Віталь Рымашэўскі: Раней я быў атэістам…

1423851068_get_img8У інтэрв’ю сайту palitviazni.info сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Віталь Рымашэўскі, які пасля снежаньскіх падзей 2010 году таксама апынуўся за кратамі, распавядае пра тое, як зацікавіўся палітыкай, чаму ў свой час вырашыў ісці ў прэзідэнты краіны, што зразумеў у засценках СІЗА КДБ і пра тое, чаму ўлада не рэгіструе БХД.

 

– Віталь, для вас прыход у беларускую палітыку быў асэнсаваным? Чаму вы вырашылі заняцца палітычнай дзейнасцю?

– Наколькі сябе памятае, палітыка мяне цікавіла з юнацтва. Усё пачыналася з “палітінфармацыі” на школьных уроках. Я ставіўся да гэтага з цікаўнасцю і свята верыў, што Савецкі Саюз самая магутная і гуманная краіна ў свеце. А потым грымнула перабудова і аказалася: многае пра што нам даводзілі – поўная хлусня. Для многіх вочы на рэчаіснасць адкрыў знакаміты артыкул Зянона Пазьняка пра Курапаты. Прызнаюся шчыра, у школьныя гады я яго не прачытаў, зрабіўшы гэта значна пазней. Асабіста для мяне нейкім паваротным момантам стала тое, што тут, на беларускай зямлі, ва ўсе часы былі людзі, якія змагаліся за незалежнасць нашай Радзімы. Я чытаў артыкулы гісторыка Ермаловіча, нейкія артыкулы з незалежнай прэсы. Так больш, падрабязна даведаўся пра Кастуся Каліноўскага і іншых выбітных дзеячаў беларускага Адраджэння.

– Пры гэтым да беларускай мовы вы напачатку ставіліся адмоўна…

– Так, не без гэтага, пра што зараз вельмі шкадую. Я выхоўваўся ў рускамоўнай сям’і і нават быў атэістам. Беларускую мову чуў на вёсцы ад бабулі, за што зараз бы сказаў ёй дзякуй, але ўжо запозна… Але добра, што вочы ў мяне ў рэшце рэшт расплюшчыліся, я даведаўся аб продках, якія былі забітыя, пра тое, што памяць аб іх знявечана. Гэта перавярнула мой светапогляд і з часам беларусчына стала часткай майго жыцця. Я добра памятаю адну размову з уласным бацькам, які спачатку скептычна паставіўся да нацыянальнага Адраджэння, якое ахапіла Беларусь напрыканцы 80-х-напачатку 90-х гадоў. Дык вось у якасці аднаго з аргументаў у той спрэчцы я сказаў, што, калі на тым баку такія постаці, як Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч і многія іншыя выбітныя асобы, то я буду на адным баку з імі, бо гэтыя людзі ўвесь час жылі і не хлусілі ў адрозненні ад многіх прыстасаванцаў з камуністычнай наменклатуры. Бацьку я, у рэшце рэшт, пераканаў.

– Нацыяналістычныя перакананні ў Беларусі дорага каштуюць дагэтуль. У пэўнай ступені рэпрэсіі закранулі і вас..

– Так, маё першае затрыманне адбылося падчас мітынгу ў сакавіку 1996-га. Арыштавалі за тое, што я нёс сцяг на Плошчу Незалежнасці. Тады я быў адным з першых затрыманых, і маё прозвішча было названа арганізатарамі мітынгу праз мегафон. Людзі былі гатовы ісці мяне вызваляць, але мяне і так выпусцілі з пастарунку. Тады я вырашыў не хадзіць болей на акцыі пратэсту, пакуль не скончу інстытут – да дыплома заставалася паўтара курса.

Аднак праз месяц, напярэдадні Чарнобыльскага Шляху, на маё імя прышла павестка, у якой мяне засцерагалі ад удзелу ў акцыі. Гэтая павестка і стала вырашальнай: альбо я скаруся міліцыянтам, альбо паступлю так, як падказвае сумленне. На “Чарнобыльскі шлях” я пайшоў і там пакінуў свае кантакты актывістам партыі БНФ. У партыю я ніколі не ўваходзіў, але быў сябрам Грамадскага аб’яднання БНФ. Менавіта з тых часоў я і пачаў займацца палітыкай. Мой прыход у палітыку супаў з пакаяннем, яшчэ раз скажу, што я быў выхаваны атэістычна, заўжды спрачаўся з-за гэтага з бабуляй, але ў рэшце рэшт я прыйшоў да Бога. Я не мог у палітыцы не рэалізоўваць хрысціянскія каштоўнасці. Усе людзі шукаюць збавення, шукаюць справядлівасці, нехта робіць гэта і праз палітыку ў тым ліку. Так я і зацікавіўся хрысціянскай дэмакратыяй.

– Тады і ўзнікла ідэя стварэння БХД?

– Не, спачатку я пазнаёміўся з Генадзем Грушавым, які задумаў стварыць хрысціянскую палітычную партыю ў Беларусі. З партыяй у яго нічога не атрымалася, але маладзёжны хрысціянска-сацыяльны саюз усё ж такі ўтварыўся. Пра прыход да ўлады мы тады асабліва не думалі, больш займаліся нейкімі культурніцкімі праектамі. А потым былі выбары 2001 году. На маю думку, ніякай магчымасці перамагчы тады апазіцыя не мела. Тагачасны кандыдат Уладзімір Ганчарык (хоць нічога дрэннага пра гэтага чалавека сказаць не магу) проста не здолеў сабраць і сканцэнтраваць вакол сабе ўсе пратэстныя сілы. Я сам працаваў у яго камандзе і перакананы – Ганчарыку не ўдалося схіліць на свой бок крытычную масу…

– А што, на вашую думку не атрымалася ў апазіцыі ў 2006-м?

– Тады галоўнай памылкай стала тое, што ніводная палітычная сіла ў Беларусі не магла выкарыстаць народны пратэст у тым рэчышчы, каб дамагчыся сапраўдных перамен у Беларусі. Хаця спробы былі – узнік “Рух “За свабоду”. Пасля тых выбараў палітыка перастала для мяне быць на першым месцы. Трэба было зарабляць грошы, карміць сям’ю. Я заняўся бізнесам. Маладзёжны хрысціянска-сацыяльны саюз стаў часткай АГП, хаця па ідэалогіі там былі пэўныя разыходжання. Я працягваў працаваць там, але не з тым запалам што раней.

— Пазней вы вярнуліся ў палітыку напоўніцу…

— Так, пазней узнікла ідэя аб утварэнні БХД – гэта мне падыходзіла, я напоўніцу вярнуўся ў палітычную працу па запрашэнні Паўла Севярынца і Анатоля Астапенкі. Адным з маіх першых праектаў у БХД стаў праект “Пакаянне” – мы запісвалі інтэрв’ю з былымі палітвязнямі – вязнямі сталінскіх лагераў. Тады я пазнаёміўся з Эрнэстам Сабілам, іншымі ахвярамі сталінізму. Паціху БХД паўстала ў паўнавартасную палітычную сілу…

– Якую з зайздросным пастаянствам афіцыйна ў Беларусі рэгістраваць адмаўляюцца…

– І гэта сведчыць пра тое, што наша партыя сапраўды незалежная ад улады і спецслужбаў. Сёння самая галоўная праблема Беларусі і беларусаў у тым, што нацыя не ведае, на якім падмурку будаваць будучыню. У БХД ёсць адказ для ўсіх – як для веруючых, так і для тых, хто яшчэ не прыйшоў да Бога. Жыццё і будучыню трэба будаваць на хрысціянскіх каштоўнасцях: не скрадзі, не забі і гэтак далей. Другая вялізарная праблема ў сёняшняй Беларусі – гэта страх. Людзі баяцца працаваць у незарэгістраванай структуры, а ў выпадку нашай рэгістрацыі – партыйныя шэрагі БХД значна павялічацца. Вось вам і адказ, чаму не рэгіструюць БХД.

– Рашэнне балатавацца ў прэзідэнты далося лёгка?

– На маю думку, крок быў абсалютна правільны, хаця родныя гэтае маё рашэнне прынялі без радасці. Праца падчас той кампаніі была цяжкая. Дарэчы, пра тое што Плошча-2010 будзе так жорстка разагнана, я не верыў да апошняга. На той момант гэта было не лагічна для Аляксандра Лукашэнкі, бо Захад паабяцаў “пернікаў” у выглядзе фінансавай дапамогі, і, калі б Плошча не была разагнана, хутчэй за ўсё, афіцыйны Мінск гэтыя б грошы атрымаў. Што да Плошчы, то яснага плана дзеянняў ў апазіцыі тады не было, зараз можна пра гэта казаць адкрыта. Была прапанова ўзяць у жывое людское кола Адміністрацыю прэзідэнта. Сапраўды, мы былі настроены на мірны пратэст, людзі былі гатовы мірна пратэставаць. А ўлада пайшла на правакацыі са збіццём людзей, з брутальным збіццём кандыдатаў у прэзідэнты.

– На вашую думку, чым кіруюцца тыя, хто працуе на іншым баку? Што вы для сябе зразумелі, знаходзячыся ў СІЗА КДБ?

– Чым кіруюцца гэтыя людзі? Страхам і хлуснёй. Яны і самі баяцца, але я глыбока перакананы ў тым, што ў карных структурах падабраны такія людзі, якія гатовы выканаць любы загад… Большасць з беларусаў дагэтуль не зразумелі, якая ўлада зараз намі кіруе.

– Выйсце з гэтай сітуацыі ёсць?

– Ёсць. І палягае яно ў тым, каб беларуская апазіцыя пачала працаваць, а не абмяжоўвалася гучнымі заявамі. БХД выступае за канкрэтныя справы. Зараз мы ўтварылі правацэнтрысцкую кааліцыю, пачалі ўжо ездзіць па рэгіёнах Беларусі, хутка выйдзем да грамадскасці са сваім бачаннем будучай парламенцкай кампаніі. Мы гатовы супрацоўнічаць з усімі палітычнымі сіламі, аднак па такім алгарытме – спачатку справы, а потым гучныя заявы.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алег Федаркевіч
  • Яўген Скочка
  • Натальля Радзіна
  • Мікіта Ліхавід
  • Вячаслаў Сіўчык