкі БРСМ (якая пазьней у поўным складзе на добраахвотнай аснове далучылася да моладзевага руху “Зубр”). Празь некалькі дзён пасьля зьвязанага з гэтым скандалу ў каледжы Мікіта першы раз быў асуджаны на 10 сутак за распаўсюд незалежных выданьняў. Прыкладна празь месяц, у траўні 2004 быў выключаны з каледжу.

У далейшым малады чалавек неаднаразова караўся адміністратыўнымі арыштамі за ўдзел у апазыцыйных акцыях. 16 верасьня 2005 г. на акцыі “Мы памятаем!” у Менску быў зьбіты АМАПаўцамі і патрапіў у шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай.

У 2001-2002 гг. быў адным з абаронцаў Курапатаў — мэмарыялу сталінскіх рэпрэсій пад Менскам, празь які ўлады ў той час намераваліся пракласьці аўтатрасу. У 2005-2006 гг. браў удзел у моладзевай кампаніі “Джынс”.

Храналёгія перасьледу

У 2005 годзе супраць Мікіты Сасіма была ўзбуджаная крымінальная справа. Ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 8 студзеня і абвінавачаны ў тым, што зрабіў графіці “Свабоду Марынічу” на будынках па прасьпекце Францыска Сакрыны і вуліцы Валадарскага ў Менску. Пасьля затрыманьня трое сутак знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрыманьня, пасьля чаго яму было прад’яўленае абвінавачаньне па ч. 1 арт. 218 Крымінальнага кодэксу (наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне маёмасьці). 5 красавіка 2005 г. справа была спыненая з прычыны нязначнасьці нанесенай шкоды.

14 сакавіка 2006 г. Мікіта Сасім быў затрыманы ў Менску і абвінавачаны ва ўхіленьні ад прызыву на вайсковую службу. Да суду два месяцы знаходзіўся ў сьледчым ізалятары ў Баранавічах. 12 траўня 2006 г. быў асуджаны да трох месяцаў арышту. Пасьля вызваленьня, нягледзячы на судзімасьць, яго некалькі разоў спрабавалі забраць у войска. Праз гэта Мікіта Сасім пакінуў Рэспубліку Беларусь.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Шарамет