Актывіст Руху “За свабоду”. Пасьля вызваленьня пачаў займацца дапамогай іншым палітвязьням.
Нарадзіўся 27 траўня 1990 году ў Менску. Пасьля сканчэньня сярэдняй школы № 177 паступіў на юрыдычны факультэт недзяржаўнага Менскага інстытуту кіраваньня. Навучаўся завочна. Пасьля падзей 19 сьнежня, па словах кіраўніцтва факультэта, выключаны не быў, але аўтаматычна патрапіў у акадэмічны адпачынак (не пасьпеў здаць адзін залік з-за арышту), аднаўленьне зь якога ў бліжэйшыя 1-2 гады наўрад ці магчыма. Хоць у той жа час хлопцу прыйшла афіцыйная позва на сэсію.
Храналёгія перасьледу
Затрыманы 19 сьнежня 2010 г. на Плошчы Незалежнасьці ў Менску, асуджаны на 15-суткавы арышт. Але 28 сьнежня стала вядома, што пастанова аб адміністратыўным арышце адмененая і Мікіта пераведзены ў статус абвінавачанага па справе аб масавых беспарадках. З Жодзінскага СІЗА яго перавялі ў менскую “Валадарку”, а за дзень да суду — у камеру да абвінавачаных у цяжкіх злачынствах.
29 сакавіка 2011 г. Мікіта Ліхавід асуджаны Партызанскім судом Менску да 3,5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Трымаў галадоўку супраць несправядлівага прысуду. Адбываў пакараньне ў Наваполацкай калёніі. Туды яго этапавалі 7 траўня 2011 г. а ўжо праз два дні ён патрапіў на 10 сутак у штрафны ізалятар. Адбыўшы гэта пакараньне, праз суткі зноў патрапіў у ШІЗА — на 15 сутак. Там ён сустрэў свой 21-ы дзень народзінаў. Такі “падарунак” адміністрацыя калёніі паднесла хлопцу за яго пратэст супраць несправядлівага судовага прысуду. У калёніі г. Наваполацку ён 5 разоў трапляў у карцэр, правёўшы ў ім агулам каля месяцу за адмову называць сябе падчас паверак “асуджаны Ліхавід” (замест гэтага казаў “незаконна асуджаны”). За гэта яго таксама зьмясьцілі на 3 месяцы ў камэру крытай турмы.
У ліпені 2011 г. маці палітвязьня Алена Ліхавід была затрыманая і асуджаная на 10 сутак арышту за ўдзел у маўклівых акцыях пратэсту ў Менску.
Памілаваны ў ліку іншых указам Лукашэнкі і вызвалены 14 верасьня 2011 г.