“На гвалт і катаванні быў загад”. Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі прааналізаваў месяц, які пражыла краіна пасля выбараў

“Можна сказаць, што сёння ў Беларусі ў двубоі сышлося Дабро і Зло, – распавёў Алесь Бяляцкі сайту palitviazni.info. – Варта адзначыць, што Зло – добра ўзброенае, мае дзяржаўныя механізмы. У іх і зброя, і суды, і сілавыя структуры. А з боку Дабра – толькі нечуваныя для краіны мірныя пратэсты, якія збіраюць сотні тысяч людзей. І гэтая барацьба працягваецца…”

9 жніўня ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Масавыя фальсіфікацыі прывялі да таго, што людзі выйшлі на вуліцу з мірнымі пратэстамі па ўсёй краіне.

У адказ ўлады напоўніцу запусцілі рэпрэсіўны механізм. За гэты месяц мы ўбачылі шматлікія факты катаванняў, збіцця і нават забойствы людзей, але пратэсты не спыняюцца і сёння…

– Гэта быў унікальны і нават гістарычны месяц, – кажа Алесь Бяляцкі. – Як праваабаронцы мы адзначаем з аднаго боку вялізны масштаб рэпрэсій з боку ўладаў у дачыненні да беларусаў, а з іншага – няспынны супраціў і абурэнне фальсіфікацыямі падчас выбараў, кампаніяй пераследу грамадскіх актывістаў і ціску на людзей.

Адным словам, можна сказаць, што ў Беларусі ў двубоі сышлося Дабро і Зло. Варта адзначыць, што Зло – добра ўзброенае, мае дзяржаўныя механізмы. У іх і зброя, і суды, і сілавыя структуры. А з боку Дабра – толькі нечуваныя для краіны мірныя масавыя пратэсты, якія збіраюць сотні тысяч людзей. І гэтая барацьба працягваецца.

За гэты час у Беларусі з’явіліся дзесяткі новых палітвязняў, і гэты спіс пастаянна папаўняецца. Больш за тысячу людзей прайшлі праз бальніцы, тысячы былі збіты пры затрыманнях.

Безумоўна, мы жадаем справядлівасці, і тое самае патрабуюць грамадзяне Беларусі. Яны патрабуюць, каб тыя, хто ўчыняў масавыя злачынствы супраць беларусаў, былі пакараныя. Патрабуюць свабодных выбараў і выхаду палітычных зняволеных на волю.

Гэта тры ясныя патрабаванні гучаць і з боку працоўных калектываў, і з боку студэнтаў і дэманстрантаў, і, натуральна, з боку праваабаронцаў.

– На ваш погляд, чаму мы ўбачылі такую жорсткасць з боку сілавікоў у дачыненні да людзей? Быў такі загад альбо гэта праявы неадэкватных дзеянняў асобных праваахоўнікаў?

– Мы насамрэч сутыкнуліся з дзікімі праявамі аўтарытарнага рэжыма, хаця, мяркуючы па апошніх заявах Аляксандра Лукашэнкі, ён не збіраецца расследваць масавыя злачынствы і, такім чынам, па сутнасці прыкрывае іх.

Зрэшты, 20 гадоў таму ў Беларусі таксама знікалі вядомыя палітыкі і тады менавіта Лукашэнка прыпыніў следства па пошуку Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі і Дзмітрыя Завадскага. Зараз сітуацыя паўтараецца. Але адрозненне ў тым, што зараз сведкамі і ахвярамі былі тысячы чалавек. І народ усё роўна будзе патрабаваць справядлівага разбіральніцтва і, у рэшце рэшт, асуджэння тых, хто быў вінаваты.

Сабраўшы шматлікія факты, можна сказаць, што была сістэмная ўстаноўка на жорсткасць, гвалт і катаванні над людзьмі, бо такое адбывалася ў розных гарадах Беларусі, а не толькі ў сталіцы. Відавочна, што ў сілавых структур (у першую чаргу АМАПа, які здзяйсняў злачынствы), былі развязаны рукі. Была ўстаноўка, што можна ўжываць любую сілу, каб падавіць грамадзянскую актыўнасць і праз страх спыніць выхады людзей на вуліцу.

Зразумела, што гэтыя загады ішлі з самага верху і выказванні Лукашэнкі пацвярджаюць, што выканаўцам быў дадзены карт-бланш. Гэта, безумоўна, яшчэ трэба даследваць і расследваць, але самі выканаўцы не маглі ўзяць такую адказнасць на сябе. Значыцца былі адпаведеныя ўказанні на максімальнае ўжыванне гвалту і сілы, і сілавікі рабілі тое, што хацелі.

– Ці можна казаць, што сёння мы бачым раскол у беларускім грамадстве?

– Сітуацыя, безумоўна, напружаная, і, трэба прызнаць, што частка людзей з тых ці іншых прычын падтрымлівае Лукашэнку. Нехта корміцца з гэтых рук (тыя ж самыя сілавікі), хтосьці мае такія светапогляды.

Але ўпэўнены, што такіх значна меней, чым было раней. Сёння большая частка грамадства якраз выступае за карэнные змены ў краіне. Сітуацыя моцна адрозніваецца ад той, што была 10-15 гадоў таму, калі ў Лукашэнкі рэальна была істотная падтрымка насельніцтва.

Зараз блок сілавікоў пакуль выконвае загады ўлады і, дзякуючы інструменту гвалту, ім удаецца падаўляць пратэсты. Палітыка рэпрэсій супраць уласнага народа працягваецца.

– Што далей чакае краіну? Як будзе складвацца сітуацыя ў бліжэйшы час?

– Супраціў працягваецца, незадавальненне людзей ўсё большае і большае, бо ўладам ўдаецца настройваць супраць сябе ўсё новыя слаі грамадства. Яскравы прыклад – забарона на ўезд у краіну Арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, які раней заклікаў спыніць гвалт у Беларусі.

Фактычна адразу ўлады настроілі супраць сябе большасць вернікаў-каталікоў. Нават тых, хто раней вынікі выбараў лічыў неістотнымі. Але зараз многія вернікі палічылі забарону на ўезд Кандрусевічу асабістай абразай. Тое самае тычыцца і іншых групаў насельніцтва – тых жа студэнтаў, якія падвергліся рэпрэсіям. Затрыманні жанчын таксама выклікаюць хвалю абурэння ў людзей.

Але цяжка прагназаваць, як далей будуць развівацца падзеі. Адзінае можна сказаць, што ніколі ўжо Беларусь і беларускае грамадства не будуць ранейшымі, калі былі цалкам звязаны па руках і нагах дзяржаўнымі і паўдзяржаўнымі арганізацыямі, працоўнымі кантрактамі, якія дазвалялі кантраляваць людзей. Людзі прачнуліся…

palitviazni.info

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

09.09.2020 “На гвалт і катаванні быў загад”. Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі прааналізаваў месяц, які пражыла краіна пасля выбараў

05.08.2020 “Усё гэта мне нагадвае нейкае дэжавю…” Дзевяць гадоў таму быў арыштаваны кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі

03.06.2020 Алесь Бяляцкі: Улады паказваюць, што не збіраюцца гуляць па правілах

07.05.2020 Алесь Бяляцкі: У Беларусі асноўны удар накіраваны на блогераў

09.04.2019 Алесь Бяляцкі: Пераслед незалежных СМІ у гэтым годзе толькі ўзмацніўся

21.03.2019 Алесь Бяляцкі: Няма ніякага сумневу, што справа Аюба Ціціева – палітычная

31.05.2018 Алесь Бяляцкі: Перакананы, што лідараў незалежнага прафсаюза не пасадзяць

30.03.2018 Алесь Бяляцкі: Рэпрэсіўныя механізмы працягваюць працаваць

22.03.2018 Алесь Бяляцкі: Улады зрабілі больш жорсткай тактыку рэпрэсій

28.12.2017 Алесь Бяляцкі: Гэта быў няпросты і досыць трывожны год

Іншыя палітычныя вязьні