
Тацяна Елавая — вядомая беларуская блёгерка. Адна з арганізатарак і удзельніцаў намётавага мястэчка пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, якая больш за трое сутак, да арышту ўсіх удзельнікаў, прыходзіла на Кастрычніцкую плошчу Менску “Плошча Каліноўскага”. Праз 3 месяцы пасьля гэтай акцыі частка яе ўдзельнікаў аб’ядналася і ўтварыла ў Вільні рух супраціву “Бунт”, які потым самаліквідаваўся.
Храналёгія перасьледу
Крымінальная справа супраць моладзевых актывістаў Дзяніса Дзянісава і Тацяны Елавой была ўзбуджаная па ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Паводле начальніка аддзелу па наглядзе за сьледзтвам у органах унутраных справаў пракуратуры Віцебскай вобласьці, дарадцы юстыцыі В.А. Забаўскага, “Дзянісаў Д.В. сумесна зь іншымі асобамі ў колькасьці ня менш за 25 чалавек, якія мелі пры сабе больш за 1000 улётак, 17.06.2006 г. у вячэрні час быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі пры замаху на правядзеньне незаконнай акцыі “БУНТ” у Летнім амфітэатры ў г. Віцебску”.
19 чэрвеня 2006 году была ўзбуджаная крымінальная справа, а ў кастрычніку вынесеная пастанова аб прызнаньні Д. Дзянісава і Т. Елавой абвінавачваемымі.
Тацяна Елавая пакінула Беларусь, вырваўшыся з аблогі міліцыі і спэцслужбаў яе дому ў Менску. Яна здолела выйсьці з кватэры, што знаходзіцца на 8-м паверсе шматпавярховіка, спусьціўшыся па скінутай у вакно вяроўцы. Скончыла ўнівэрсытэт у Вільні. Жыве і працуе ў Эўропе.
30 траўня 2007 г. крымінальная справа супраць Дзяніса Дзянісава і Тацяны Елавой была спыненая з-за адсутнасьці складу крымінальнага злачынства.
У ліпені 2009 г. Тацяне Елавой, вядомай у блёгасфэры пад нікам Zmagarka, пагражалі забойствам расейскія нацысты — за зьмяшчэньне ў сваім блёгу на ЖЖ відэароліка аб зьверскім забойстве чачэнскімі баевікамі расейскага палоннага. Елавая заклікала расейскія ўлады спыніць вайну на Каўказе, ад якой церпяць абодва ваюючыя бакі.