
4 жніўня 2011 г. у межах крымінальнай справы, узбуджанай па ч.2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь – “утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры” – быў затрыманы старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі. Санкцыя ў межах артыкула, які інкрымінуецца Алесю Бяляцкаму, прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.Затрыманню вядомага праваабаронцы папярэднічалі ператрусы ў яго дома і на лецішчы, на офісе ПЦ “Вясна”.
Крымінальную справу ў дачыненні да Алеся Бяляцкага мы адназначна ўспрымаем як расправу і помсту за ягоную шматгадовую праваабарончую дзейнасць, а таксама як імкненне знішчыць Праваабарончы цэнтр “Вясна” і запалохаць увесь праваабарончы рух у Беларусі.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”:
1. Патрабуе неадкладнага вызвалення Алеся Бяляцкага і спынення крымінальнага пераследу ў адносінах да яго.
2. Заяўляе пра намер працягваць сваю працу, паколькі наша арганізацыя – гэта людзі, якія аб’яднаныя верай у важнасць сваёй місіі па абароне правоў і свабод грамадзянаў Беларусі.
3. Выказвае шкадаванне, што дзяржаўныя органы Літоўскай Рэспублікі стварылі спрыяльныя ўмовы для з’яўлення крымінальнай справы ў дачыненні да Алеся Бяляцкага.
4. Заклікае міжнародную супольнасць ужыць усе магчымыя сродкі палітычнага і прававога ціску на ўрад Беларусі ў мэтах вызвалення Алеся Бяляцкага і ўсіх палітычных вязняў.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” канстатуе, што рэпрэсіўныя дзеянні беларускіх уладаў вядуць да далейшай ізаляцыі краіны і ставяць Беларусь пад пагрозу магчымых эканамічных санкцый, віна за ўвядзенне якіх цалкам кладзецца на ўрад.
Мы выказваем падзяку ўсім калегам-правабаронцам, грамадcкім дзеячам, журналістам, усім грамадзянам Беларусі і іншых краін, якія выказваюць падтрымку Алесю Бяляцкаму і нашай арганізацыі.
spring96.org