Павал Красоўскі

Павал Красоўскі нарадзіўся ў 1983 годзе. Жыхар гораду Жодзіна Менскай вобласьці.

Храналёгія перасьледу

Напачатку 2006 году ў г. Жодзіна была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 369 Крымінальнага кодэксу (публічная абраза службовых асобаў) у адносінах да актывіста моладзевага дэмакратычнага руху Паўла Красоўскага. Падставай для перасьледу стала публікацыя ў бюлетэні “Назіральнік” сатырычных карыкатураў на кіраўніцтва гораду. Карыкатуры былі знойдзеныя падчас вобшуку ў кватэры Паўла Красоўскага ў сьнежні 2005 г.

Дадзеная справа была спыненая, аднак у далейшым супраць 23-гадовага моладзевага актывіста былі высунутыя новыя крымінальныя абвінавачаньні.

4 кастрычніка 2006 г. ў кватэры Паўла Красоўскага зноў адбыўся ператрус, падчас якога быў канфіскаваны кампутарны блок, дыскі і друкаваная прадукцыя. Затым Красоўскага на міліцэйскай машыне даставілі ў Віцебск, дзе дапытвалі па справе аб выбухах у Віцебску 14 і 22 верасьня 2005 году.

Сьледчыя заявілі, што моладзевы актывіст падобны на фотаробат злачынцы. У выніку ён быў прызнаны падазраваным у падрыхтоўцы злачынства, скіраванага на забойства асабліва небясьпечным спосабам у адпаведнасьці з ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу.

У гэты ж дзень Красоўскага накіравалі ў ізалятар часовага ўтрыманьня г. Віцебску. Па ягоным прызнаньні ў інтэрвію пасьля вызваленьня, калі даведаўся, што яго вінавацяць па “расстрэльным артыкуле”, то “глеба пачала плысьці з-пад ног”, але потым стала ясна, што гэта проста спроба ўплываць на яго. Падчас выбухаў Паўла ўвогуле не было на тэрыторыі Беларусі.

11 кастрычніка галоўны сьледчы Рэспубліканскай пракуратуры па асабліва важных справах Аляксандар Расолька дадаткова вынес пастанову аб прызнаньні Паўла Красоўскага падазраваным ва ўчыненьні шэрагу згвалтаваньняў і забойстваў няпоўнагадовых дзяўчынак у розных гарадах Беларусі ў 1999 годзе. Паколькі 15 кастрычніка  скончыўся тэрмін утрыманьня Красоўскага пад вартай без прад’яўленьня абвінавачаньня, а доказаў, якія б сьведчылі пра ягоную датычнасьць да названых злачынстваў, не было выяўлена, малады чалавек быў выпушчаны з ізалятару часовага ўтрыманьня. Пазьней крымінальная справа адносна датычнасьці Красоўскага да забойстваў і згвалтаваньняў непаўнагадовых дзяўчат была спыненая, а па справе, узбуджанай у сувязі з выбухамі ў Віцебску, ён працягваў праходзіць у якасьці падазраванага, аднак актыўных сьледчых мерапрыемстваў у дачыненьні да яго не праводзілася.

1 лютага 2011 г. Паўла Красоўскага выклікалі ў КДБ на допыт па “справе 19 сьнежня”.

Павал вучыўся ў жодзінскім політэхнікуме, але ў траўні 2005 г. быў выключаны з вучобы за сваю палітычную дзейнасьць.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Міхаіл Пашкевіч
  • Іван Крук
  • Уладзімер Сяргееў