Паэт і былы палітвязень Уладзімір Някляеў распавёў сайту palitviazni.info пра жыццё і працу ў Швецыі, пра часовае вяртанне ў Мінск і пра тое, чаму беларуская палітыка яго не адпускае.
“Я вельмі рады, што прыняў запрашэнне паехаць у Швецыю, бо ў Мінску ніколі б не дапісаў раман”, – кажа Уладзімір Пракопавіч.
Нагадаем, што Уладзімір Някляеў атрымаў двухгадовую шведскую стыпендыю і ўжо каля двух мясцаў знаходзіцца ў горадзе Лунд.
Някляеў працуе па праграме, “накіраванай на пісьменнікаў, якія падвяргаюцца цэнзуры ці пераследу ў сваёй краіне», зараз ён дапісвае раман пра Янку Купалу.
“Прапанова паўдзельнічаць у праграме паступіла ўжо даўно, але ж ніяк не мог выбрацца, – распавёў палітык. – То садзіўся на “суткі”, то з’яўляліся нейкія іншыя справы. Але ў рэшце рэшт, азірнуўшыся навокал, я паглядзеў на тое, што адбываецца зараз у Беларусі, за якую ў мяне на самай справе баліць сэрца, і вырашыў скарыстаць магчымасць узяць палітычны тайм-аўт, для таго каб падрабіць свае справы.
А раней проста не было часу на літаратурныя даробкі. Я аддаў у часопіс “Дзеяслоў” першую частку рамана пра Янку Купалу, але пасля мы вырашылі, што лепш друкаваць усё разам. Для гэтага раман давялося перарабляць, і змена формы пацягнула за сабой змену зместу, а гэта вельмі вялікая праца. І я проста не знаходзіў дома на тое часу. Таму гэта была адна з галоўных прычын, чаму я з’ехаў у Швецыю”.
– Прыехаў у Мінск таму, што тут у мяне таксама ёсць справы – і асабістыя, і сямейныя, і палітычныя, – кажа Уладзімір Пракопавіч. – Ад іх таксама нікуды не падзецца
— Удзельнічаеце ў працы Беларускага нацыянальнага кангрэса (БНК)?
– БНК прыняў рашэнне ўдзельнічаць у выбарчых кампаніях, і я думаю, што гэта правільны крок. На мой погляд, зараз з гэтай нагоды апазіцыі не варта дыскутаваць, як не варта і спадзявацца, што некага “прапусцяць” у парламент. Але на выбары варта ісці, каб людзям даводзіць сітуацыю, якая адбываецца ў краіне. Па маіх адчуваннях, многія проста не разумеюць, што сёння ёсць сур’ёзная небяспека страты незалежнасці, далучэння да Расіі.
Масква будзе даціскаць беларускую ўладу, Пуціну трэба дамагчыся добраахвотнага вяртання малошага брата ў абдымкі старэйшага па той простай прычыне, што гэта не толькі вырашае праблему расійскай улады ў 2024 годзе, але і вырашае праблему рэйтынга, які зараз у Пуціна на ўзроўні 30 працэнтаў. А што такое ў Расіі 30 працэнтаў для палітыка? Гэта нуль!
Змяняць Канстытуцыю не выпадае, бо можна нарвацца на бунт, а таму Крамлю неабходна рэальнае падвышэнне рэйтынга. І гэтую праблему вырашае інтэграцыя з Беларуссю, таму для Пуціна жыццёва важна душыць Беларусь у гэтым накірунку. Зараз беларускім уладам прапаноўваюць шмат прывабных пастак з нафтай, газам, і ўсё гэта будзе скарыстоўвацца.
— Хто альбо што гэтаму можа супрацьстаяць?
– Толькі беларускае грамадства, але яно павінна ведаць рэальную сітуацыю, што нас хочуць зрабіць паўночна-заходнім краем. І менавіта для гэтага палітыкам трэба ісці ў народ, тлумачыць праблему, а дзеля гэтага і скарыстоўваць выбарчую кампанію.
– Доўга будзеце ў Мінску?
– Як мініум да жніўня, хаця ў Швецыю вяртацца абавязкова трэба, бо неабходна заканчваць раман. І закончыць яго хачу ў бліжэйшы час, бо даволі складана псіхалагічна перажываць, калі ты не можаш адключыцца ад працы над творам і торгаешся па ўсялякай драбязе. Трэба дарабіць справу, каб яна не зставался незакончанай і не непакоіла.
І я вельмі рады, што прыняў запрашэнне паехаць у Швецыю, бо ў Мінску ніколі б не дапісаў раман. Па-другое, я ўжо забыўся пра той сапраўдны стан натхнення, калі ты ад стомы амаль валішся пад стол, і, засынаючы, думаеш толькі пра тое, каб прачнуцца і ізноў сесці за гэты тэкст. Дзеля гэтага стану я і пішу. Калі ты увесь там, то ў гэтым свеце ты не застаешся.
Па вялікім рахунуку, мне ўсё роўна дзе пісаць. Можна сядзець за сталом 14 гадзін і ў Беларусі, і ў Даніі, і ў Швецыі. Але штодня ў Беларусі я не меў бы магчымасцьі столькі часу праводзіць за напісаннем рамана. Трэба было б займацца нейкімі сваімі іншымі праблемамі: кудысьці ехаць, з кімсьці сустракацца. Можна верш напісаць у гэтым торганні, але буйны твор не напішаш.
– Ці хутка для вас прайшлі гэтыя два месяцы?
– Я іх нават не заўважыў. Сеў за стол, пасля лыпнуў вачыма і ўжо двух месяцаў няма.
palitviazni.info
Фота: palitviazni.info