Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі распавёў сайту palitviazni.info пра ціск на блогераў і ўзмацненне рэпрэсій падчас прэзідэнцкай кампаніі.
“Улады найперш разглядаюць блогераў, як рэальную інфармацыйную пагрозу”, – кажа праваабаронца.
Нагадаем, што днямі быў затрыманы стваральнік ютуб-канала “Краіна для жыцця” Сяргей Ціханоўскі, пасля чаго ў Мінску, Гродне і Магілёве прайшлі акцыі ў падтрымку блогера.
Таксама затрыманы і брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін.
– Улады найперш разглядаюць блогераў, як рэальную інфармацыйную пагрозу, – лічыць Алесь Бяляцкі. – Пры гэтым тэндэнцыя на пераслед блогераў фарміруецца ўжо некалькі гадоў. Мы гэта заўважаем з 2017 году, з часоў так званых “Маршаў дармаедаў”.
За гэтыя гады распаўсюд інфармацыі ўдасканальваўся, з’явіліся новыя асобы, і гэта пашыраецца, нягледзячы на персанальны прэсінг на людзей. А зараз, у звязку з прэзідэнцкай кампаніяй, мы бачым, што ціск на блогераў узмацняецца.
– Улады спрабуюць тэрмінова “навесці парадак” у інфармацыйнай прасторы?
– Так, і з гэтым звязана, дарэчы, пазбаўленне акрэдытацыі журналістаў расійскага Першага канала.
А ў Беларусі асноўны удар накіраваны на блогераў. Сяргей Ціханоўскі і Сяргей Пятрухін – гэта тыя два чалавекі, якія прыцягваюць да сябе найбольшую ўвагу.
Ціханоўскаму, да слова, яшчэ застаецца адсядзець 15 сутак адміністрацыйнага арышту. У блогера “Шэрага Ката” таксама застаюцца “суткі” пра запас, таму відавочна, што гэтыя людзі апынуліся на вастрыні ўдара з боку беларускіх уладаў.
І гэта я расцэньваю, як наступ на інфармацыйную прастору, на свабоду распаўсюду інфармацыі. Гэта класічнае парушэнне правоў чалавека. Натуральна, мы лічым, што такія меры рэпрэсій абсалютна неапраўданыя.
– Ці варта чакаць узмацнення рэпрэсій падчас прэзідэнцкай кампаніі?
– Так заўсёды было, бо павялічвалася актыўнасць грамадзян, а зараз у Беларусі наогул асаблівая сітуацыя. Яна адбываецца падчас эпідэміі, таму цяжка сказаць, наколькі гэтая актыўнасць будзе ўзмацняцца.
Але Сяргей Ціханоўскі абвясціў, напрыклад, што збіраецца быць кандыдатам у прэзідэнты. Пры гэтым выступае з жорсткай крытыкай беларускага кіраўніка. Суадносна, можна чакаць павелічэння рэпрэсій у адносінах да такіх актыўных апанентаў сённяшняй улады.
palitviazni.info