Алесь Бяляцкі: Гэта быў няпросты і досыць трывожны год

Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі распавядае сайту palitviazni.info пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, палітычныя пераследы, пра тое, якім быў 2017-ы год, і чаго чакаць ад надыходзячага.

“Калі будзе сапраўды палітычная воля на шырокія грамадскія і палітычныя рэформы ў Беларусі, то адчуем і палёгку. А пакуль гэтага няма, то працягнем знаходзіцца ў стане перманентнага супрацьстаяння”, – кажа праваабаронца.

– Гэта быў няпросты і досыць трывожны год, – кажа Алесь Бяляцкі. – Усе мы памятаем, што вясной праходзілі масавыя сацыяльныя акцыі, якія, на жаль, не прывялі да дыялогу паміж грамадскасцю і ўладамі, а наадварот – выклікалі рэпрэсіі ў адказ. У гэтым годзе было рэпрэсавана больш за тысячу чалавек, з’явіліся новыя крымінальныя палітычныя справы, у краіне засталося смяротнае пакаранне. Ніяк не можа вырашыцца пытанне з абмежаваннем грамадзянскіх і палітычных правоў. Нам, як і раней, затыкаюць рот, не даюць магчымасці без страху выказацца, і гэта – ненармальная сітуацыя.

Так не мусіць быць у нармальным грамадстве. Няма павагі з боку ўладаў да простых людзей, да грамадскасці. А гэтая павага павінна быць. І яе мы павінны дабівацца самі.

Як мне падаецца, праблемы, якія былі ў гэтым годзе, хутчэй за ўсё, не знікнуць і ў наступным. Нам трэба змагацца за свае права, калі мы хочам, каб б на крок былі больш вольнымі і жылі ў больш дэмакратычнай атмасферы.

– Тое, што “справа патрыётаў” была спынена, – гэта станоўчы факт?

– Тут найперш трэба задацца пытаннем: “А навошта ўлады ўвогуле распачыналі гэтую справу?” Яна адыграла негатыўную ролю, бо адмыслова распачыналася падчас сацыяльных акцый. Відавочна, што асноўная мэта была – збіць узровень сацыяльных і палітычных пратэстаў. Гэтую правакацыю ўлады арганізавалі для ўзняцця ўзроўню страха ў грамадстве. І тое, што яе спынялі, яшчэ больш падкрэслівае палітычны падтэкст справы.

– Сёняшнюю сітуацыю некаторыя назвалі “жэстачайшай лібералізацыяй”, хаця Захад, відаць, ужо спакойна ставіцца да таго, што адбываецца ў Беларусі.

– Насамрэч сітуацыя з правамі чалавека ў краіне не стала лепшай, яна застаецца на ранейшым узроўні. Але змянілася іншае – у нашым рэгіёне ўвогуле сітуацыя пагоршылася. Расійска-украінскі канфлікт адбіваецца на многіх працэсах, якія праходзяць у постсавецкіх краінах. Вырас узровень пераследу дэмакратычнага грамадства. Гэтыя праблемы застаюцца і ў Азербайджане, і ў той жа Расіі. І гэта трывожныя сімптомы, таму што тое, што адбываецца ў іншых краінах, адбіваецца і на сітуацыі Беларусі.

– Ці можна сітуацыю ў Беларусі параўнаць з азербайджанскім варыянтам?

– У пэўнай ступені можна, хаця, калі паглядзець рэтраспектспектыўна, то мы, як на арэлях. То ў Азербайджане сітуацыя горшая, то ў нас. Мы гойдаемся туды-сюды, але адно аб’ядноўвае – і тут, і там мы бачым аўтарытарныя рэжымы, якія не даюць свайму народу вольна развівацца, заціскаюць волевыяўленне людзей.

– Як працавалася беларускім праваабаронцам у гэтым годзе?

– Досыць складана, бо старыя праблемы нікуды не зніклі. Гэта нерэгістрацыя правабараночых арганізацый, выцісканне іх з легітымнага поля, жаданне спецслужб падзяліць нас на больш лаяльных і менш лаяльных да ўладаў.

Таксама не вырашана праблема з беларускай праваабаронцай Аленай Танкачовай, якая мае расійскае грамадзянства. Як вядома, больш за два гады таму яе дэпартавалі з Беларусі, што называецца, выкінулі з краіны па вельмі фармальных прычынах. За гэты час праблема не вырашылася, хаця Алена неаднаразова звярталася ў беларускія органы ўлады. Ды і мы са свайго боку таксама пісалі такія звароты, называючы гэта пераследам праваабаронцаў за іх дзейнасць.

У 2017-м годзе беларускія праваабаронцы перыядычна пераследаваліся ўладамі. Гэта адбывалася вясной, калі нашы калегі з Гомеля, Віцебска, Маладзечна былі асуджаны да адміністрацыйнага арышту, сядзелі на “сутках”. У Мінску наогул 25 сакавіка адбыўся захоп офіса “Вясны”, тады было затрымана амаль 60 чалавек. Пры гэтым затрыманні праходзілі гвалтоўна, з жорсткім прымяненнем сілы. Гэта паказвае, што сілавыя структуры адносяцца да праваабаронцаў вельмі насцярожана, і ў любы момант гатовы ўжываць у дачыненні да нас гвалт. Напружанне ва ўзаемаадносінах застаецца.

– А ці ёсць у вас надзея, што ў наступным годзе нешта можа змяніцца ў лепшы бок?

– Мы з’яўляемся часткай беларускага грамадства, і ў лепшы бок нашая сітуацыя зменіцца тады, калі яна наогул зменіцца ў грамадстве. Гэта значыць, калі будзе сапраўды палітычная воля на шырокія грамадскія і палітычныя рэформы ў Беларусі, то адчуем і палёгку. А пакуль гэтага няма, то мы будзем знаходзіцца ў стане перманентнага супрацьстаяння. Але ўсё ж-такі будзем спадзявацца, што 2018-ы год дасць новыя магчымасці.

palitviazni.info

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

09.09.2020 “На гвалт і катаванні быў загад”. Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі прааналізаваў месяц, які пражыла краіна пасля выбараў

05.08.2020 “Усё гэта мне нагадвае нейкае дэжавю…” Дзевяць гадоў таму быў арыштаваны кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі

03.06.2020 Алесь Бяляцкі: Улады паказваюць, што не збіраюцца гуляць па правілах

07.05.2020 Алесь Бяляцкі: У Беларусі асноўны удар накіраваны на блогераў

09.04.2019 Алесь Бяляцкі: Пераслед незалежных СМІ у гэтым годзе толькі ўзмацніўся

21.03.2019 Алесь Бяляцкі: Няма ніякага сумневу, што справа Аюба Ціціева – палітычная

31.05.2018 Алесь Бяляцкі: Перакананы, што лідараў незалежнага прафсаюза не пасадзяць

30.03.2018 Алесь Бяляцкі: Рэпрэсіўныя механізмы працягваюць працаваць

22.03.2018 Алесь Бяляцкі: Улады зрабілі больш жорсткай тактыку рэпрэсій

28.12.2017 Алесь Бяляцкі: Гэта быў няпросты і досыць трывожны год

Іншыя палітычныя вязьні