Андрэй Клімаў

Андрэй Клімаў — вядомы бізнэсовец, дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня, сябра адмысловай парлямэнцкай “Камісыі па прававой ацэнцы парушэньняў Прэзыдэнтам РБ А. Лукашэнкам Канстытуцыі і законаў РБ”. Адзін з ініцыятараў імпічмэнту прэзыдэнту Лукашэнку ў лістападзе 1996 г. Сябра АГП.

Па палітычных матывах Андрэй Клімаў быў зьняволены тройчы.

Нарадзіўся 17 верасьня 1965 году ў Менску. Скончыў Львоўскую пажарна-тэхнічную вучэльню МУС (1986 г.). Служыў у органах унутраных справаў (1983-1991 гг.), быў дырэктарам малога прадпрыемства (Менск), старшынём праўленьня акцыянэрнага таварыства “Андрэй Клімаў і К°” (1991-1996 гг.).

У сярэдзіне 1990-х гадоў Андрэй Клімаў уваходзіў у пяцёрку самых вядомых беларускіх прадпрымальнікаў. Андрэй Клімаў узначальваў акцыянэрнае таварыства “Андрэй Клімаў і К°”, якое займалася будаўніцтвам, выконвала буйныя дзяржаўныя замовы, а таксама банк і газэту. Быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня (быў сябрам Камісыі па эканамічнай палітыцы і рэформах).

Храналёгія перасьледу

Пасьля рэфэрэндуму 1996 г. пачаліся масіраваныя праверкі прадпрымальніцкай дзейнасьці фірмы. Дзеля таго, каб знайсьці кампрамат, былі задзейнічаныя супрацоўнікі КДБ, МУС, Савету бясьпекі РБ, Адміністрацыі прэзыдэнта.

11 лютага 1998 г. Андрэй Клімаў быў арыштаваны і абвінавачаны па двух крымінальных артыкулах: 91 ч. 4 КК РБ — “крадзеж у асабліва буйных памерах” і 151 ч. 2 КК РБ — “парушэньне парадку ажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці, учыненае па папярэдняй змове”. У СІЗА Клімаў абвесьціў галадоўку на знак пратэсту супраць парушэньня Канстытуцыі 1994 году, згодна зь якой ён меў права дэпутацкай недатыкальнасьці. У адпаведнасьці з Законам РБ “Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь” ад 21 сьнежня 1994 г., арт. 106, “дэпутат Вярхоўнага Савету ня можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці, арыштаваны, іншым спосабам пазбаўлены асабістай свабоды бяз згоды Вярхоўнага Савету, акрамя выпадкаў затрыманьня на месцы ўчыненьня злачынства. Крымінальная справа супраць дэпутата ВС можа быць узбуджаная Генэральным пракурорам са згоды ВС, а ў перыяд паміж сэсіямі — са згоды Прэзыдыюма ВС”. Вярхоўны Савет 13-га скліканьня некалькі разоў патрабаваў, наадварот, вызваліць дэпутата Клімава з-пад незаконнага арышту.

Незадоўга да свайго арышту Андрэй Клімаў як дэпутат напісаў і размножыў ліст-зварот да кіраўнікоў рознага рангу з інфармацыяй аб парушэньнях прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам Канстытуцыі і законаў РБ. Ліст таксама зьмяшчаў папярэджаньне аб адказнасьці і заклік не выконваць указаў Лукашэнкі, які ў лістападзе 1996 г. учыніў дзяржаўны пераварот. У лісьце Клімаў нагадваў пра нелегітымнасьць рэфэрэндуму 1996 г. Яго арыштавалі на наступны дзень пасьля паседжаньня камісыі, якая абвесьціла, што існуюць дастатковыя юрыдычныя падставы для пачатку новай працэдуры імпічмэнту. У часе сьледства Клімаў адмаўляўся ад паказаньняў, матывуючы гэта незаконнасьцю свайго ўтрыманьня пад вартай.

Пасьля году і 5 месяцаў сьледзтва ў жніўні 1999 г. пачаўся суд. Да абвінавачваньняў дадаліся яшчэ два артыкулы: арт 171 КК РБ — “службовы падлог” і арт. 150-2 — “выманьваньне крэдыту альбо датацый”. 13 сьнежня 1999 г. Клімаў быў жорстка зьбіты і сілай дастаўлены ў Ленінскі райсуд Менску на слуханьне яго справы. Папярэдняе мэдычнае заключэньне лекараў “хуткай дапамогі” выявіла чэрапна-мазгавую траўму і траўму жывата. 24 сьнежня Пракуратура РБ адмовілася ўзбуджаць па гэтым факце крымінальную справу.

17 сакавіка 2000 г. Андрэю Клімаву вынесены прысуд у 6 гадоў пазбаўленьня волі. 25 сакавіка 2002 году выйшаў на волю па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні.

Другі раз быў арыштаваны ў сакавіку 2005 г. за акцыю “Рэвалюцыя” перад Днём Волі на Кастрычніцкай Плошчы Менску. Пасьля перамогі “памаранчавай” рэвалюцыі ва Ўкраіне Андрэй Клімаў абвясьціў, што беларуская рэвалюцыя адбудзецца 25 сакавіка 2005 г. Улады разагналі арганізаваную ім 25 сакавіка акцыю пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. 10 чэрвеня 2005 г. суд прызнаў Клімава вінаватым у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, і пакараў яго абмежаваньнем волі на адзін год і шэсьць месяцаў. Вызвалены 22 сьнежня 2006 г.

Трэці раз Клімаў быў зьняволены 3 красавіка 2007 г. за “заклікі да зьвяржэньня дзяржаўнага ладу”, якія нібыта ўтрымліваў ягоны артыкул, апублікаваны на сайце “Хартыя-97” (арт. 361 КК РБ, па якім у Беларусі судзілі ўпершыню). Прысуд таемна вынесены ў жніўні 2007 г. Цэнтральны судом Менску: 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Журналістам стала вядома пра прысуд толькі празь месяц, дагэтуль ім хлусілі, што справа Клімава ўсё яшчэ расьледуецца. Адбываў пакараньне ў Мазырскай калёніі ўзмоцненага рэжыму. Вызвалены 15 лютага 2008 г. згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі.


Усе навіны зьвязаныя з асобай

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Арцём Пракапенка
  • Вадзім Кабанчук
  • Сяргей Вазьняк