Іван Шыла: “Гэта быў класны час, без сумневаў!”

Ён — адзін з наймаладзейшых палітвязьняў у гісторыі Беларусі, пачатак рэпрэсіяў супраць якога сягае ў часы непаўналецця. Што з тых часоў згадваецца Івану цяперашняму, даросламу? Як склалася жыццё харызматычнага маладога чалавека са сталіцы беларускіх шахцёраў, ці часта бывае ён у родным горадзе, урэшце, якой уяўляе будучыню?
— Іван, згадайма вашае юнацтва ў Салігорску. Хто вас падтрымліваў у той складаны час, калі адміністрацыя школы, міліцыя… здаецца, ледзь не ўвесь сьвет былі супраць вас аднаго — непаўналетняга школьніка? Як ставіліся суседзі, аднакласнікі, знаёмыя? Як гэта ўвогуле — быць аб’ектам рэпрэсіў у невялікім горадзе?
— Чэсна, вось зараз маю адчуванне, што той час не быў складаны. Я не асабліва перажываў наконт выключэння са школы. Мне было 17, была вясна, і я быў перакананы, што ўсё будзе добра. Зрэшты, так яно і атрымалася.
Было не так проста ўвосень, калі значная частка знаёмых паехала навучацца, бо ў мяне паступіць без атэстату не атрымалася, і прыйшлося заставацца ў Салігорску. Сумна было. Пасьля яшчэ дадалося войска, там давялося па-сапраўднаму перажываць, “заганяцца” і ледзь не плакаць. Асабліва першыя дні. Крыўдна было, што так выйшла. Але і там прыйшла вясна, прайшло некалькі месяцаў службы, зьмяніўся камбат і ўсё стала добра. Канешне, настолькі, наколькі гэта ў арміі магчыма.
— Вядома, што вы сталі некалі адным з першых фігурантаў спраў па артыкуле 193.1 — удзел у незарэгістраванай арганізацыі. У цэлым якую ролю тая справа адыграла ў вашым жыцці? Не здараецца, што вам хочацца шчыра падзякаваць ворагам за новы жыццёвы паварот?
— Крымінальная справа — вынік маёй дзейнасьці ў “Маладым Фронце”, даволі актыўнай, у Салігорску. Гэта быў класны час, без сумневаў. Мы многае рабілі, прыдумвалі, вандравалі, знаёміліся з людзьмі. Таму шкадаваць пра нешта не даводзіцца. І, канешне, я ў нейкай ступені ганаруся, што мяне судзілі разам з многімі іншымі цудоўнымі людзьмі.
— Зараз вы вучыцеся ва ўніверсітэце ў Польшчы. Якія планы на будучую прафесію, увогуле на жыццё? Вернецеся? У Беларусь, у Салігорск…
— Пасьля вучобы абавязкова вярнуся. Проста вучыцца зьбіраюся доўга. Вывучаю “Публічную адміністрацыю”, у мінулым месяцы абараніў дыплом бакалаўра на тэму “Мясцовага самакіравання ў Беларусі”. Падчас напісання працы ўсьвядоміў, наколькі мала надаецца ўвагі гэтаму пытанню, наколькі мала спэцыялістаў і аўтараў. Вось спадзяюся, што як адвучуся, на аднаго стане больш.
— Як у Польшчы зараз пачуваюцца беларускія студэнты, ці трымаюцца разам, ці гавораць на роднай мове — альбо, магчыма, на ангельскай, “глабалізуюцца”?
— Ёсць такі жартаўлівы малюнак: студэнт на першым курсе чуе рускую (заменім на беларускую) мову і падыходзіць да чалавека на вуліцы, каб проста павітацца, пазнаёміцца. На другім годзе ніяк не рэагуе. А на трэцім, калі ўжо яго нешта запытваюць па-руску (беларуску), ён робіць выгляд, што ведае толькі польскую. Мае адчуванні адносна беларускіх студэнтаў прыкладна такія. Людзі асімілююцца, чагосьці “нашага”, “беларускага” не існуе — імпрэзаў, мерапрыемстваў, падзеяў. Ёсьць агулам нейкае яднанне людзей з былога СССР, але беларусы наўрад нечым асаблівым выдзяляюцца. Апроч мовы: грузіны ці украінцы ўжываюць між сабой свае нацыянальныя мовы, мы — расейскую. А так мае назіранні зводзяцца да таго, што беларусы лёгка робяцца часткай польскай культуры і тусовак. Ну, а часта наогул праз пару месяцаў на ламанай польскай мове могуць сьцвярджаць, што яны палякі, бо прабабуля мела польскія дакуманты.
— Ці патрэбна ў Беларусі люстрацыя, і ці вы самі прабачылі б былых крыўдзіцеляў, калі б дэмакратычныя сілы перамаглі?
— Канешне, хочацца, каб людзі несьлі адказнасць за свае дзеянні. Прычым, за такія, якімі яны ламалі лёсы іншым, катавалі, арыштоўвалі. Аднак я не веру, што ў Беларусі магчыма прыцягнуць такую колькасць людзей да адказнасьці. Тут да фальсіфікацыі выбараў, можа, мільён чалавек меў дачыненне за 20 год. Таму я не веру ў люстрацыю ў нашай краіне. Будзе добра, калі будуць проста апублікаваныя дадзеныя, будзе агулам прызнана, што ў нас была дыктатура. І гэта будзе такая вось маральная адказнасьць. Кожны сам сабе будзе разумець, дзе і што ён рабіў. Магчыма, нехта сядзе. Кагосьці звольняць. Але гэта не будзе мець вялікіх памераў. Сумняюся, што Лукашэнка будзе калі-небудзь сядзець. Аднак гэта ўжо іншая тэма.
— З чым у вас асацыюецца Беларусь, калі вы не можаце яе наведаць працяглы час?
— Дом, бацькі, спакой. Агулам, стараюся бываць дома часьцей. Я кажу, падкрэсліваю: у Польшчы я вучуся, а не жыву. Гэта проста вучоба.
palitviazni.info

P.S. Рэдакцыя сайту palitviazni.info віншуе Івана Шылу з абаронай дыплёму і зычыць пасьпяховага працягу вучобы.

- у навінах

 

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Фядута
  • Міхаіл Чыгір
  • Сяргей Гумінскі
  • Андрэй Пачобут