Андрэй Клімаў: З тэрарыстамі трэба змагацца ўсім светам

Клімаў Андрэй Беларускія былыя палітвязні выказваюць спачуванні пацярпелым у тэракце ў Парыжы ды іхнім блізкім.

Мікалай Статкевіч напісаў пра гэта на сваёй старонцы ў «Фэйсбук»:

«Смуткую разам з блізкімі ахвяраў тэрактаў у Парыжы. Спачуваю пацярпелым і тым, хто прайшоў праз гэта пекла. Веру, што французскі народ звернецца да прыкладу знакамітых герояў свайго мінулага і знойдзе ў сабе сілы годна прайсці праз гэта выпрабаванне, не ахвяруючы уласнымі прынцыпамі ды ідэаламi. Арганізатарам бойні няма месца сярод жывых. Францыя, сёння мы з табой!»

Былы палітвязень Андрэй Клімаў таксама смуткуе разам з Францыяй і распавядае сайту palitviazni.info пра сваё стаўленне да той жудаснай трагедыі, якая скаланула свет, і ўрокі, якія павінна зрабіць Беларусь.

– Адбылася трагедыя, зараз шмат людзей абмяркоўваюць яе, – кажа Андрэй Клімаў. – І давайце будзем аб’ектыўнымі: лічыць эмігрантаў ворагамі цывілізацыі – гэта не паважаць гісторыю. Ёсць дзяржавы, якія пабудаваны выключна на эмігрантах. У ЗША большасць палітыкаў, грамадскіх дзеячаў і навукоўцаў – ірландцы. І ў той жа час усе мы ведаем, што ў Ірландыі існуе тэрарызм. Таму не варта ўсіх грэсці пад адзін грабянец. Іншая справа, што зараз пад відам эмігрантаў могуць быць правакатары, якія дэстабілізуюць сітуацыю. Не трэба забывацца, што Францыя разам з калегамі па кааліцыі ў НАТА змагаецца супраць тэрарыстаў у Сірыі. Але думаць, што вайна будзе ісці толькі на тэрыторыі ворага, не даводзіцца. У Сірыі перасякліся інтарэсы многіх, усё ідзе адтуль. Не трэба забывацца і пра тое, што ёсць яшчэ сіла, якая не з’яўляецца на экранах. Гэта тайнае нафтавае лобі, якое зацікаўлена ў эскалацыі канфлікта, каб нейкім чынам стрымаць падзенне коштаў на нафту, якія ў апошні час знізіліся ў тры разы! Калі паглядзець на праблему глыбей, то, мяркую, можна нават выйсці на крыніцы фінасавання тэрактаў. А аналітыкі ўсё хочуць перакінуць на рэлігію. Ды трэба быць вар’ятам, каб лічыць ворагам рэлігію. Сама па сабе рэлігія – гэта не зброя.

– Якія ўрокі з трагедыі павінна зрабіць для сябе Беларусь?

– У першую чаргу павінна быць не замоўчванне балючых для грамадства пытанняў, а іх шырокае абмеркаванне. Неабходны свабода слова і жывы дыялог з грамадствам. Сёння некаторыя пасля тэракту кажуць: Еўропа, маўляў, дагулялася са сваёй свабодай. А што, у Расіі няма тэрактаў? У Беларусі не было выбухаў і загінулых у метро? З тэрарыстамі вельмі складана змагацца. Але рабіць гэта трэба сумеснымі намаганнямі. Усім светам. Беларусі трэба быць больш адкрытай для Еўропы.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні