Алесь Бяляцкі: Рэпрэсіўныя механізмы працягваюць працаваць

Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі прааналізаваў для сайта palitviazni.info сакавіцкія падзеі.

“Улады не ўсведамляюць ці не хочуць разумець, што беларусы ўсё-такі маюць права на свабодныя сходы і ўспрымаюць гэта, як прамую пагрозу для сябе. Хаця гэтае права нам гарантавана і Канстытуцыяй, і міжнароднымі пагадненнямі, якія падпісала Беларусь”, – кажа праваабаронца.

– Сакавік быў адметным месяцам, – кажа Алесь Бяляцкі. – 25 сакавіка адзначалі 100 годдзе абвяшчэння незалежнасці БНР і яшчэ за некалькі месяцаў да гэтага было зразумела, што гэты дзень стане ў пэўным сэнсе і святам і выпрабаваннем, як для ўладаў, так і для грамадзянскай супольнасці.  Бо, калі зазірнуць у гісторыю апошніх 20 гадоў, то можна заўважыць, што, зазвычай, 25 сакавіка — гэта заўсёды была драматычная дата, якая не раз заканчвалася затрыманнямі і нават узбуджэннем крымінальных спраў.

Напрыклад, у 1997 годзе ў выніку разгону дэманстрацыі, прысвечанай  Дню волі ў дачыненні да пяці ўдзельнікаў шэсця былі заведзены крымінальныя справы. Свежыя ў памяці і падзеі мінулага году, калі некалькі сот чалавек былі затрыманы ў Мінску. Таму, натуральна, уся увага была прыцягнута да гэтай даты.

– У выніку былі атрыманы два фарматы правядзення мерапрыемства ў сталіцы…

– Так. Першы фармат – гэта дазволены канцэрт, а другі – недазволенае шэсце, якое абвясціла частка палітычнай апазіцыі. Пры гэтым не было ніякага сумневу, што шэсце будзе мірнае. Сам маршрут быў дастаткова кароткі і не ўяўляў нейкай небяспекі для грамадскага парадку і, тым больш, для ўлады.

Але апошнія занялі дваістую пазіцыю. З аднаго боку дазволілі канцэрт, прымеркаваны да слаўнай даты, але і абмежавалі людзей у перыметры пляцоўкі ля Опернага тэатра. Міліцыя строга назірала, каб па-за гэтымі межамі не было ні бел-чырвона-белай сімволікі, ні чаго іншага. Таму пасля заканчэння канцэрта некалькі чалавек былі затрыманыя.

– Акрамя таго, многіх затрымалі і на плошчы Якуба Коласа, куды людзі сабраліся, каб прайсці шэсцем, якое забаранілі. Як тут ацэньваць дзеянні ўладаў?

– Акцыя была падаўлена хутка і бязлітасна. Дадам, што адбыліся таксама прэвентыўныя затрыманні і палітычных лідараў, якія абвясцілі пра правядзенне марша. Пры гэтым улады выкарысталі судовыя рашэнні па адміністрацыйных арыштах, якія былі вынесены яшчэ раней. Да неабходнага часу яны проста ляжалі ў шуфлядцы “пра запас”, а затым выкарысталіся для таго, каб не дапусціць правядзення шэсця. Затрымалі Міколу Статкевіча, Уладзіміра Някляева, Вячаслава Сіўчыка…

Тым не менш, на плошчы сабралася пэўная колькасць людзей, якіх вельмі хутка затрымлівалі. У тым ліку, затрымлівалі журналістаў і незалежных назіральнікаў. Пры гэтым, па нашых меркаваннях, гэта рабілася спецыяльна і мэтанакіравана.

— Усяго ў Мінску 25 сакавіка было затрымана каля 60 чалавек…

— І рабілася гэта не толькі на плошчы Якуба Коласа, але і ў іншых месцах. Тое ж самае адбывалася і ў іншых гарадах Беларусі. Многія да сталіцы так і не даехалі. Людзей затрымлівалі на выездзе з горада і абвінавачвалі ў нейкіх дробных парушэннях.

У Бабруйску наогул абуральны выпадак. Затрымалі жанчын, якіх безпадстаўна пакінулі ў міліцыі на цэлую ноч. А на наступны дзень ім прад’явілі абвінавачванне, што быццам бы не ў тым месцы дарогу перайшлі. Таму, як бачым, справа даходзіла да абсурда. Навошта трымаць жанчын ноч у турме?! Гэта не проста перавышэнне службовых паўнамоцтваў, а ўжо рэальны садызм з боку бабруйскай міліцыі.

– Як міжнародная супольнасць паставілася да такіх паводзін беларускіх уладаў?
– Міжнародная супольнасць дастаткова хутка адрэагавала на затрыманні, якія былі незаконнымі і парушаюць правы грамадзянаў Беларусі на ўдзел у мірных сходах і мітынгах.

У выніку дыпламатычнага ціску вечарам 25 сакавіка і на наступны дзень справы многіх затрыманых былі спушчаны на тармазах. Многія пратаколы з міліцыі не дайшлі да судоў, а сядзельцаў-“сутачнікаў” выпусцілі раней часу без тлумачэнняў. Памятаю падобнае было ўвосень 1999 г., калі беларускі кіраўнік браў удзел у сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў АБСЕ ў Стамбуле. Мяне тады таксама затрымалі па адміністрацыйным правапарушэнні за грамадсую дзейнасць, але праз суткі выпусцілі на волю без суда,  “па званку”. Зараз адбылося фактычна тое самае.

Жорстка ацаніў сітуацыю і спецыяльны дакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасьці, які заявіў:  “Паведамленні пра тое, што актывісты былі адвольна змешчаныя пад варту ў такіх гарадах, як Бабруйск, Брэст, Слуцк і Магілёў, павінны нагадаць нам пра тое, што рэпрэсіі ў Беларусі цэнтралізавана спланаваныя і арганізаваныя ўладамі…Гэтая бясконцая хваля рэпрэсій паралізуе грамадства”.

– Канцэрт дазволілі, затрыманні працягнулі… Метад бізуна і перніка?

– Мы, праваабаронцы, глядзім на гэтую сітуацыю досыць цвяроза і без вялікага аптымізму. Па вялікім рахунку, жаданне ўладаў кантраляваць грамадства выказаў і Лукашэнка падчас сустрэчы з міністрам унутраных спраў, бо быў дадзены загад недапушчэння правядзення несанкцыянаваных акцый у будучым. Гэта паказвае, што ўлады не разумеюць, што беларусы ўсё-такі маюць права на свабодныя сходы і ўспрымаюць гэтае права, як прамую пагрозу для сябе. Баяцца. Хаця гэтае права нам гарантавана і Канстытуцыяй, і міжнароднымі пагадненнямі, якія падпісала Беларусь.

Таму сакавік быў дастаткова нервовым, хаця мы ўбачылі і некаторыя дасягненні. Тое, што на дазволены канцэрт прыйшлі дзесяткі тысяч людзей, гэта плюс. Шкада што ўлады, не ўспрынялі гэтае мерапрыемства, як сапраўды агульнанацыянальнае беларускае свята. Але рэпрэсіўныя механізмы працягваюць працаваць. І, калі такая машына, наладкаваная на ўціск і гвалт, існуе, то ў любы момант узровень рэпрэсій можа павялічыцца. Таму вельмі хацелася б, каб беларускія ўлады пераглядзелі сваё стаўленне да грамадскіх і палітычных свабод беларускіх грамадзян і ўрэшце пачалі рухацца ў бок дэмакратычнага грамадства. Відавочна, што без уплыву, ціску на ўлады шырокага грамадства,  людзей, зацікаўленых у стабільнай, дэмакратычнай і  эканамічна развітай Беларусі, гэтага не адбудзецца. Правячая вярхушка ўжо пабудавала для сябе рай і яны абараняюць яго рознымі незаконнымі сродкамі. Але ці задавальняе гэта беларускае грамадства?

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні