Міхаіл Чыгір

Міхаіл Чыгір — другі прэм’ер-міністар незалежнай Рэспублікі Беларусь (пасьля Вячаслава Кебіча) і першы кіраўнік ураду пасьля абраньня прэзыдэнтам А. Лукашэнкі.

Нарадзіўся 24 траўня 1948 году ў вёсцы Усава Капыльскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (1970 г.), спэцфакультэт па міжнародных эканамічных адносінах пры Маскоўскім фінансавым інстытуце (1982 г.).

З 1970 па 1971 гады Чыгір працаваў эканамістам у Салігорскім аддзяленьні Дзяржбанку СССР, у 1971-72 гг. — начальнікам крэдытнага аддзяленьня Бярэзінскай філіі Дзяржбанку, потым служыў у войску.

У 1983 годзе сям’я Чыгіроў пераехала ў Менск. Тут Міхаіл Чыгір працаваў кіраўніком Маскоўскага аддзяленьня Дзяржбанку СССР, потым — кіраўніком Менскай гарадзкой канторы Дзяржбанку СССР, затым стаў першым намесьнікам старшыні кіраваньня “Аграпрамбанку”. Вянком кар’еры банкіра ён лічыць пасаду старшыні праўленьня “Белаграпрамбанку”.

З 1991 г.  па чэрвень 1994 г. — старшыня праўленьня “Белаграпрамбанку”, з чэрвеня 1994 па лістапад 1996 г. — прэм’ер-міністар Рэспублікі Беларусь. Пакінуў пасаду прэм’ер-міністра ў знак пратэсту супраць рэфэрэндуму 1996 г. і эканамічнага курсу краіны, абранага прэзыдэнтам А. Лукашэнкам.

Удзельнік прэзыдэнцкіх выбараў 1999 г., якія праводзіў тагачасны старшыня ЦВК Віктар Ганчар.

Храналёгія перасьледу

Праз 2 месяцы пасьля заявы М. Чыгіра пра намер балатавацца ў прэзыдэнты была створана камісыя па праверцы работы банку, якім ён кіраваў, за перыяд 1991-1995 гг. У выніку быў прадстаўлены не традыцыйны акт праверкі, а даведка, што ўтрымлівала 6 эпізодаў парушэньняў кліентамі банку тэрміну вяртаньня крэдытаў.  Аднак разьлікі з банкам былі завершаныя, і прэтэнзіяў да Міхаіла Чыгіра не ўзьнікла. Аднак не праходзіць і месяца, як ў шэрагу СМІ зьяўляюцца безпадстаўныя зьвесткі аб тым, што былы кіраўнік ураду нібыта вінаваты ў невяртаньні ў раней кіраваны ім банк шматмільённых крэдытаў. Гэта кампанія супраць Чыгіра распачалася акурат пасьля таго, як ён сабраў 120 тыс. подпісаў грамадзянаў у сваю падтрымку. Увечары 28 сакавіка 1999 г. па нацыянальным тэлебачаньні гучыць, што Міхаіл Чыгір скраў мільён даляраў і эміграваў з краіны. Праз тры дні ён быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзыдэнты, аднак за дзень да рэгістрацыі, 30 сакавіка 1999 г., арыштаваны і зьмешчаны ў СІЗА, дзе правёў 8 месяцаў.

30 лістапада 1999 г. выпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе. Судовае паседжаньне па ягонай справе, прызначанае на 27 сьнежня, было перанесена на 2000 год.

Міхаілу Чыгіру былі прад’яўленыя не палітычныя, а эканамічныя абвінавачваньні: па арт. 91 ч. 4 КК РБ — “прысвойваньне маёмасьці ў асабліва буйных памерах” і арт. 166 — “злоўжываньне ўладай або службовым становішчам”. Аднак карныя дзеяньні супраць экс-прэм’ера і банкіра сьведчаць пра палітычны характар ягонай крымінальнай справы.

19 траўня 2000 г. Менскі гарадзкі суд асудзіў яго на 3 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады (адвакатам Міхаіла Чыгіра выступала яго жонка Юлія Чыгір). Гэтае рашэньне адмяніў Вярхоўны суд (5 сьнежня 2000 г.), адправіўшы матэрыялы на дарасьледваньне. Чыгір браў удзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў Народнага сходу Рэспублікі Беларусь (кастрычнік 2000 г.) і ў сваёй акрузе прайграў Н. Машэравай.

У 2001 годзе прыняў удзел у кампаніі па выбарах прэзыдэнта. Выбыў з перадвыбарнай гонкі пасьля таго, як не набраў неабходнай колькасьці подпісаў выбаршчыкаў і не быў зарэгістраваны ў якасьці кандыдата.

23 ліпеня 2002 году суд Фрунзенскага раёну Менску вынес у дачыненьні да былога прэм’ер-міністра Беларусі новы прысуд: 3 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады, а таксама пазбаўленьне на 5 гадоў права займаць вызначаныя пасады, зьвязаныя з гаспадарча-распарадчай дзейнасьцю. На гэты раз ён быў прызнаны вінаватым ва ўтойваньні падаткаў і ўхіленьні ад падаваньня падатковых дэклярацый, што прычыніла дзяржаве шкоду ў асабліва буйным памеры. З улікам пені і іншых налічэньняў шкода склала 8 млн. 57 тыс. 355 рублёў. М. Чыгір абавязваўся пакрыць нанесеную шкоду. Яму не дазвалялася пакідаць месца жыхарства без дазволу органаў МУС, падпіска аб нявыезьдзе была пакінутая ў сіле. Па другім пункце абвінавачваньня — службовая халатнасьць (у сувязі з выплатай авансавага плацяжу на суму звыш 1 млн. даляраў ЗША канадзкай фірме для будаўніцтва новага будынку “Белаграпрамбанку”) — суд палічыў вінаватасьць М. Чыгіра даказанай. Аднак у сувязі з заканчэньнем тэрміну даўнасьці спыніў працэс.


Усе навіны зьвязаныя з асобай

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Цімох Дранчук
  • Алесь Бяляцкі
  • Кастусь Лукашоў
  • Віктар Івашкевіч