Зьміцер Бандарэнка

Грамадзкі актывіст, сябра ГА “БАЖ”. Нарадзіўся 28 верасьня 1963 году ў Менску. У 1984 г. скончыў Інстытут фізычнай культуры. У 1995-1996 гг. працаваў на незалежным Радыё 101,2 FM, пазьней зачыненым уладамі. Адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя-97”, каардынатар грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь”.  Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 быў актывістам штабу кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава.

Храналёгія перасьледу

Быў арыштаваны 20 сьнежня 2010 г. ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. У канцы сьнежня 2010 г. яму прад’яўленае абвінавачаньне па крымінальнай справе, узбуджанай сьледчым упраўленьнем папярэдняга рассьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзел у іх). 4 красавіка 2011 г. абвінавачваньне перакваліфікаванае на ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзел у іх).

26 красавіка 2011 г. асуджаны на 2 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Падчас зьняволеньня перанёс складаную апэрацыю на пазваночніку, пасьля якой ня змог належным чынам аднавіць сілы, стан яго здароўя моцна пагоршыўся. У палітыка пасьля арышту дыягнаставалі некалькі грыжаў дыскаў хрыбетніку і ўшчамленьне сьпіннамазгавых нэрваў. 25 ліпеня 2011 г. Зьміцера Бандарэнку даставілі з Рэспубліканскай турэмнай бальніцы на вуліцы Валадарскага ў 5-ю бальніцу Менску, дзе на наступны дзень зрабілі апэрацыю. 17 жніўня 2011 г. палітвязень быў пераведзены з 5-й клінічнай бальніцы Менску назад у Рэспубліканскую турэмную бальніцу, якая месьціцца на тэрыторыі СІЗА па вул. Валадарскага. 1 верасьня 2011 г. стала вядома пра тое, што Бандарэнку этапавалі з “валадаркі” у калёнію № 15 ў г. Магілёў.

29 студзеня 2012 г. стала вядома пра пагаршэньне ўмоваў утрыманьня Зьміцера ў калёніі. Напрыклад, з 30 студзеня ў яго канфіскавалі мыліцы і артапэдычны абутак. Нейкі час Зьміцер ня мог хадзіць і з цяжкасьцю рухаўся толькі з дапамогай кійка.

15 красавіка 2012 г. вызвалены паводле ўказу аб памілаваньні.


Усе навіны зьвязаныя з асобай

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Завадскі
  • Міхаіл Пашкевіч
  • Сяргей Вазьняк
  • Алег Корбан