Уладзімір Някляеў: Гэта наўпроставае знішчэнне незалежнага прафсаюза…

Былы палітвязень, экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў распавядае сайту palitviazni.info пра магчымы вырак у “справе прафсаюзаў”, сітуацыю ў краіне і магчымыя новыя палітычныя рэпрэсіі.

“Улады хочуць “падсадзіць на кручок” кіраўніцтва незалежнага прафсаюза”, – лічыць палітык..

Нагадаем, што “справа прафсаюзаў” ужо перададзена ў суд Савецкага раёна Мінска, і працэс можа пачацца ўжо ў бліжэйшы час.

Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 году ў межах крымінальнай справы, узбуджанай супраць яго і старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). 2 кастрычніка 2017 году Ігар Комлік быў вызвалены з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

Па інфармацыі Следчага камітэта, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.

Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.

– Калі казаць пра гэтую крымінальную справу, то трэба разумець, што ўлады хочуць зрабіць з незалежным прафсаюзам РЭП, – кажа Уладзімір Някляеў. – А хочуць яны кіраўніцтва гэтага прафсаюза “падсадзіць на кручок”. Думаю, практычна гэта зробяць так: тэрмін будзе прысуджаны, але ён будзе альбо ўмоўны, альбо з адтэрміноўкай.

Праз гэта прафсаюзным лідарам будзе адмоўлена ў выездзе за мяжу, у любы час іх  змогуць дзе заўгодна затрымаць, правесці канфіскацыю прафсаюзнай маёмасці і гэдак далей. Гэта наўпроставае знішчэнне незалежнага прафсаюза. На мой погляд, адзінага прафсаюза, які актыўна супрацьдзейнічае ўсяму таму, што робіцца з боку рэжыма. Найперш – у дачыненні да працоўных.

– Адным словам, жорсткага прысуду па “справе прафсаюзаў”, на ваш погляд, не будзе?

– Думаю, на жорсткі варыянт, які звязаны з пазбаўленнем волі Фядыніча і Комліка ўлады не пойдуць, таму што зараз не тая сітуацыя. Яна абсалютна іншая, чым у тыя часы, калі, напрыклад, кіраўніка Правабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага судзілі па той жа схеме, і ён атрымаў рэальны тэрмін.

Калі ўжо беларускі кіраўнік заяўляе пра тое, што ён гатовы пайсці на прыватызацыю сваёй свяшчэннай каровы – калгасаў, то гэта ўжо змушаны крок. Таму што гэтая карова кармілася выключна з дзяржаўных датыцый. Яна не давала ніякага малака, а прыносіла дывідэнды толькі ў дзень выбараў. Астатнія пяць гадоў – ад выбараў да выбараў – гэтая дзяржаўная карова кармілася за кошт нафты і іншых расійскіх датацый.

Лёгка здагадацца, адкуль з’явілася рыторыка пра тое, што мы знаходзімся ледзь не на “фронце”, бо заява была зроблена пасля сустрэчы беларускага і расійскага кіраўнікоў. Відавочна, што бясконцыя расійскія датацыі сёння маюць не эканамічны, а палітычны падтэкст. Расія мае ў Беларусі свае інтарэсы. Перш за ўсё гэта звязана з ваеннай базай, якую Масква хоча змясціць на тэрыторыі Беларусі ў піку базы НАТА ў Польшчы.

– У гэтай сітуацыі беларускім уладам трэба моцна пакруціцца, каб дагадзіць і Расіі, і Захаду…

– Безумоўна, бо на Захадзе толькі пачалі знаходзіць магчымасці крэдытавання, пачаўся нейкі заходні прарыў, звязаны з эканомікай. І калі зараз усё гэта перакрэсліць, то ўзнікне сітуацыя, якой яшчэ ў Беларусі не было. Краіна ізноў можа аказацца на мяжы эканамічнага крызіса. З якога каменьчыка можа пачацца лавіна, цяжка ўгадаць, але гэтым каменьчыкам якраз і можа паслужыць жорсткі падыход да “справы прафсаюзаў”.

Тут трэба адзначыць, што незалежныя прафсаюзы – гэта Міжнародная арганізацыя працы, вельмі ўплывовая арганізацыя, да якой прыслухоўваюцца ўсе выканаўчыя структуры ва ўсіх еўрапейскіх краінах. А тыя самыя структуры якраз і павярнуліся зараз тварам да беларускай улады.

Таму тут, натуральна, улады не будуць сябе паводзіць рызыкоўна. Рэальных тэрмінаў для фігурантаў “справы прафсаюзаў”, як ужо казаў, не будзе. З іншага боку ўлада і адступаць не хоча. Ніколі ж такога не было, каб распачыналася нейкая палітычная крымінальная справа, а затым прызнавалі б сваю віну. Нават у фігурантаў “справы патрыётаў”, якая была закрыта, у хлопцаў не папрасілі прабачэнне за тое, што некалькі месяцаў іх трымалі ў турме. Таму “справа прафсаюзаў” спыніцца недзе пасярэдзіне – цалкам людзей не апраўдаюць, але і прысуд не будзе жорсткім.

– На ваш погляд, ці варта чакаць у Беларусі ў бліжэйшай перспектыве новыя палітычныя справы, новых палітвязняў?

– Што датычыцца палітычных рэпрэсій, то яны, безумоўна, застануцца. Таталітарныя рэжымы выключаюць такія рэчы, як правы чалавека і свабоды. У сістэмы свае механізмы. І як іх не круці, яны ніколі не пакруцяцца ў бок дэмакратыі, палітычных рэформ і правоў чалавека, бо адразу ляснецца ўся іх машына.

Таму, пакуль не будзе зменена ўся сістэма, якая працуе менавіта на гэтых механізмах, нічога дасягнуць не ўдасца. А калі нічога не змяняецца, то працягнуцца і палітычныя рэпрэсіі. Так што будуць нас прэсаваць, як і прэсавалі, пакуль мы з гэтым не справімся.

palitviazni.info

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

19.12.2019 Уладзімір Някляеў: У 2010 годзе на плошчу выйшлі людзі, якія разумеюць жыццё не толькі як спосаб есці і піць…

28.10.2019 Уладзімір Някляеў: Сядзець не магу – працую над раманам стоячы…

24.07.2019 Уладзімір Някляеў: У Мінску ў мяне ёсць справы і асабістыя, і палітычныя

14.06.2019 Уладзімір Някляеў: Знаходжанне ў следчым ізалятары КДБ у 2010 годзе нагадвае пра сябе і ў Швецыі

15.05.2019 Уладзімір Някляеў дасць у Швецыі прэс-канферэнцыю

31.01.2019 Уладзімір Някляеў: Са “справы БЕЛТА” атрымаўся чарговы пшык

08.08.2018 Уладзімір Някляеў: Гэта толькі нагода для таго, каб правесці ператрусы…

02.08.2018 Уладзімір Някляеў: Хто стварыў суды, у якіх суддзя – проста балванчык?

27.06.2018 Уладзімір Някляеў: Гэта наўпроставае знішчэнне незалежнага прафсаюза…

26.03.2018 Уладзімір Някляеў: Кіраўніцтва адной амбасады паклапацілася пра тое, каб мне перадалі лекі ў камеру

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Плешчанка
  • Сьвятаслаў Барановіч
  • Іван Крук
  • Віталь Рымашэўскі
  • Павал Сырамолатаў