Віталь Рымашэўскі

Сустаршыня “Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі”. Нарадзіўся 3 сакавіка 1975 году ў Менску. Адукацыя вышэйшая, інжынэр-будаўнік. Працаваў па спэцыяльнасьці, пачынаючы ад шараговага супрацоўніка і сканчаючы начальнікам тэхнічнага аддзелу. Затым пачаў займацца прыватным бізнэсам. Прафэсійна займаецца палітыкай з 1996 году.

З 1996 году — сябра Каардынацыйнай Рады “Беларускага аб’яднаньня маладых палітыкаў”. У 2002-2004 гадах — сябра Прэзыдыюму Беларускай нацыянальнай рады моладзевых і дзіцячых грамадзкіх арганізацыяў “Рада”. Адзін з распрацоўшчыкаў канцэпцыі новай моладзевай палітыкі Беларусі.

У 1999 годзе навучаўся ў Нямеччыне на курсах Вышэйшай школы дзяржаўнага кіраваньня ў інстытуце “Саюз грамадзкага кіраваньня”, вывучаў эканамічнае і палітычнае ўладкаваньне ФРГ.

Праваслаўны хрысьціянін. Адзін з кіраўнікоў кампаніі “У абарону свабоды сумленьня і веравызнаньня ў Беларусі”, у межах якой было сабрана больш за 50 тыс. подпісаў у абарону хрысьціянаў.

У партыі Віталь Рымашэўскі ўзначальвае працу міжнароднага і адукацыйнага адзьдзелу, курыруе працу моладзевай арганізацыі “Маладыя Хрысьціянскія Дэмакраты”, зьяўляецца кіраўніком Менскай арганізацыі БХД.

Храналёгія перасьледу

Адзін з кандыдатаў у прэзыдэнты на выбарах 2010 г. Падчас акцыі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці быў зьбіты спэцназам (расьсечана галава). Затрыманы падчас разгону акцыі, зьмешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачаны па арт. 293 КК РБ.

З 31 сьнежня 2010 г. знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе. 30 сакавіка абвінавачваньне перафармуляванае на ч. 1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць гарамадзкі парадак, альбо ўдзел у іх).

20 траўня 2011 г. ў судзе Фрунзенскага раёну Менску (судзьдзя — Жанна Жукоўская, пракурор — Кажэўнікаў) асуджаны да 2 гадоў пазбаўленьня волі ўмоўна.