Таццяна Равяка: Новай крымінальнай справы супраць Бандарэнкі не павінна быць наогул

Былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн» Андрэй Бандарэнка, якога асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, чакае суда па новай крымінальнай справе, што была ўзбуджана супраць яго. Чым ён можа скончыцца?

“Зараз трэба дамагацца, каб ва ўсіх была магчымасць патрапіць на працэс, які збяруцца праводзіць альбо ў турме, альбо, каб пасяджэнні праходзілі ў звычайным судзе”, – кажа праваабаронца Таццяна Равяка.

Нагадаем, Андрэй Бандарэнка – былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Як паведамляе spring96.org, бягучы тэрмін пакарання ў Бандарэнкі заканчваецца 31 сакавіка 2017 года. Аднак калі яго прызнаюць вінаватым па крымінальнай справе, якая заведзена супраць яго за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, ён можа атрымаць яшчэ да двух гадоў зняволення. 11 студзеня Андрэю Бандарэнку было прад’яўлена канчатковае абвінавачванне па ч.2 арт 411 УК – “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства”. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Тым часам, Андрэй Бандарэнка, які зараз адбывае пакаранне ў Магілёўскай турме №4, 16 студзеня абскардзіў у раённым судзе Шклова пастаноўку на прафілактычны ўлік як асобы, «схільнай да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяваў». Пра гэта паведамляе сайт mspring.online.

– Зараз “справа Бандарэнкі” перададзена ў пракуратуру для падрыхтоўкі і перадачы ў суд, – распавядае сайту palitviazni.info праваабаронца Таццяна Равяка. – Бліжэйшымі днямі павінна быць прызначана дата першага судовага пасяджэння, і ужо тады будзем разбірацца, якім чынам нам можна будзе патрапіць на яго.

На сёння праблема ў тым, што Андрэй Бандарэнка знаходзіцца ў турме. Некаторыя іншыя працэсы па аналагічных абвінавачваннях (тая ж справа былога палітвязня Мікалая Дзядка) адбываліся на тэрыторыі турмы. Тады на рэжымную тэрыторыю прапусцілі толькі жонку Мікалая і яго бацьку. На працэс не маглі патрапіць ні журналісты, ні прадстаўнікі грамадскасці, хаця сам суд быў адкрытым. Адным словам, была штучна створана забарона. Таму зараз трэба дамагацца, каб ва ўсіх была магчымасць патрапіць альбо на суд, які збяруцца праводзіць у турме, альбо, каб працэс праходзіў у звычайным судзе.

– Улічваючы так званую лібералізацыю, якая адбываецца апошнім часам у краіне, можа не варта чакаць, што праваабаронцу могуць дадаць новы тэрмін зняволення?

–  Абвінавачванне прад’яўлена, і гэта безумоўны факт. Але новай крымінальнай справы супраць Бандарэнкі не павінна быць наогул, бо падставы, якія леглі ў аснову абвінавачвання (спагнанні, што выносіліся асуджанаму), шчыра кажучы, “прыцягнутыя за вушы”. Там няма ніводнага спагнання, у аснове якога былі б дзеянні нейкага гвалтоўнага ці канфліктнага характару. Ёсць дробныя парушэнні, за якія і хочуць даць новы тэрмін зняволення.

Да таго ж, мы выступаем супраць артыкула 411, таму што ў такім выпадку чалавек караецца двойчы. Спачатку ён панёс дысцыплінарнае спагнанне, а затым яго прыцягваюць яшчэ і да крымінальнай адказнасці. У 2015 годзе Праваабарончы цэнтр “Вясна”, дарэчы, звяртаўся ў Палату прадстаўнікоў з прапановай адмяніць гэты артыкул, але тады дэпутаты не падтрымалі нашую пазіцыю. Але тое, што ў такой сітуацыі парушаюцца правы чалавека – гэта дакладна. Трэба рабіць сістэмныя крокі, каб артыкул 411 не ўжываўся і не прысутнічаў у Крымінальным кодэксе.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Сяргееў
  • Андрэй Пазьняк
  • Леанід Сьвецік
  • Эдуард Пальчыс
  • Аляксей Бондар