Андрэй Кім: Вяртацца ў палітыку не збіраюся…

kim-300x200 Імя маладзёжнага актывіста Андрэя Кіма стала вядома шырокай грамадскасці ў 2008-м, пасля пратэстнай акцыі прадпрымальнікаў, якія не пагаджаліся з указам Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што на працу можна браць толькі блізкіх сваякоў.

На той час Андрэй Кім ужо меў у сваёй біяграфіі некалькі “сутачных адсідак”, звязаных з уласнай грамадскай дзейнасцю, а зімой 2008-га стаў адным з фігурантаў так званай “справы чатырнаццаці”.

Яго, як і многіх з тых, хто праходзіў па гэтай справе, абвінавацілі па артыкуле: “Гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі”, а таксама ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і ўдзеле ў гэтых дзеяннях.

Гэтая справа, шытая па меркаванні многіх праваабаронцаў белымі ніткамі, дайшла да суда, ніводнага апраўдальнага прысуду па ёй не было. Трапіў за краты і Андрэй Кім. Суддзя Алена Ільіна палічыла віну Андрэя даказанай і вынесла вердыкт — паўтара гады ў калоніі агульнага рэжыма.

Аднак ужо летам 2008-га, пасля спецыяльнага указа Аляксандра Лукашэнкі Андрэй Кім быў вызвалены.

Пасля вызвалення актывіст не спыніў сваёй грамадскай дзейнасці і ізноў трапіў за краты ў 2010-м, падчас прэзідэнцкай кампаніі. У тым жа годзе яму ўдалося эміграваць з Беларусі. Хлопец жыў ва Украіне і Расіі. Пасля вяртання ў Беларусь ён заняўся рэалізацыяй шэрага культурніцкіх і асветніцкіх праектаў, мэту якіх можна акрэсліць, як “пашырэнне беларускага на Беларусі”.

У інтэрвь’ю сайту palitviazni.info Андрэй распавёў пра сваё цяперашняе стаўлене да “справы чатырнаццаці”, пра тое, як яму ўдалося “збегчы” з турмы і патлумачыў, чаму не збіраецца вяртацца ў палітыку.

– Андрэй, давайце вернемся да падзей 2008-га. Зараз вы таксама выйшлі б на тую пратэстную акцыю, ведаючы, чым гэта для вас скончылася?

Адразу скажу, што я не разглядаю той свой учынак, як праяву нейкага гераізму. У нейкім сэнсе я добраахвотна стаў тады ахвярай абставін. На той час я быў лідарам моладзевай арганізацыі “Ініцыятыва”. Мы прынялі рашэнне падтрымаць той прадпрымальніцкі пратэст. І зараз усё тое, што тады са мной адбылося, я разглядаю, як Божую ласку. І затрыманне, і абвінавачванне, і прысуд — праз усё гэта мне трэба было прайсці. Менавіта ў турме я знайшоў для сябе Бога. Зараз я дакладна ведаю навошта жыву. Менавіта там, за кратамі, я шмат пра гэта думаў. Ведаеце, мне падаецца, што многія з нас жывуць па інерцыі. Мы робім нейкія справы, добрыя справы, але для таго, каб усё гэта пераасэнсаваць, нам можа і неабходна апынуцца ў такіх умовах, як апынуўся я.

– А навошта вам была патрэбна палітыка, дакладней ўдзел у акцыях, змаганне, рызыка ўласнай свабодай?

– Тут усё проста. Я чытаў у дзяцінстве правільныя кнігі, пачынаючы ад “Трох мушкецераў”, сканчваючы “Уладаром пярсцёнкаў”. Усе гэтыя кнігі – пра дабро і зло. І, калі жыць у гэтай парадыгме, і спрабаваць застацца прыстойным чалавекам, то бачна, што выбара асваблівага няма – за дабро трэба змагацца. Іначай проста ніяк. І гэтае змаганне ў нашых умовах нярэдка прыводзіць да такіх наступстваў, як знаходжанне ў турме. У кожнага чалавека свой выбар: ці хаваць галаву ў пясок да самага апошняга моманту, ці паспрабаваць перамагчы зло. Я свой выбар тады зрабіў, аб чым, зразумела, не шкадую.

– Што было самым складаным у турме?

– Самым складаным у турме, на маю думку, з’яўляецца невядомасць. Можна прыстасвацца да тых умоў, што там існуюць, можна звыкнуцца да распарадку, але нельга прызвычаіцца да невядомасці. Ты не ведаеш, што з табой будзе заўтра. Асабліва вострае адчуванне невядомасці да суда. Я помню, як атрымліваў у турме лісты, у якіх было напісана, што літаральна заўтра апынуся на свабодзе, маўляў, ёсць рашэнне “зверху”. І сапраўды – я на гэта спадзяваўся. Тады ўпарта хадзілі чуткі, што мяне вызваляць разам з Аляксандрам Казуліным, які апынуўся за кратамі пасля Плошчы-2006. Была нейкая дамоўленасць паміж замежнымі дыпламатамі і нашымі ўладамі, але Казулін выходзіць адмовіўся, бо быў вымушаны на тых умовах аўтаматычна адправіцца ў эміграцыю. Прытрымалі за кратамі і мяне. І гэтая нявызначанасць больш за усё з’ядала…

– У рэшцэ рэшт, вы апынуліся на волі і наступным разам патрапілі ў поле зроку сілавых структур у 2010-м..

– Для мяне гэта была поўная нечаканасць, бо на той момант да беларускай палітыкі я ніякага дачынення не меў і ніяк у ёй не ўдзельнічаў. Так, тады я ладзіў вулічныя акцыі, але без усялякага палітычнага падтэксту, без усялякай палітычнай агітацыі. Калі памятаеце, была такая гарадская забава — “бітва падушкамі”. Я быў яе арганізатарам. Туды прыходзіла па паўтары тысячы чалавек, і такія баі раз пораз збіралі куды больш людзей, чым акцыі апазіцыі. Хаця, яшчэ раз падкрэслю, ніякай задумкі вяртацца ў палітыку ў мяне не было.

– Атрымліваецца, што вас арыштавалі “на ўсялякі выпадак”?

– Я дагэтуль не ведаю, якімі мэтамі кіраваліся тыя, хто стаяў за маім арыштам зімой 2010 года. Можа быць, арышт адбыўся як раз з-за таго, што быў чалавек, які здольны проста так сабраць паўтары тысячы чалавек. Нашым сілавым структурам, напэўна, неабходна паказваць і дакладваць, што ёсць людзі, якія сваёй дзейнасцю нясуць пэўную пагрозу, хаця ніякай пагрозы я для палітычнага ладу ў краіне не ўяўляў. Хаця на плошчы ў 2010-м годзе быў, дзе атрымаў моцную траўму – мяне ўдарылі па галаве. Было страсенне мазгоў, памятаю, што нехта з высокіх міліцэйскіх чыноў мне тады паабяцаў: “На гэты раз ты сядзеш надоўга”. Вось так мяне ў чарговы раз арыштавалі і адправілі “на суткі”.

– Тады вам далі дзесяць сутак?

– Так, і яны, хутчэй за ўсё, сталі б пралогам да маёй чарговай доўгай адсідкі. Я помню дзень, калі тэрмін мой скончыўся і помню, як вызвалілі ўсіх, каму належыла выходзіць. Але памятаю і тое, што па загадзе маёра, які кантраляваў выхад на волю, мяне пакінулі ў камеры. “Ты застаешся”, – скамандваў ён. І я ляжаў у камеры, спяваючы наш гімн і чакаючы далейшага развіцця падзей. І тут пачаўся абход пустых камер. Для парадку… Рабіў яго іншы супрацоўнік, а той маёр, які загадаў мяне пакінуць за кратамі, некуды знік. Дык вось падчас абходу камер, калі па дакументах высветлілася, што я павінен быць на волі, правяраючы мяне і выпусціў. І я бег на волю ў адным шкарпэтку, паспяваючы на аўтазак, які вывозіў людзей з тэрыторыі. Вось так і адбыўся мой пабег з-за кратаў. Калі праваахоўнікі зразумелі, што “несправядліва” мяне выпусцілі, апомніліся і пачалі ладзіць аблаву. У адну з іх трапіў мой бацька, якога “вартавыя” прынялі за мяне. А мне ўдалося выехаць з Беларусі. Было гэта 31 снежня 2010 года. Спачатку я трапіў у Маскву, а потым перабраўся ў Кіеў. Эміграцыя мая цягнулася некалькі месяцаў.

– Калі вырашылі вярнуцца?

– Вярнуўся пасля таго, як у Беларусі ў тры разы абваліўся рубель – гэта быў той сігнал, што зараз у дзяржавы куды большыя праблемы, лавіць і саджаць мяне ізноў.

– Ці ёсць жаданне вярнуцца ў палітыку?

– Шчыра скажу – няма. Я – не палітык. У мяне няма жадання змагацца за ўладу, таму вяртацца ў палітыку я не збіраюся. На сёняшні дзень у апазіцыйнага палітыка ў Беларусі, на мой погляд, ёсць два шляхі – рэальна змагацца за ўладу, рызыкуючы ўсім што ў яго ёсць, ці “уманціравацца ў сістэму”, атрымліваць замежную фінансавую дапамогу і проста існаваць у гэтай сістэме. Многія з тых, хто раней змагаўся за ўладу, зараз проста “уманціраваліся”. Я не асуджаю ні першых, ні другіх. Проста такое становішча задавальняе і іх, і ўладу. Дык вось з двух агучаных шляхоў – ніводны не мой.

– Сваё пакліканне на сённяшні дзень вы знайшлі ў пашырэнні беларускага на Беларусі. Як поспехі?

– Беларуская мова – гэта мова тытульнай нацыі нашай краіны. Такое б тлумачэнне, напэўна, было б дзіўным у любой іншай краіне, але мы маем тое, што маем. Сёння беларуская мова, на жаль, – гэта мова меншасці, але актыўнай меншасці. Калі мы хочам, каб беларуская мова шырылася, прадстаўнікі беларускамоўнай меншасці павінны гэтаму спрыяць. Я вось лічу, напрыклад, што кожны беларускамоўны чалавек проста абавязаны запраўляць машыну ў сетцы заправак “А-100”, праца якой разлічана на беларускамоўных кліентаў. Не палічыце за рэкламу, але мы павінны падтрымліваць адзін аднаго. Што тычыцца майго ўнёску ў беларускую справу, то зараз я аформіўся індывідуальным прадрпрымальнікам, працую над праектам “Кінаконг”. Гэта агучка фільмаў на беларускую мову. Да працы ў праекце мы прыцягваем беларускамоўных акцёраў. Таксама зараз ідзе збор сродкаў для выдання “Хронік Нарніі” па-беларуску. Мяркуем выдаць прыгожую кінгу ў добрым аздабленні. Мне гэта цікава, мяне гэта захапляе. І я б не стаў казаць высокія словы, што гэта мой унёсак у пашырэнне Беларушчыны. Проста я займаюся справай, якую лічу добрай і карыснай.

palitviazni.info

- у навінах

 

Іншыя палітычныя вязьні

  • Віталь Рымашэўскі
  • Юрый Хадыка
  • Аляксандар Казулін
  • Павал Сырамолатаў
  • Андрэй Клімаў