
Нарадзіўся 12 сьнежня 1981 году. Пасьля школы скончыў факультэт прыкладной матэматыкі Белдзяржунівэрсытэту. Працаваў праграмістам. Займаўся дабрачыннасьцю — дапамагаў хворым людзям зьбіраць сродкі на апэрацыі.
У палітычных партыях і рухах ня быў да лістападу 2010 г., але за месяц да падзей на Плошчы Незалежнасьці напісаў заяву на ўступленьне ў АГП (праўда, пазьней зразумеў, што палітыка — гэта не ягоная сфэра, і не стаў уступаць у партыю). Быў валянтэрам у агітацыйнай кампаніі Яраслава Раманчука. 19 сьнежня 2010 г. быў на Плошчы, але пад яе разгон не патрапіў і сышоў дахаты.
Храналёгія перасьледу
Затрыманы 9 лютага 2011 г. Пад вечар таго самага дня ў Менску ў доме яго бацькоў прайшоў ператрус, пасьля якога Андрэя арыштавалі. Яму прад’яўлена абвінавачаньне па ч. 2 арт. 293 КК — “актыўны ўдзел у масавых беспарадках”. Пра тое, што гэты чалавек знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ і праходзіць па справе аб масавых беспарадках, стала вядома толькі 16 сакавіка 2011 г.
5 траўня 2011 г. у судзе Кастрычніцкага раёну Менску быў асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі. Адбываў тэрмін пакараньня ў калёніі г. Бабруйску.
1 верасьня 2011 г. памілаваны Лукашэнкам у ліку некалькіх іншых палітвязьняў і вызвалены.