Іван Шыла

Моладзевы актывіст Іван Шыла нарадзіўся ў г. Салігорску Менскай вобласьці 25 лістапада 1990 году. Яшчэ падчас навучаньня ў сярэдняй школе ўступіў у “Малады Фронт”. Быў (разам з бацькам Уладзімерам і братам Ільлём) удзельнікам намётавага мястэчка на Плошчы Каліноўскага ў Менску ў 2006 г.  — за гэта ўсе трое патрапілі ў Жодзінскі СІЗА і былі асуджаныя на “суткі”.

Пасьля сканчэньня школы ў Салігорску паступіў ва ўнівэрсытэт у Польшчы, пасьпяхова абараніў дыплём бакаляўра і працягвае адукацыю.

Храналёгія перасьледу

Крымінальная справа ў дачыненьні да непаўнагадовага моладзевага актывіста з Салігорску Івана Шылы была ўзбуджаная 10 траўня 2007 г. пракуратурай Менскай вобласьці па арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя дзейнасьці аб’яднаньня, фонду ці рэлігійнай арганізацыі, якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі, ці ўдзел у ёй).

Іван Шыла абвінавачваўся ў тым, што “дакладна ведаючы аб тым, што Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь моладзеваму грамадзкаму аб’яднаньню “Малады Фронт” адмоўлена ў дзяржаўнай рэгістрацыі, з 26 лістапада 2006 году ажыцьцяўляў незаконную арганізацыю дзейнасьці дадзенага аб’яднаньня і ўдзельнічаў у яго дзейнасьці пры наступных абставінах. Так, ён, зьяўляючыся кіраўніком структурнага падразьдзяленьня (суполкі) моладзевага грамадзкага аб’яднаньня “Малады Фронт” у г. Салігорску Менскай вобласьці і яго актывістам, для дасягненьня мэтаў, вызначаных статутам аб’яднаньня, прымаў актыўны ўдзел у мерапрыемствах аб’яднаньня, шэраг якіх былі арганізаваныя з ягоным непасрэдным удзелам:

  • па месцы свайго жыхарства не пазьней чым 11 траўня 2007 г. з мэтай уцягваньня ў аб’яднаньне новых сяброў, з дапамогай кампутарнай тэхнікі вырабіў візытоўкі і ўлёткі ад імя МГА “Малады Фронт”, у якіх указаў нумар свайго мабільнага тэлефону;
  • па месцы свайго жыхарства да 11 траўня 2007 г. захоўваў іншую атрыбутыку аб’яднаньня “Малады Фронт”: значкі з мэтай іх распаўсюду і ўцягваньня ў аб’яднаньне новых сяброў;
  • па месцы свайго жыхарства не пазьней 11 траўня 2007 г. з дапамогай кампутарнай тэхнікі склаў і вырабіў ад імя аб’яднаньня “Малады Фронт” брашуры з назвай “Свабоду палітычным вязьням” з указаньнем нумару свайго мабільнага тэлефону з мэтай уцягваньня ў аб’яднаньне новых сяброў і распаўсюджваў указаныя брашуры сярод жыхароў гораду Салігорску;
  • па месцы свайго жыхарства з дапамогай кампутарнай тэхнікі ад імя аб’яднаньня “Малады Фронт” вырабіў газэту “Свабодны Салігорск”, у якой распаўсюджваў інфармацыю пра дзейнасьць аб’яднаньня “Малады Фронт”, мерапрыемствы, якія ім праводзяцца, з указаньнем нумару свайго мабільнага тэлефону з мэтай уцягваньня новых сяброў і распаўсюджваў гэтую газэту сярод жыхароў гораду Салігорску;
  • у пэрыяд з 18 па 20 студзеня 2007 г. арандаваў кватэру ў г. Салігорску, дзе захоўваў друкаваную прадукцыю, плякаты і павязкі аб’яднаньня “Малады Фронт” для забесьпячэньня яго дзейнасьці;
  • па месцы свайго жыхарства 30 траўня 2007 г. склаў “План дзейнасьці Салігорскага “Маладога Фронту” на чэрвень-сьнежань 2007 г.”;
  • на рынку “Старавакзальны” ў г. Салігорску 4 студзеня 2007 г. каля 11.30 распаўсюджваў перадвыбарчыя ўлёткі ад імя МГА “Малады Фронт”;
  • па месцы свайго жыхарства ў пэрыяд з 15.10 да 15.49 па тэлефоне даў інтэрвію журналісту “Эўрапейскага радыё для Беларусі” і іншым журналістам аб арганізацыі і правядзеньні 20 студзеня 2007 г. пікетаў ад імя МГА “Малады Фронт”;
  • на цэнтральнай плошчы ў г. Салігорску Менскай вобласьці 20 студзеня 2007 г. каля 16 гадзінаў арганізаваў і правёў пікет ад імя МГА “Малады Фронт”, дэманструючы плакат “Свабоду Дашкевічу”;
  • зьвярнуўся 26 лютага 2007 г. у Салігорскі райвыканкам з заявай аб працы грамадзкага аўтатранспарту і па іншых пытаньнях, публічна зьвязваючы вынікі яе разгляду з дзейнасьцю аб’яднаньня “Малады Фронт”.

4 верасьня суд Салігорскага раёну з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы пракурора А. І. Чарнышэвіча разгледзеў крымінальную справу адносна Івана Шылы ў адкрытым судовым паседжаньні. Судзьдзя В. Н. Лапіна прызнала моладзевага актывіста вінаватым ва ўчыненьні крымінальнага злачынства, прадугледжанага арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь, і вынесла Івану Шылу судовую перасьцярогу.

Іван Шыла быў удзельнікам “Плошчы Каліноўскага” — пратэсту ў Менску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 г. Быў затрыманы, асуджаны на адміністратыўны арышт, які адбываў у Жодзінскім СІЗА разам з бацькам і братам.  У лютым 2012 г. адбыў 22 дні арышту за пікет у падтрымку зьняволенага Зьмітра Дашкевіча і ўдзел у летніх “маўклівых рэвалюцыях”.

У 2008 г. адбыўся экстраардынарны выпадак: за актыўную грамадзкую дзейнасьць Івана выключылі з 11-й клясы сярэдняй школы № 4 г. Салігорску.  Гэта было зроблена ў часе выпускных іспытаў, калі яму заставалася здаць адзін іспыт па ангельскай мове. У знак пратэсту супраць такога загаду звольнілася дырэктарка школы Вольга Сянькова.


Усе навіны зьвязаныя з асобай

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Юрый Хадыка
  • Вінцук Вячорка
  • Васіль Парфянкоў
  • Натальля Радзіна