Андрэй Кім нарадзіўся 26 лютага 1986 г. у Менску. Скончыў Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, пасьля вучыўся на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Актывіст моладзевага і хрысьціянскага руху.
Храналёгія перасьледу
У дачыненьні да моладзевага актывіста Андрэя Кіма, аднаго з удзельнікаў акцыі прадпрымальнікаў 21 студзеня, заведзеная крымінальная справа па арт. 364 КК РБ (гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі), які прадугледжвае максымальнае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін да шасьці гадоў.
Варта адзначыць, што перад тым Андрэй Кім тройчы быў асуджаны паводле Адміністратыўнага кодэксу. Шторазу яго абвінавачвалі ў дробным хуліганстве і нецэнзурнай лаянцы. Першы раз — у часе ўдзелу ў выбарчай кампаніі Аляксандра Казуліна ў 2006 г., калі Андрэй атрымаў 12 сутак арышту. Другі раз — у 2007 г. пасьля сьвяткаваньня “Хэлоўіну” (7 сутак арышту). Так што затрыманьне 21 студзеня 2008 г. пасьля мітынгу прадпрымальнікаў было ўжо трэцім. Але пасьля гэтых “сутак” Андрэя Кіма абвінавацілі ў “гвалце альбо пагрозе гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі”. Спачатку 22 студзеня 2008 г. судзьдзя Цэнтральнага суду Менску Тацяна Паўлючук прызнала Андрэя Кіма вінаватым па двух артыкулах КаАП і вынесла пакараньне ў выглядзе 10 сутак адміністрацыйнага арышту і штрафу ў памеры 30 б.в. (1 млн. 50 тыс. рублёў). А пасьля заканчэньня тэрміну арышту, 31 студзеня, актывіст з “Акрэсьціна” быў дастаўлены на допыт у пракуратуру Цэнтральнага раёну сталіцы. Мерай стрыманьня абранае ўтрыманьне пад вартай, знаходзіўся ў СІЗА на вул. Валадарскага ў Менску.
22 красавіка 2008 г. судзьдзя Цэнтральнага райсуду Менску Алена Ільіна прызнала Андрэя Кіма вінаватым па ч. 1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўчыненьня гвалту ў адносінах да супрацоўніка праваахоўных органаў) і вынесла прысуд у выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін паўтара года з адбыцьцём пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму.
21 траўня 2008 г. стала вядома пра перавод Андрэя Кіма ў бабруйскую калёнію. Вызвалены згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі 20 жніўня 2008 г.
У сьнежні 2010 г. — удзельнік Плошчы. Таемна пакінуў Беларусь пасьля акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году, калі ў яго дома і на працы маці пачаліся ператрусы. Хаваўся ў Расеі, Польшчы, Нямеччыне, Летуве і Ўкраіне. Адзін зь нямногіх, хто вярнуўся.