Бесчалавечнае абыходжанне з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі і пагрозы іх жыццю павінны быць неадкладна спыненыя

Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і яе сяброўская арганізацыя ў Беларусі, Праваабарончы цэнтр “Вясна“, рашуча асуджаюць бесчалавечнае абыходжанне з палітычнымі зняволенымі ў турмах Беларусі, у тым ліку адсутнасць здавальняючага медыцынскага абслугоўвання, псіхалагічны ціск у спалучэнні з пастаяннымі пагрозамі смерці і неабгрунтаваным этапаваннем зняволеных.
Пагрозы жыццю і неабгрунтаванае этапаванне

Былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, асуджаны да пяці гадоў зняволення 1 траўня 2011 г., падвяргаецца пастаяннаму псіхалагічнаму і фізічнаму ціску і пагрозам смерці, у тым ліку падчас апошняга свайго этапавання. За час этапу, з 20 па 30 верасня, яго перавялі з Наваполацкай папраўчай калоніі, дзе ён адбываў свой тэрмін, спачатку ў СІЗА № 2 у Віцебску, а затым – у СІЗА № 4 у Магілёве, дзе ён чакаў далейшага этапавання ў Бабруйскую калонію. Этап уяўляе сабой сур’ёзнае псіхалагічнае і фізічнае выпрабаванне, якое суправаджаецца абмежаваннямі харчавання і сну, доступу да адвакатаў, а родным і блізкім не прадастаўляецца інфармацыі пра месцазнаходжанне зняволенага. Саннікаву ўдалося сустрэцца са сваімі адвакатамі толькі 26 верасня, падчас знаходжання ў магілёўскім СІЗА на шляху ў калонію ў Бабруйск. Саннікаў паведаміў адвакату, што зняволены ў магілёўскім СІЗА папярэдзіў яго, што яго могуць забіць на этапе або па прыбыцці ў Бабруйск. Нягледзячы на пратэсты Саннікава супраць этапавання без прадастаўлення гарантый яго бяспекі, 30 верасня ён быў прымусова накіраваны ў Бабруйск. Паведамляецца, што ў яго пыталіся перад адпраўкай, чаму ён не згаджаецца палегчыць свой стан, падпісаўшы прашэнне пра памілаванне на імя прэзідэнта Беларусі.
Зміцер Дашкевіч, лідэр руху «Малады фронт», асуджаны 24 сакавіка 2011 г. да двух гадоў пазбаўлення волі, знаходзіўся ў адной камеры з Андрэем Саннікавым падчас іх ўтрымання ў СІЗА № 4 г. Магілёва. Зміцер Дашкевіч таксама некалькі разоў падвяргаўся неабгрунтаванаму этапаванню. Да пераводу ў калонію ў г. Глыбокае ў канцы верасня, праз магілёўскае і віцебскае СІЗА, ён адбываў тэрмін у калоніі № 9 у г. Горкі, дзе пачаў галадоўку ў знак пратэсту супраць умоў зняволення. Пасля сустрэчы з Дашкевічам у СІЗА Магілёва  Андрэй Саннікаў паведаміў сваім адвакатам, што той знаходзіцца ў рэзка саслабелым стане, як фізічна, так і псіхалагічна. Дашкевіч таксама атрымліваў пагрозы пра магчымую фізічную расправу. Паводле слоў зняволенага, які знаходзіўся з ім у адной камеры ў Магілёве, Дашкевіча збіраліся забіць па прыбыцці ў папраўчую калонію ў г. Глыбокае.Псіхалагічны ціск, які ў цэлым аказваецца самім працэсам этапавання, вельмі вялікі. Таму неабгрунтаваныя пераводы, якія ажыццяўляюцца без належнай падсправаздачнасці, могуць быць прыроўненыя да бесчалавечнага абыходжання. FIDH і ПЦ “Вясна” асуджаюць ціск і беспакаранасць, у атмасферы якіх было арганізавана этапаванне, і асцерагаюцца, што пагрозы ў дачыненні да Саннікава і Дашкевіча – частка наўмыснай стратэгіі аказання на іх ціску ў кантэксце намаганняў міжнароднай супольнасці, накіраваных на безумоўнае вызваленне палітычных зняволеных.
Нездавальняючае медыцынскае абслугоўванне
Зміцер Бандарэнка, актывіст выбарчай кампаніі Андрэя Саннікава, быў пераведзены з СІЗА на вул. Валадарскага 31 жніўня 2011 г. у папраўчую калонію № 15 у Магілёве ў атмасферы поўнай сакрэтнасці, нягледзячы на непакой, які выклікае стан яго здароўя. Гэты перавод быў асабліва небяспечны для яго, паколькі ў пачатку жніўня ён перанёс аперацыю на пазваночніку па выдаленні кілы, паралізаваўшай яго правую нагу. Медыцынская дапамога, з просьбай пра якую ён звяртаўся яшчэ з лютага 2011 г., была аказана яму толькі ў чэрвені. Праз два тыдні пасля аперацыі, 17 жніўня, яго выпісалі з бальніцы № 5 г. Мінска і адправілі назад у СІЗА Міністэрства ўнутраных спраў на вул. Валадарскага, не забяспечыўшы неабходнай пасляаперацыйнай рэабілітацыі. Пасля аперацыі ў яго развілася ўскладненне – абсцэс на назе, аднак і гэта не перашкодзіла ўладам арганізаваць яго таемнае этапаванне ў Магілёў. Стан здароўя Бандарэнкі не дазваляе яму сядзець, а ў сувязі з тым, што ў дзённы час ў зняволенні забаронена ляжаць, ён вымушаны цэлы дзень праводзіць стоячы. Варта нагадаць, што траціна тэрміну Зміцера Бандарэнкі мінула яшчэ да аперацыі, 20 чэрвеня, і ён звярнуўся з прашэннем пра замену пакарання на больш мяккае, што прадугледжана артыкулам 91 Крымінальнага кодэкса. У задавальненні просьбы было адмоўлена. Жонцы Бандарэнкі практычна нічога не вядома пра стан здароўя яе мужа на цяперашні момант.
Вельмі мала інфармацыі даступна і пра становішча іншых палітычных зняволеных. Былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, асуджаны 26 мая 2011 г. да шасці гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму, па паведамленнях, змяшчаецца ў папраўчай калоніі ў г. Шклове. Яго жонка Марына Адамовіч не атрымлівала ад яго вестак больш за тры тыдні.
Алесь Бяляцкі, віцэ-Прэзідэнт FIDH і кіраўнік ПЦ “Вясна”, арыштаваны 4 жніўня 2011 года, згодна з паведамленнямі, да канца гэтага месяца павінен паўстаць перад судом. Нягледзячы на гарантыйныя абавязацельствы, падпісаныя прыблізна тысячай грамадзянаў, мера стрымання ў выглядзе пазбаўлення волі для Бяляцкага застаецца ранейшай, і ён чакае суду ў СІЗА г. Мінска. Ад самага пачатку заключэння яго родным адмаўляюць у праве на спатканні, а яго калегі асцерагаюцца правядзення закрытага судовага паседжання з мэтай прадухіліць незалежнае назіранне за судовым працэсам.
Ціск на палітычных зняволеных у Беларусі і жорсткае абыходжанне з імі неаднаразова асуджаліся міжнароднымі арганізацыямі, як, напрыклад, прадстаўнікамі краін Еўрапейскага Саюза падчас апошняга саміту Усходняга партнёрства, які праходзіў у Варшаве 29-30 верасня.
FIDH і праваабарончы цэнтр “Вясна” рашуча заяўляюць, што жыццё і здароўе зняволеных не могуць быць аргументамі ў якіх-небудзь палітычных перамовах.“Абыходжанне, якому падвяргаюцца зняволеныя актывісты ў Беларусі, цалкам недапушчальнае”, – заявіла Суэр Белхасэн, прэзідэнт FIDH.
FIDH і праваабарончы цэнтр “Вясна” заклікаюць:
• да безумоўнага і неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, у тым ліку віцэ-прэзідэнта “FIDH” Алеся Бяляцкага, і іх поўнай рэабілітацыі;
• да рэабілітацыі і аднаўлення на пасадзе адвакатаў, пазбаўленых ліцэнзіі за выкананне свайго прафесійнага абавязку;
• да спынення любых далейшых пераследаў па палітычных матывах.
Толькі прыняцце гэтых мераў і далейшыя незваротныя змены ў заканадаўстве, якія на цяперашні час ўжываюцца ўладамі Беларусі з мэтай падаўлення любых крытычных выступленняў, могуць служыць асновай для працягу палітычнага і эканамічнага дыялогу з Беларуссю.
“Мы таксама глыбока занепакоеныя тым, што, нягледзячы на вызваленне некаторых палітычных зняволеных, улады Беларусі працягваюць ўзмацняць рэпрэсіўны апарат, – паведаміла Суэр Белхасэн. – Прыняцце 3 кастрычніка парламентам Беларусі змяненняў у Закон “Аб масавых мерапрыемствах” Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях, якія ўстанаўліваюць адказнасць не толькі за правядзенне несанкцыянаваных мерапрыемстваў, але і за масавую бяздзейнасць, сведчыць пра памкненні (у дадзеным выпадку даходзіць да абсурду) прадухіліць любыя спробы свабоднага выказвання меркаванняў. Толькі адмову ад гэтай тэндэнцыі можна разглядаць як гарантыю сапраўднай змены сітуацыі”.
Парыж – Мінск

5 кастрычніка 2011 года

, , , , - у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

31.12.2020 Марына Адамовіч: Міколу “катуюць” патрыятычнымі спевамі

24.12.2020 Зміцер Дашкевіч: Я натхніўся, што трэба і далей асвятляць палітвязняў лістамі з волі

17.11.2020 Мікалай Статкевіч: У камерах адключаюць кнопкі тэрміновага выкліку кантралёра

29.10.2020 Мікалаю Статкевічу працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяцы

27.10.2020 Чаму не праводзяцца следчыя дзеянні з удзелам Мікалая Статкевіча?

30.09.2020 Мікалай Статкевіч змяніў ужо чацвёртую камеру

28.09.2020 Зміцер Дашкевіч: На мяне паабяцалі скласці восем пратаколаў

09.09.2020 “На гвалт і катаванні быў загад”. Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі прааналізаваў месяц, які пражыла краіна пасля выбараў

31.08.2020 Мікалай Статкевіч пакінуў у СІЗА-1 “гаспадарку”

05.08.2020 “Усё гэта мне нагадвае нейкае дэжавю…” Дзевяць гадоў таму быў арыштаваны кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі

Іншыя палітычныя вязьні

  • Яўген Сакрэт
  • Вячаслаў Сіўчык
  • Зьміцер Паліенка
  • Наста Дашкевіч
  • Уладзімір Кондрусь