Леанід Сьвецік

Праваабаронца зь Віцебску. У 2009 годзе супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа нібыта за распаўсюд пісьмовых матэрыялаў ад імя РНЕ — “Русского национального единства” — з экстрэмісцкім зьместам.

У 2006-2007 гадах Леанід Сьвецік кансультаваў віцебскіх актывістаў, якія атрымлівалі лісты з пагрозамі ад імя незарэгістраванай прафашыстоўскай арганізацыі “Русское национальное единство”, дапамагаў складаць скаргі ў пракуратуру.

Храналёгія перасьледу

Крымінальная справа па фактах пагрозаў з боку РНЕ была распачатая УКДБ па Віцебскай вобласці па арт. 130.1 КК толькі 20 мая 2008 года. Леанід Свецік быў згаданы спачатку ў якасці сведкі па справе, аднак cа здзіўленнем даведаўся, што ён з’яўляецца ўжо падазраваным. Супраць Леаніда Сьвеціка высунутыя абвінавачванні ў распальванні міжнацыянальнай і рэлігійнай варожасьці.

У верасьні 2008 году крымінальная справа супраць Леаніда Сьвеціка была прыпыненая, а 31 сакавіка 2009 году праваабаронцу было прад’яўленае абвінавачваньне адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: распальваньне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці (арт. 130 Крымінальнага кодэксу) і паклёп у адносінах да прэзыдэнта Беларусі (арт. 367 Крымінальнага кодэксу). У праваабаронцы ўзятая падпіска аб нявыезьдзе. Сваёй віны Леанід Сьвецік не прызнаў і заявіў, што такім чынам яму помсьцяць за праваабарончую дзейнасьць. Крымінальная справа налічае 11 тамоў.

Пракурор Сяргей Селіханаў запатрабаваў для праваабаронцы два гады калёніі агульнага рэжыму.

16 ліпеня суд прызнаў, што Леанід Сьвецік нібыта меў непасрэднае дачыненьне да напісаньня і распаўсюджваньня гэтых лістоў. Паводле высноваў судзьдзі Урбановіч, такім чынам Сьвецік вырашаў асабістыя справы.

Актывісты апазыцыі, якія ў справе «лістоў ад РНЕ» фігуравалі як пацярпелыя, заявілі падчас судовых спрэчак, што ня вераць у віну Леаніда Сьвеціка. Па іх меркаваньні, праваабаронца, які разам зь імі патрабаваў знайсьці тых, хто на працягу 2006-2007 гадоў рассылаў ім і іншым вядомым у горадзе людзям лісты з пагрозамі, сьвядома вінавацяць у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці, каб дыскрэдытаваць увесь праваабарончы рух.

Падчас суду адвакат Леаніда Сьвеціка Павал Сапелка назваў справу супраць свайго падабароннага «страшнай правакацыяй». У сваім выступленьні ён адзначыў парушэньні, якія дапушчаліся падчас папярэдняга сьледзтва і судовага працэсу. Ён таксама прапанаваў, каб судзьдзя Галіна Урбановіч апраўдала праваабаронцу на той падставе, што ягоная віна судом не даказаная.

Таксама ў пачатку красавіка міжнародны фонд па абароне праваабаронцаў «Front Line» накіраваў ліст Аляксандру Лукашэнку з патрабаваньнем спыніць крымінальны перасьлед праваабаронцы Леаніда Сьвеціка.

Праваабаронцу Леаніду Сьвеціку вынеслі прысуд – велізарны штраф. Судзьдзя Віцебскага абласнога суду прызнала яго вінаватым у «распальваньні рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці». 16 ліпеня 2009 году Леанід Сьвецік быў аштрафаваны на 31 мільён беларускіх рублёў (10 890 даляраў ЗША).

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Іван Шыла
  • Аляксандар Казулін
  • Яўген Скочка
  • Уладзімер Сяргееў
  • Аляксандар Класкоўскі