“Смяротнае пакаранне – гэта дзікунства…”

index Днямі ў судзе Вілейскага раёна вынесены смяротны прысуд жыхару Вілейкі, абвінавачанаму ў забойстве сваёй сужыцелькі. Першы смяротны прысуд у гэтым годзе.

Былыя палітвязні распавядаюць сайту palitviazni.info пра тое, як яны ставяцца да таго, што ў краіне захоўваецца расстрэльны артыкул.

У Вілейцы адбылося выязное пасяджэнне суда Мінскай вобласці, які і вынес гэты прысуд, паведамляе kraj.by. Абвінавачаны раней быў судзімы за забойства ў савецкія часы. Тады яму вынеслі смяротны прысуд, але пасля скаргі асуджанага ў Вярхоўны Суд, расстрэльны прысуд быў зменены на пазбаўленне волі. Паколькі ў СССР не існавала пажыццёвага зняволення, тэрмін склаў не больш за 15 гадоў.

Цяперашні прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь.

Алесь Міхалевіч:

– Я думаю, што беларускае грамадства падрыхтаванае да адмены смяротнага пакарання, бо многія краіны ў горшым выпадку маюць мараторыі на выкананне смяротных прысудаў, а ў большасці краін яны наогул адменены. Таму ў беларускіх умовах добра было б напачатку ўвесці такі мараторый.

Я лічу, што ніхто не застрахаваны ад судовай памылкі, а на шалях знаходзяцца жыцці людзей. Тут трэба дзейнічаць з гледзішча, каб не нашкодзіць. Каб не дай Бог не атрымалася так, што могуць пакараць невінаватага. А такія выпадкі ў гісторыі ўжо былі. І памылку ўжо не выправіць.

Можна, безумоўна, спрачацца з нагоды таго, павысіцца ці знізіцца колькасць цяжкіх злачынстваў пасля адмены расстрэльнага артыкула, але мараторый дакладна нічога не змяняе.

Чаму да гэтага часу Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе не адменена смяротнае пакаранне? Мне падаецца, што ўлады заўсёды хацелі паказаць што яны будуць рабіць у краіне тое, што захочуць.

Міхаіл Чыгір:

– Не выключаю, што атрымаю шмат крытыкі ў свой адрас, але не бачу вялікай неабходнасці ў адмене смяротнага пакарання. Я, калі быў прэм’ер-міністрам, чытаў крымінальную справу аднаго забойцы і, прабачце, тады ў мяне з’явілася нават жаданне асабіста расстраляць злачынцу.

Таму, калі заслужыў – атрымай. Іншая справа, што віна павінна быць даказана і праверана на ўсе 100 адсоткаў. І смяротныя прысуды павінны выносіцца ў выключных выпадках.

Уладзімір Някляеў:

– Калі мы хочам далучыцца да еўрапейскага свету, да свету дэмакратычнага, да свету з правамі чалавека, то павінны словы пацвярджаць рэальнымі дзеяннямі. А закон – гэта і ёсць дзеянне. А сёння мы жывем у такой дзяржаве, што не выключаюцца судовыя памылкі. Але ж у выніку можа быць зроблена непапраўнае дзеянне – чалавека пазбавяць жыцця. І ніхто за гэта пасля не толькі не нясе адказнасці, але і не мучаецца ні перад людзьмі, ні перад Богам. Гэта – проста дзікунства! І з гэтай сітуацыі нам трэба выбірацца.

Таму мараторый, безумоўна, трэба ўводзіць альбо наогул выключаць з нашага заканадаўства артыкул пра смяротнае пакаранне.

Што датычыцца рэферэндуму, на якім беларусы 20 гадоў таму выказаліся за смяротнае пакаранне, то нельга звяртаць увагу на нейкія там масавыя волевыяўленні нейкай ініцыятывы. Людзі ў сваёй прыроднай аснове ёсць такія, якія яны ёсць. Пакуль яго нешта не датычыць, чалавек прымае адны рашэнні. Калі закране асабіста, то аўтаматычна зменіць і меркаванне.

Увогуле, як паказвае сусветны досвед, ніякае самае жорсткае пакаранне не спыняе псіхічна няўстойлівых людзей ад злачынстваў.

palitviazni.info

 

, , - у навінах

 

Іншыя палітычныя вязьні