
Уладзімер Плешчанка — старшыня Віцебскай рады БНФ “Выбар”, пасьля распаду партыі — сябра КХП-БНФ.
Нарадзіўся 26 ліпеня 1948 году ў вёсцы Вароны Віцебскага раёну.
Памёр там жа 20 траўня 2006 году ад сардэчнай хваробы.
Храналёгія перасьледу
Быў затрыманы 2 верасьня 1998 году па падазрэньні ў дэмантажы бюсту расейскага палкаводца А. Суворава ў Віцебску. Супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ: 225 – “зьнішчэньне ці пашкоджаньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў” і 87 — “крадзеж маёмасьці”. У хуткім часе артыкул 87 КК РБ быў адменены з-за таго, што бюст аказаўся вырабленым не з каштоўнага мэталу, але У. Плешчанку прад’явілі абвінавачаньне па арт. 201 ч. 2 КК РБ – “злоснае хуліганства”. Уладзімер Плешчанка амаль восем месяцаў, пакуль ішло сьледзтва, знаходзіўся ў СІЗА г. Віцебску.
29 сакавіка 1999 году адбыўся суд, у ходзе якога былі разбураныя ўсе пункты абвінавачаньня. Судовая справа была адпраўленая на дарассьледаваньне, а Уладзімеру Плешчанку была змененая мера стрыманьня – арышт на падпіску аб нявыезьдзе. Нягледзячы на тое, што час для сьледзтва страчаны, а шэраг сьледчых працэдур зробленыя незаконна, што пацьвердзіў суд, ціск на У. Плешчанку працягваўся. Выйшаў на свабоду 26 траўня 1999 году. Быў за кратамі 267 дзён. Суд прызнаў яго невінаватым.