Аляксандар (Алесь) Віктаравіч Бяляцкі нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў мястэчку Вяртсіля Сартавальскага раёну Карэліі, куды ягоныя бацькі выехалі зь Беларусі на заробкі.
У 1964 годзе бацька Віктар Усьцінавіч і маці Ніна Аляксандраўна вярнуліся ў Беларусь. Месцам жыхарства сям’я абрала малады горад Сьветлагорск. У Сьветлагорску Алесь скончыў сярэднюю школу № 5.
У 1979 годзе паступіў на гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, дзе распачаў літаратуразнаўчую і грамадзкую дзейнасьць. У 1984 г. атрымаў дыплём выкладчыка філялёгіі. Перад паступленьнем у асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі Навук БССР працаваў настаўнікам ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласьці.
У 1984 годзе Аляксандра Бяляцкага прызвалі ў савецкае войска. Служыў пад Сьвярдлоўскам мэханікам-кіроўцам браніраванага цягача ў артылерыйскім зьнішчальным супрацьтанкавым батальёне. Пасьля вяртаньня з войска працягваў вучобу ў асьпірантуры, займаўся навуковай, літаратурнай і грамадзкай дзейнасьцю.
У 1986 годзе Бяляцкі быў адным са стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”, потым быў абраны старшынём гэтай арганізацыі (1986-1989 гг.).
У 1988 г. выступіў адным з заснавальнікаў таварыства “Мартыралёг Беларусі», быў сябрам Арганізацыйнага камітэту Беларускага народнага фронту “Адраджэньне”, сакратар Управы (1996-1999 гг.), намесьнік старшыні (1999-2001 гг.) БНФ “Адраджэньне”, зьяўляўся заяўляльнікам адной з першых масавых акцый “Дзяды”. У 1990 годзе выступіў адным з арганізатараў Беларускай Каталіцкай Грамады.
Асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі Навук БССР скончыў вясной 1989 году, ад абароны кандыдацкай дысэртацыі адмовіўся. На яе аснове ў 1991 годзе выдаў манаграфію “Літаратура і нацыя”. Непрацяглы час працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам Музэю гісторыі беларускай літаратуры. У выніку конкурсу ў 1989 годзе быў абраны дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча. На гэтай пасадзе працаваў да 1998 году. Пад яго кіраўніцтвам была адчыненая экспазыцыя літаратурнага музэю і трох яго філіяў.
У 1991-1995 гадах Бяляцкі зьяўляўся дэпутатам Менскага гарадзкога савету. У 2000-2004 гадах — старшыня Працоўнай групы Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі, з 2004 г. па сёньняшні час — намесьнік старшыні.
Алесь Бяляцкі зьяўляецца дзейным сябрам творчых саюзаў: “Саюз беларускіх пісьменьнікаў” (з 1995 г.), Беларускага Пэн-цэнтру, “Беларускай асацыяцыі журналістаў”. У 2006 годзе выдаў кнігу нарысаў і эсэ “Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера”.
Ад 1996 г. зьяўляеца старшынём Праваабарончага цэнтру “Вясна”, які ў 2003 г. быў пазбаўлены дзяржаўнай рэгістрацыі рашэньнем Вярхоўнага Суду. Фактычна гэта азначала ліквідацыю арганізацыі.
У 2007 годзе Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў ліквідацыю праваабарончага цэнтру “Вясна” парушэньнем свабоды асацыяцыяў сяброў арганізацыі і рэкамендаваў узнавіць у правах Алеся Бяляцкага і ягоных калегаў. У 2007, а потым двойчы ў 2009 годзе былі прадпрынятыя безпасьпяховыя спробы рэгістрацыі арганізацыі ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Партнэрамі “Вясны” сёньня зьяўляюцца больш за 15 міжнародных і замежных праваабарончых арганізацый, а сам праваабарончы цэнтар прыняты ў два міжнародныя аб’яднаньні: “Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека” (The International Federation for Human Rights – FIDH) і “Эўрапейская сетка арганізацыі па назіраньню за выбарамі” (ENEMO).
У 2007 годзе Алесь Бяляцкі быў абраны віцэ-прэзыдэнтам FIDH. Алесь Бяляцкі двойчы вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міру: у 2006 і 2007 гадах. Трэці раз такое вылучэньне адбылося ўжо пасьля яго арышту ў 2011 годзе.
Мужная і пасьлядоўная пазыцыя Алеся Бяляцкага па адстойваньні правоў чалавека ў Беларусі і ва ўсім сьвеце адзначалася многімі міжнароднымі ўзнагародамі. Так, у 2006 годзе ён быў узнагароджаны Швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангэра, Прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава (Нарвэскі Хэльсынкскі камітэт), Прэміяй Homo Homini арганізацыі People in Need (арганізацыя “Чалавек у бядзе”). Муніцыпалітэт гораду Генуя (Італія) ў 2010 годзе надаў Алесю Бяляцкаму званьне “ганаровы грамадзянін Генуі”.
У 2011 годзе ПЦ “Вясна” пад кіраўніцтвам Алеся Бяляцкага ўганараваны Прэміяй Свабоды Атлянтычнай Рады ЗША.
Храналёгія перасьледу
Алесь Бяляцкі застаецца пад арыштам з 4 жніўня 2011 г. Яму выставілі абвінавачаньне на падставе часткі 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу РБ — “утойваньне прыбыткаў у асабліва буйным памеры”. Фармальнай падставай для крымінальнага перасьледу праваабаронцы стала інфармацыя пра ягоныя рахункі ў замежных банках, перададзеная ўладам Беларусі Міністэрствам юстыцыі Літвы ды Генпракуратурай Польшчы. Улады гэтых краінаў публічна папрасілі прабачэньня ў Бяляцкага і ягоных сваякоў, а таксама прыпынілі кантакты зь Беларусьсю ў межах дамоваў аб прававой дапамозе.
Вызваленьня Бяляцкага патрабуюць беларускія і міжнародныя праваабарончыя структуры, кіраўніцтва Эўразьвязу, ЗША і шэрагу іншых дэмакратычных краінаў.
Утрымліваўся ў СІЗА Менску па вул. Валадарскага. 24 лістапада 2011 г. асуджаны Першамайскім судом Менску на 4,5 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. 1 сьнежня 2011 г. (пасьля прысуду, але яшчэ да разгляду касацыйнай скаргі) быў пераведзены ў Жодзінскую турму № 8.
17 лютага 2012 г. стала вядома аб пераводзе Бяляцкага з Жодзіна ў папраўчую калёнію г. Бабруйску, а пазьней — што этап праходзіць празь менскую “Валадарку”, дзе ён прабыў да 28 лютага. Зараз адбывае пакараньне ў Бабруйскай калёніі.
У чэрвені 2012 г. зьявіліся зьвесткі пра кампанію маральна-псыхалягічнага ціску супраць Алеся з боку адміністрацыі калёніі. З сакавіка па чэрвень 2012 года Алесь Бяляцкі атрымаў тры вымовы, адна зь якіх прывяла да страты права наведваньня яго сваякамі. У чэрвені 2012 г., пасьля трох вымоваў, праваабаронца быў названы “злосным парушальнікам”, што прывяло да пазбаўленьня яго права на амністыю 2012 года. У жніўні 2012 года ён атрымаў яшчэ дзве вымовы за нязначныя парушэньні рэжыму. Алесь Бяляцкі быў часова пазбаўлены права атрымліваць перадачы з волі. Агулам у выніку накладзеных спагнаньняў забарона на атрыманьне харчовых перадачаў дзейнічала амаль 8 месяцаў. Апроч таго, палітвязень быў пазбаўлены доўгатэрміновага і кароткатэрміновага спатканьняў са сваёй сям’ёй.
Алесь Бяляцкі быў нечакана вызвалены з папраўчай калёніі № 2 г. Бабруйска 21 чэрвеня 2014 года – у дзень уступленьня ў сілу Закона “Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. За кратамі ён правёў 2 гады, 10 месяцаў і 17 дзён.