Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка — сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ (КХП-БНФ).

Нарадзіўся 16 студзеня 1975 году. Жыхар Віцебску. Прыватны прадпрымальнік, займаўся рамонтам памяшканьняў на замову. Бацька дваіх малалетніх дзяцей.

Пасьля хвалі рэпрэсіяў за Плошчу-2010 ўзьняў многім людзям настрой — якраз на Каляды вывесіў на вершаліне 40-мэтровай навагодняй елкі на цэнтральнай плошчы Віцебску нацыянальны беларускі сьцяг, які лічыцца сьцягам супраціву. Гэта здарылася прыкладна апоўдні 7 студзеня 2010 г.

Храналёгія перасьледу

Сяргей быў затрыманы у той жа дзень каля 13 гадзін на плошчы Перамогі ў Віцебску. Пра 3 дні, 10 студзеня, згодна з пастановай пракурору Віцебску, Каваленка быў зьмешчаны ў СІЗА на два месяцы. 13 сакавіка 2011 г. быў вызвалены пад падпіску аб нявыезьдзе.

Прысуд Сяргею Каваленку вынесены ў Кастрычніцкім судзе Віцебску. Дзяржабвінаваўца Зьміцер Рудакоў запрасіў для Сяргея Каваленкі тры гады “хіміі”. Судзьдзя Яўген Буруноў прысудзіў тры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама суд абавязаў Каваленку сплаціць маральную кампэнсацыю: міліцыянтам Іванову і Палітыку — па мільёне, а таксама Максімаву — 1,5 мільёна; прадпрыемству “Гарсьвятло” за пашкоджаную ілюмінацыю — 1 мільён 222 тысячы рублёў і 62 тысячы рублёў — “Зелянбуду”.

Судзьдзя намагаўся завяршыць працэс 13 траўня, аднак па прычыне кепскага стану здароўя падсуднага пагадзіўся перанесьці суд на наступны дзень. Выкліканыя ў суд лекары хуткай дапамогі дыягнаставалі ў Каваленкі высокі ціск і зрабілі яму неабходныя ўколы.

Праваабаронцы з самага пачатку адзначалі, што крымінальная справа, ўзбуджаная за вывешваньне нацыянальнага сьцягу, — палітычна матываваная, і прымалі захады да вызваленьня Сяргея Каваленкі з-пад варты. Перад пачаткам судовага паседжаньня Праваабарончы цэнтар “Вясна” прыняў заяву ў сувязі з палітычна матываваным крымінальным перасьледам С. Каваленкі.

Другі раз Сяргей быў затрыманы па абвінавачаньні ў парушэньні рэжыму адбыцьця пакараньня, прысуджанага яму за вывешваньне сьцягу.  З 22 сьнежня 2011 г. актывіст КХП утрымліваўся ў СІЗА г. Віцебску. Яшчэ раней, 19 сьнежня, ён абвесьціў галадоўку пратэсту.

12 студзеня 2012 г. суд Кастрычніцкага раёну Віцебску пакараў Сяргея штрафам у 140 тысяч рублёў, прызнаўшы вінаватым у хуліганстве — абразе інспэктару па выкананьні  пакараньняў, у якога яму патрэбна было адзначацца.

24 лютага 2012 г. судзьдзя Першамайскага райсуду г. Віцебску Алена Жук пакарала Сяргея Каваленку зьняволеньнем у калёніі агульнага рэжыму тэрмінам 2 гады 1 месяц. Працэсуальныя дзеяньні доўга не маглі распачацца з-за кепскага фізычнага стану падсуднага, які два месяцы галадаў за кратамі, а таксама з-за пратэстаў прысутных людзей, якіх на наступны дзень не пусьцілі ў будынак.

Пасьля прысуду Каваленка ізноў распачаў ужо спыненую ім днямі галадоўку. Перад тым, як вязьня перавялі ў Магілёўскую калёнію, ён пасьпеў патрапіць у Рэспубліканскі турэмны шпіталь і псыхіятрычную лякарню ў Навінках. Галадоўкі Сяргея Каваленкі агулам доўжыліся каля 3 месяцаў, за час якіх ён схуднеў на 40 кіляграмаў.

Увечары 26 верасьня 2012 г. Сяргей Каваленка вызвалены з калёніі № 19 г. Магілёву.

Палітвязень быў памілаваны кіраўніком дзяржавы. Прашэньне аб памілаваньні Сяргей напісаў пад ціскам, які доўжыўся некалькі месяцаў. Яго некалькі разоў кідалі ў карцар, а таксама шантажавалі сынам.